§ 20–2. Асаблівасці станаўлення беларускай нацыі на мяжы ХІХ—ХХ стст.

3. Этнічная ідэнтыфікацыя насельніцтва Беларусі. Феномен «тутэйшасці»

Нацыянальная свядомасць, г. зн. усведамленне людзьмі сваёй прыналежнасці да пэўнай сацыяльна-этнічнай супольнасці, у большай часткі насельніцтва Беларусі доўгі час заставалася на нізкім узроўні. Пасля далучэння да Расійскай імперыі разам з этнонімам «беларус», які атрымаў распаўсюджванне толькі ў XIX ст., працягвалі існаваць мясцовыя саманазвы (напрыклад, палешукі), а таксама самаідэнтыфікацыя па канфесійнай прыкмеце (праваслаўныя — рускія, католікі — палякі).

Адсутнасць магчымасці самаідэнтыфікавацца па адносінах да ўласнай нацыянальнай дзяржавы спрыяла зацвярджэнню ў свядомасці беларусаў такога паняцця як «малая радзіма».

Малая радзіма беларуса — гэта куток зямлі, які належыць яму спрадвеку, да якога ён меў асаблівыя пачуцці і выказваў іх у сваіх песнях, паданнях, прыказках. Значнасць малой радзімы прадвызначыла аселасць беларусаў, адсутнасць імкнення пакідаць родныя мясціны. Пра гэта сведчыць той факт, што аж да XX ст. міграцыя была рэдкай з'явай для прадстаўнікоў беларускага этнасу.

Любоў да роднай зямлі дала штуршок развіццю такой рысы нацыянальнага менталітэту беларусаў як «тутэйшасць». Вытокі феномена «тутэйшасці» ляжаць у гістарычным мінулым беларускага народа і нашай краіны. Беларускія землі на працягу многіх стагоддзяў былі арэнай сутыкнення Захаду і Усходу, праваслаўя і каталіцызму, уваходзілі ў склад старажытнарускай дзяржавы, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі. У «бітвах» за ўласнае самавызначэнне нарадзілася беларуская «тутэйшасць» як універсальная мадэль самавызначэння ў палітычным становішчы, якое пастаянна змянялася. Вызначэнне «тутэйшыя» стала саманазвай тых мясцовых жыхароў, якім удавалася выжыць пасля разбуральных ваенных кампаній і захаваць сваю ідэнтычнасць. На пытанне аб сваёй нацыянальнай прыналежнасці беларускі селянін часта адказваў: «Я — тутэйшы», тым самым адрозніваючы сябе і ад палякаў, і ад рускіх. Беларускі селянін ідэнтыфікаваў сябе з адзіна непахісным, спрадвечным — з роднай зямлёй. Адказам «Я-тутэйшы» беларус здымаў усе наступныя пытанні адносна нацыі і веравызнання.

«Тутэйшасць» — гэта асаблівая жыццёвая пазіцыя карэннага беларуса, якому пастаянна прапаноўвалі вызначыцца з верай, нацыянальнасцю, мовай. У сітуацыі, калі на тэрыторыі краю суіснавалі вельмі блізкія, роднасныя культуры «тутэйшасць» была спосабам абароны самабытнасці народа і культуры, дапамагала захоўваць сваю нацыянальную асаблівасць і самабытнасць.

«Тутэйшасць» як глыбінная сувязь з месцам, як вынік усведамлення сваёй прыналежнасці да пэўнай тэрыторыі легла ў аснову нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў.