*§ 3—1. Узаемадзеянне экалагічных фактараў
Узаемнае ўзмацненне фактараў асяроддзя
Экалагічныя фактары могуць узаемна ўзмацняць дзеянне адзін аднаго. Прыкладам можа служыць адначасовае неспрыяльнае ўздзеянне на арганізм чалавека радыеактыўнага выпраменьвання і павышанага ўтрымання нітратаў у пітной вадзе. У гэтым выпадку значна павялічваецца пагроза здароўю ў параўнанні з уздзеяннем кожнага з гэтых фактараў паасобку. Таксама вам добра вядома, што вецер узмацняе ўздзеянне нізкай тэмпературы на арганізмы.
Такім чынам, улічваючы ўзаемадзеянне фактараў асяроддзя, трэба памятаць, што сіла дзеяння фактару, якая вымяраецца прыборам, не заўсёды роўная той сіле, з якой ён уздзейнічае на арганізм. Пры вывучэнні ўзаемадзеяння арганізма і асяроддзя пражывання трэба кіравацца рэакцыяй арганізма ў адказ, гэта значыць жыццядзейнасцю арганізма. Менавіта яна з'яўляецца адлюстраваннем сілы ўздзеяння асобных фактараў, якая фарміруецца ў выніку ўзаемадзеяння фактараў.
Паўторым галоўнае. У прыродзе ўсе фактары асяроддзя ўздзейнічаюць на арганізм як адзіны комплекс. Уздзеянне асобнага фактару залежыць ад спалучэння і колькаснага значэння абсалютнай сілы іншых фактараў. Пры ўзаемадзеянні фактараў асяроддзя адзін з адным іх уздзеянне на арганізм можа кампенсавацца, падсумоўвацца і ўзаемна ўзмацняцца. Кампенсацыя фактараў мае межы. Цалкам замяніць адзін з неабходных арганізму фактараў іншым немагчыма — тут дзейнічае прынцып «незаменнасці фактараў».