*§ 3—1. Узаемадзеянне экалагічных фактараў

Кампенсаванне фактараў асяроддзя

Для арганізма кампенсацыя фактараў асяроддзя найбольш прыметная ў межах экасістэмы. Менавіта ў экасістэме ўзмацненне ці аслабленне сілы ўздзеяння аднаго фактару можа кампенсаваць недахоп ці лішак сілы ўздзеяння іншага фактару. Напрыклад, для раслін зніжэнне тэмпературы можа часткова кампенсаваць недахоп вільгаці ў глебе. Гэта адбываецца ў выніку аслаблення транспірацыі і памяншэння расходавання вады раслінамі пры нізкай тэмпературы.

Узаемная кампенсацыя фактараў мае межы і цалкам замяніць адзін з неабходных арганізму фактараў іншым немагчыма. Напрыклад, зялёную расліну нельга вырасціць у поўнай цемнаце нават пры самай высокай канцэнтрацыі вуглякіслага газу. Яна не будзе расці на дыстыляванай (якая не змяшчае мінеральных рэчываў) вадзе пры самым аптымальным светлавым і цеплавым рэжыме. Гэта заканамернасць атрымала назву прынцыпу незаменнасці фактараў: дзеянне аднаго фактару можа быць зменена іншым, але не заменена ім.