§ 1. Агульныя ўласцівасці жывых арганізмаў

Рост і развіццё

Рост і развіццё — гэта ўласцівасці арганізмаў, якія рэалізуюцца ў працэсе іх жыцця. Рост — колькаснае павелічэнне памераў і масы цела шляхам дзялення клетак, што суправаджае развіццё арганізма або яго частак. Развіццё — гэта неабарачальныя якасныя змяненні ў будове і функцыянальнай актыўнасці арганізма. Трэба адрозніваць індывідуальнае і гістарычнае развіццё відаў. У працэсе індывідуальнага развіцця арганізмы дадзенага віду паступова і паслядоўна змяняюцца на працягу свайго жыцця. Яны набываюць новыя прыметы і ўласцівасці, а ранейшыя могуць быць згублены. У выніку індывідуальнага развіцця ўзнікае новы якасны стан арганізмаў.

У адрозненне ад індывідуальнага развіцця гістарычнае развіццё віду суправаджаецца ўтварэннем новых відаў і ўскладненнем жыццёвых форм. У выніку гістарычнага развіцця ўзнікла ўся відавая разнастайнасць жыцця на Зямлі.