§ 16–17 – 4. Барацьба супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў

4. Дзейнасць падпольных арганізацый

Партызанская барацьба вялася ў цесным узаемадзеянні з падполлем. У гарадах і вёсках, якія знаходзіліся пад акупацыяй, ствараліся партыйныя, камсамольска-моладзевыя органы і арганізацыі. Галоўнымі задачамі падпольшчыкаў былі здзяйсненне дыверсій, сабатаж гаспадарча-эканамічных, ваенных і палітычных мерапрыемстваў акупацыйных улад.

У Мінску ўжо ў другой палове 1941 г. з’явілася падполле, на чале якога стаў І. К. Кавалёў. Да канца 1941 г. у горадзе дзейнічала некалькі дзясяткаў падпольных груп. Мінскія падпольшчыкі знішчалі склады са зброяй і ваеннай маёмасцю, установы, якія працавалі на патрэбы фронту, нямецкіх салдат і афіцэраў. У разгар Маскоўскай бітвы яны ажыццявілі дыверсію на чыгуначным вузле, у выніку з Мінска на фронт адпраўлялася не 90—100 эшалонаў у суткі, а толькі 5–6. У 1941 г. дыверсійна-баявую дзейнасць ажыццяўлялі падпольшчыкі Беластока, Брэста, Вілейкі, Гомеля, Магілёва.

Актыўным было падполле ў Віцебску, Оршы, Асіповічах. Дзеячы гэтых падпольных груп ажыццявілі найбольш гучныя акцыі супраць нямецкіх акупантаў. Так, 30 ліпеня 1943 г. на чыгуначнай станцыі Асіповічы Ф. Крыловічам была ажыццёўлена найбуйнейшая дыверсія Другой сусветнай вайны: знішчана адразу чатыры ваенныя эшалоны з боепрыпасамі і ваеннай тэхнікай.

22 верасня 1943 г. удзельніцы Мінскага падполля. А. Мазанік, М. Осіпава і Н. Траян ажыццявілі аперацыю па знішчэнні генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ. За гэтую аперацыю яны былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.