§ 16–17 – 4. Барацьба супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў
Што такое «Новы парадак»? Якім чынам ён ўсталёўваўся на акупаванай тэрыторыі Беларусі?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | § 16–17 – 4. Барацьба супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Понедельник, 19 Май 2025, 06:01 |
Оглавление
- 1. Арганізацыя Партызанскага і падпольнага руху. Стварэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху і Беларускага штаба партызанскага руху
- 2. Стварэнне партызанскіх зон і партызанскіх краёў
- 3. Партызанскія злучэнні, іх баявая дзейнасць. «Рэйкавая вайна»
- 4. Дзейнасць падпольных арганізацый
- 5. Супраціўленне мірнага насельніцтва акупацыйнаму рэжыму
- 6. Героі ўсенароднай барацьбы
- Пытанні і заданні
1. Арганізацыя Партызанскага і падпольнага руху. Стварэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху і Беларускага штаба партызанскага руху
З першых дзён вайны пачалася праца па арганізацыі падполля і партызанскіх атрадаў.
Па звестках на 25 ліпеня 1941 г. у рэспубліцы было сфарміравана 118 партызанскіх атрадаў і груп. Ужо на пяты дзень вайны ў Пінскім раёне быў сфарміраваны партызанскі атрад, які ўступіў у бой з захопнікамі. Гэта быў адзін з першых партызанскіх атрадаў у Беларусі. Узначальваў яго В. З. Корж. У гэты ж час у Кастрычніцкім раёне Палескай вобласці быў арганізаваны партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік», які ўзначалілі Ц. П. Бумажкоў і Ф. І. Паўлоўскі — першыя з савецкіх партызан, якім 6 жніўня 1941 г. было нададзена званне Героя Савецкага Саюза.
Разгром немцаў пад Масквой станоўча адбіўся на актывізацыі патрыятычнага руху ў Беларусі. У выніку контрнаступлення савецкіх войскаў узнік 40-кіламетровы разрыў нямецкага фронту на стыку груп армій «Поўнач» і «Цэнтр» — паміж Веліжам і Усвятамі, які атрымаў назву «Віцебскія (Суражскія) вароты». Праз «Віцебскія вароты» ў нямецкі тыл былі перапраўлены 20 партызанскіх атрадаў, 102 арганізатарскія і 62 дыверсійныя групы, якія налічвалі больш за 3 тыс. чалавек. Гэта дазволіла наладзіць сувязь ЦК КП(б)Б з дзеючымі атрадамі, палепшыць іх узбраенне, папоўніць партызанскія фарміраванні кваліфікаванымі кадрамі, інструктарамі падрыўной справы.
Да сярэдзіны 1942 г. партызанскі рух прыняў такія маштабы, што з’явілася неабходнасць стварэння каардынуючага цэнтра. 30 мая 1942 г. быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПД) пад кіраўніцтвам П. К. Панамарэнкі, а 9 верасня 1942 г. — Беларускі штаб партызанскага руху (БШПД), які ўзначаліў П. З. Калінін.
Да пачатку 1943 г узброеную барацьбу ў Беларусі супраць захопнікаў вялі 56 брыгад, якія аб'ядноўвалі 220 атрадаў. З ростам партызанскіх сіл узрастала і іх баявая актыўнасць.
2. Стварэнне партызанскіх зон і партызанскіх краёў
Падчас узброенай барацьбы з акупантамі партызанам удавалася адваёўваць цэлыя раёны, дзе аднаўлялася савецкая ўлада. Гэтыя тэрыторыі ў тыле ворага атрымалі назву партызанскіх зон і краёў. Партызанскі край аб'ядноўваў дзве і больш партызанскіх зон. Увосень 1941 г. такія партызанскія зоны з'явіліся ў Палескай, Магілёўскай і Мінскай абласцях. Да лістапада 1942 г. на акупаванай беларускай тэрыторыі было створана 9 шырокіх партызанскіх зон: 8 — ва ўсходняй частцы рэспублікі і 1 — у Заходняй. Перавага партызанскіх зон ва ўсходняй частцы рэспублікі тлумачыцца больш шырокім развіццём тут партызанскага руху. Партызанскія краі сталі ўтварацца на базе партызанскіх зон з зімы 1942/1943 г.; найбольшая колькасць іх былва ў 1943 г.
Партызаны ахоўвалі адваяваную ў акупантаў тэрыторыю, зрывалі спробы нацыстаў пракрасціся ў вызваленыя раёны. На важных напрамках будаваліся абарончыя ўмацаванні. На аддаленых подступах да партызанскіх зонах выстаўляліся дазорныя пасты, а на шляхах магчымага падыходу праціўніка кругласутачна дзяжурылі добра ўзброеныя групы партызан. Гэтыя групы першымі прымалі бой і забяспечвалі магчымасць падцягнуць на небяспечны ўчастак асноўныя сілы.
У некаторых населеных пунктах, там, дзе дазвалялі ўмовы, аднавілася праца прамысловых прадпрыемстваў — электрастанцый, млыноў, зброевых майстэрняў і да т. п. Вялікая ўвага надавалася арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці.
Да канца 1943 г. пад кантролем партызан знаходзілася каля 60 % тэрыторыі Беларусі. Гэта быў самы магутны супраціў акупантам у Еўропе.
3. Партызанскія злучэнні, іх баявая дзейнасць. «Рэйкавая вайна»
Партызанскае злучэнне — адна з арганізацыйных форм аб'яднання партызанскіх брыгад, палкоў, атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі, акупаванай захопнікамі. Баявы і колькасны склад злучэнняў залежаў ад партызанскіх сіл у раёне, іх дыслакацыі, умоў размяшчэння, матэрыяльнага забеспячэння, характару баявых задач. На акупаванай тэрыторыі Беларусі ў розны час дзейнічала каля 40 тэрытарыяльных злучэнняў. Узначальвалі іх звычайна сакратары падпольных абкамаў, міжрайкамаў партыі.
1943 г. стаў годам карэннага пералому ў Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах. Разгром германскай арміі пад Сталінградам, Арлом і Курскам паклаў пачатак пераходу стратэгічнай ініцыятывы да Чырвонай Арміі.
Разгортвалася так званая «рэйкавая вайна» — аперацыі партызан па масавым разбурэнні чыгунак з мэтай дэзарганізацыі нямецкіх ваенных перавозак. У Беларусі яна праводзілася ў тры этапы.
Першы этап «рэйкавай вайны» праводзіўся ў пачатку жніўня 1943 г., калі савецкія войскі распачалі контрнаступленне пад Курскам. У выніку на 40 % скараціліся перавозкі для германскіх войскаў на фронце.
Другі этап «рэйкавай вайны» пад назвай «Канцэрт» праводзіўся ў другой палове верасня – кастрычніку 1943 г., калі Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю Беларусі.
Трэці этап пачаўся ў ноч на 20 чэрвеня 1944 г. напярэдадні беларускай наступальнай аперацыі і працягваўся да поўнага вызвалення Беларусі.
4. Дзейнасць падпольных арганізацый
Партызанская барацьба вялася ў цесным узаемадзеянні з падполлем. У гарадах і вёсках, якія знаходзіліся пад акупацыяй, ствараліся партыйныя, камсамольска-моладзевыя органы і арганізацыі. Галоўнымі задачамі падпольшчыкаў былі здзяйсненне дыверсій, сабатаж гаспадарча-эканамічных, ваенных і палітычных мерапрыемстваў акупацыйных улад.
У Мінску ўжо ў другой палове 1941 г. з’явілася падполле, на чале якога стаў І. К. Кавалёў. Да канца 1941 г. у горадзе дзейнічала некалькі дзясяткаў падпольных груп. Мінскія падпольшчыкі знішчалі склады са зброяй і ваеннай маёмасцю, установы, якія працавалі на патрэбы фронту, нямецкіх салдат і афіцэраў. У разгар Маскоўскай бітвы яны ажыццявілі дыверсію на чыгуначным вузле, у выніку з Мінска на фронт адпраўлялася не 90—100 эшалонаў у суткі, а толькі 5–6. У 1941 г. дыверсійна-баявую дзейнасць ажыццяўлялі падпольшчыкі Беластока, Брэста, Вілейкі, Гомеля, Магілёва.
Актыўным было падполле ў Віцебску, Оршы, Асіповічах. Дзеячы гэтых падпольных груп ажыццявілі найбольш гучныя акцыі супраць нямецкіх акупантаў. Так, 30 ліпеня 1943 г. на чыгуначнай станцыі Асіповічы Ф. Крыловічам была ажыццёўлена найбуйнейшая дыверсія Другой сусветнай вайны: знішчана адразу чатыры ваенныя эшалоны з боепрыпасамі і ваеннай тэхнікай.
22 верасня 1943 г. удзельніцы Мінскага падполля. А. Мазанік, М. Осіпава і Н. Траян ажыццявілі аперацыю па знішчэнні генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ. За гэтую аперацыю яны былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
5. Супраціўленне мірнага насельніцтва акупацыйнаму рэжыму
Насельніцтва партызанскіх зон актыўна ўдзельнічала ва ўзброенай барацьбе супраць акупантаў. Жыхары папаўнялі рады партызан, вялі разведку. Дзякуючы існаванню партызанскіх зон сотні тысяч людзей былі выратаваны ад знішчэння і палону. Каб абараніць насельніцтва падчас уборкі ўраджаю, толькі ў Мінскай і Магілёўскай абласцях партызаны правялі ў жніўні 1943 г. каля ста буйных баёў супраць спецыяльных каманд акупантаў, прызначаных для захопу і вывазу збожжа. Партызанскія зоны з'яўляліся агітацыйна-прапагандысцкімі цэнтрамі. Тут выпускаліся газеты, працавалі радыёстанцыі, праводзіліся гутаркі і лекцыі, дэманстраваліся кінафільмы.
Неабходна адзначыць, што эфектыўная партызанская барацьба была б немагчымая без шырокай падтрымкі мясцовага насельніцтва. Яно забяспечвала партызан прадуктамі, адзеннем, збірала выведвальныя дадзеныя, а таксама ўступала ў партызанскія атрады. Напрыклад, толькі жыхары Магілёва з вясны 1942 г. па сакавік 1943 г. перадалі партызанам мінамёт, 50 кулямётаў, 40 аўтаматаў, 300 пісталетаў, 2000 гранат, 200 кг толу і больш за 100 тыс. патронаў.
6. Героі ўсенароднай барацьбы
За тры гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага з чэрвеня 1941 г. па ліпень 1944 г. патрыёты Беларусі знішчылі і паранілі больш за 500 тыс. гітлераўцаў, падарвалі і пусцілі пад адхон 11 128 воінскіх эшалонаў. Страты партызан склалі звыш 44 тыс.чалавек. Больш за 180 тыс. беларускіх партызан пасля вызвалення БССР ад фашысцкіх захопнікаў уліліся ў Чырвоную Армію.
За гераізм і адвагу ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў больш за 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а 88 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Сярод іх кіраўнікі партызанскіх атрадаў В. Е. Лабанок, П. М. Машэраў, М. Ф. Шмыроў, лідары падпольнага руху К. С. Заслонаў, В. З. Харужая, юныя змагары з нацызмам. М. І. Казей, Е. С. Зенькова, З. М. Партнова.
Пытанні і заданні
1. Ахарактарызуйце розныя формы супраціўлення германскім захопнікам на акупаванай тэрыторыі Беларусі.
2. Падрыхтуйце паведамленне (прэзентацыю) пра герояў партызанскай і падпольнай барацьбы на акупаванай тэрыторыі Беларусі.
3. Канкрэтызуйце прыкладамі паняцце «рэйкавая вайна». Патлумачце яе значэнне ў барацьбе супраць германскіх захопнікаў.
4. У чым, на вашу думку, заключаліся вытокі мужнасці беларускага народа ў барацьбе супраць захопнікаў? Сваё меркаванне аргументуйце
5. Выкарыстоўваючы матэрыялы краязнаўчага (школьнага) музея, кнігу «Памяць», падрыхтуйце паведамленне (прэзентацыю) аб партызанскай і падпольнай барацьбе ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў вашым рэгіёне.