§ 16–17 – 2. БССР напярэдадні і ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны
5. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі. Гераізм і самаадданасць абаронцаў Айчыны
Прарваўшы абарону пагранічных войск у Беларусі, танкавыя злучэнні германскіх армій узламалі абарону савецкіх войск у раёне Сувалак і Брэста і за чатыры дні прасунуліся больш чым на 200 км, абышоўшы галоўныя сілы Заходняга фронту з поўдня і поўначы. У асяроддзі апынулася большая частка савецкіх войск, якія дыслакаваліся ў прыгранічных раёнах Беларусі. Ужо ў першыя дні вайны авіяцыя праціўніка разбамбіла многія чыгуначныя вузлы, аэрадромы, важныя прамысловыя цэнтры Брэста, Гродна, Баранавічаў і іншых гарадоў.
Нават апынуўшыся ў такім складаным становішчы, воіны Чырвонай Арміі мужна і самааддана змагаліся з ворагам. Насмерць стаялі на сваіх рубяжах пагранічнікі. За тыдзень баёў каля батальёна гітлераўцаў знішчылі байцы пагранічнай заставы лейтэнанта А. М. Кіжаватава ў Брэсцкай крэпасці. Крэпасць, на захоп якой германскія генералы адводзілі ўсяго тры гадзіны, трымалася больш за месяц.
Мужна змагаліся воіны-лётчыкі. Пілоты 123-га палка ў першы дзень вайны збілі 30 германскіх самалётаў. Бессмяротны подзвіг здзейсніў у першыя дні вайны экіпаж капітана М. Ф. Гастэла, які накіраваў свой падбіты самалёт на калону нямецкай тэхнікі. 24 чэрвеня 1941 г. у бітве за Гомель Б. Коўзан збіў германскі бамбардзіроўшчык.
Стойка ўтрымлівалі свае пазіцыі падраздзяленні 64-й, 100-й, 108-й, 161-й стралковых дывізій, якія дзейнічалі ў Мінскім умацаваным раёне. Цяжкія баі разгарнуліся ў раёне Бабруйска за пераправу праз Бярэзіну, дзе ў адным з баёў праціўнік страціў 20 танкаў. На подступах да Віцебска воіны 153-й стралковай дывізіі падбілі каля 50 танкаў.
Найбольш цяжкія баі разгарнуліся на Буйніцкім полі пад Магілёвам. Тут рубяжы абаранялі воіны 388-га стралковага палка пад камандаваннем палкоўніка С. Ф. Куцепава. Бязлітасныя баі працягваліся на працягу 23 дзён да 22 ліпеня.
Упартыя баі ішлі на гомельскім напрамку. Прарваўшы абарону г. Добруша, гітлераўцы 19 жніўня ўступілі на ўскраіны Гомеля. Толькі ў ноч на 20 жніўня была пакінутая Правабярэжная частка Гомеля. На левым беразе ракі Сож яшчэ трое сутак працягваліся кровапралітныя баі.
Нягледзячы на мужнасць і гераізм савецкіх воінаў, войскі Чырвонай арміі не змаглі стрымаць наступленне праціўніка.
Гэта тлумачылася наступнымі прычынамі. Па-першае, нападзенне нацысцкай Германіі было вераломным і нечаканым. Па-другое, савецкія ўзброеныя сілы не былі своечасова прыведзены ў поўную баявую гатоўнасць з-за боязі справакаваць Германію на аб’яўленне вайны СССР. Па-трэцяе, было прынята памылковае рашэнне аб кансервацыі часткі абсталявання старой мяжы — «Лініі Сталіна». Быў выведзены асабовы склад, вывезены ўзбраенне, боепрыпасы, абсталяванне. Новая лінія ўмацаванняў — «Лінія Молатава» — на новай заходняй мяжы СССР толькі пачынала будавацца. Такое рашэнне пазбавіла Чырвоную армію неабходнай добра ўмацаванай другой паласы абароны. Па-чацвёртае, Германія і яе саюзнікі перавышалі СССР у людскіх і матэрыяльных рэсурсах, мелі вопыт паспяховых ваенных дзеянняў у Еўропе.