§ 16–17 – 2. БССР напярэдадні і ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны
4. Цэнтралізацыя кіравання краінай. Мабілізацыя і эвакуацыя
Апоўдні 22 чэрвеня 1941 г. намеснік старшыні Саўнаркама СССР, народны камісар замежных спраў В. Молатаў выступіў са зваротам да грамадзян Савецкага Саюза. Свой выступ ён скончыў словамі, якія сталі галоўным лозунгам Вялікай Айчыннай вайны: «Наша справа правая. Вораг будзе разбіты. Перамога будзе за намі».
Ваенныя дзеянні патрабавалі мабілізацыі ўсіх сіл і сродкаў для абароны краіны. Ужо 22 чэрвеня 1941 г. быў прыняты ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб ваенным становішчы». Ваенныя ўлады атрымалі права прыцягваць насельніцтва да працоўнай павіннасці, мабілізаваць транспартныя сродкі і г. д. За непадпарадкаванне загадам і распараджэнням ваенных улад вінаватыя падлягалі крымінальнай адказнасці.
Была праведзена перабудова дзяржаўнага апарату. 30 чэрвеня 1941 г. быў утвораны Дзяржаўны камітэт абароны (ДКА), якому перадавалася ўся паўната ўлады ў краіне. Старшынёй ДКА быў прызначаны І. В. Сталін.
23 чэрвеня 1941 г. была створана Стаўка Галоўнага камандавання Узброеных сіл СССР пад старшынствам народнага камісара абароны, Маршала Савецкага Саюза С. К. Цімашэнка. Пазней яна стала называцца стаўкай Вярхоўнага Галоўнакамандавання. На стаўку было ўскладзена кіраўніцтва ўсёй баявой дзейнасцю Узброеных Сіл СССР.
У першы ж дзень вайны савецкія і партыйныя органы ўлады прыступілі да мабілізацыі людскіх і тэхнічных рэсурсаў для барацьбы з нямецка-фашысцкай агрэсіяй. 22 чэрвеня 1941 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў указ, згодна з якім на тэрыторыі 14 ваенных акругаў аб'яўлялася мабілізацыя мужчынскага насельніцтва 1905—1918 гг. нараджэння. За першы тыдзень вайны ў СССР атрымалася мабілізаваць каля 5,3 млн чалавек. 10 жніўня 1941 г. быў выдадзены другі ўказ аб мабілізацыі мужчынскага насельніцтва 1890—1904 гг. нараджэння, а таксама прызыўнікоў 1922—1923 гг. нараджэння.
У Беларусі за ліпень-жнівень 1941 г. у дзеючыя войскі было мабілізавана каля 500 тыс. чалавек. Арміі было перададзена 2500 аўтамашын, 35 тыс. коней, 20 тыс. тон прадуктаў, фуражу.
18 верасня 1941 г. ДКА прыняў рашэнне аб усеагульным абавязковым навучанні вайсковай справе мужчын ва ўзросце ад 16 да 50 гадоў.
Наступленне праціўніка запатрабавала ў самыя кароткія тэрміны арганізаваць эвакуацыйныя мерапрыемствы. 25 чэрвеня 1941 г. была створана эвакуацыйных камісія пад кіраўніцтвам старшыні Саўнаркаму БССР І. С. Былінскага. Камісія арганізавала масавую эвакуацыю насельніцтва, прадпрыемстваў і ўстаноў. Ва ўсходнія раёны СССР атрымалася эвакуіраваць больш за 1,5 млн чалавек, вывезці абсталяванне 124 буйных прадпрыемстваў, больш за 17 тыс. адзінак каштоўнага тэхнічнага абсталявання і сельскагаспадарчай тэхнікі, 674 тыс. галоў жывёлы і 93,3 тыс.тон збожжа.