§ 16–17 – 2. БССР напярэдадні і ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны
2. Мерапрыемствы па ўмацаванні абараназдольнасці краіны
Кіраўніцтва СССР рабіла сур'ёзныя крокі па ўмацаванні абараназдольнасці заходніх рубяжоў краіны. Сістэма абарончых умацаванняў уздоўж савецка-польскай мяжы атрымала назву «Лінія Сталіна».
На тэрыторыі Беларускай асаблівай ваеннай акругі пачынаючы з 1925 г. штогод праводзіліся буйныя вучэнні і манеўры. Ён з'яўляўся свайго роду доследнай базай, дзе адпрацоўваліся новыя тактычныя прыёмы і спосабы баявых дзеянняў. Найбольш паказальнымі былі вялікія манеўры войскаў у 1936 г. Спосабы абароны ў міжваенны перыяд не адпрацоўваліся. Лічылася, што вораг павінен быць разгромлены «малой крывёю, магутным ударам».
У ліпені 1940 г. Беларуская асаблівая ваенная акруга была перайменавана ў Заходнюю асаблівую ваенную акругу (ЗахАВА), у якую ўключылі войскі, якія знаходзіліся на тэрыторыі Смаленскай вобласці. Войскі ЗахАВА атрымлівалі новую зброю і ваенную тэхніку.
У 1940 г. пасля далучэння тэрыторыі Заходняй Беларусі на новай заходняй мяжы СССР пачалося будаўніцтва лініі ўмацаванняў, якая атрымала назву «Лінія Молатава». Гэтая лінія і па якасці, і па колькасці доўгачасовых агнявых збудаванняў павінна была пераўзыходзіць усе існуючыя абарончыя лініі. Аднак да сярэдзіны 1941 г. гатоўнасць «Лініі Молатава» складала ў сярэднім 15—20 %.