§ 13. Геапалітычнае становішча Беларусі ў XIX ст.

6. Вынікі вайны для Беларусі

Ваенная кампанія 1812 г. прынесла Беларусі вялізныя людскія, матэрыяльныя і культурныя страты. Абязлюдзелі многія гарады, мястэчкі і вёскі, якія апынуліся ў зоне баявых дзеянняў і руху войскаў. Голад і хваробы прывялі да гібелі каля 1 млн чалавек. У гарадах Беларусі колькасць насельніцтва скарацілася ў 2–3 разы. Напрыклад, калі ў 1811 г. у Мінску налічвалася 11 200 жыхароў, то ў канцы 1812 г. засталося ўсяго 3480 чалавек. Прыйшла ў заняпад сельская гаспадарка. Скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы, асабліва коней.

Нягледзячы на ваенныя бедствы, беларускія губерні пасля выгнання французаў не былі вызвалены ад рэкруцкіх набораў і паставак на патрэбы арміі. Сяляне былі падмануты ў сваіх надзеях атрымаць вызваленне ад прыгоннай залежнасці пасля разгрому арміі Напалеона.

12 снежня 1812 г. Аляксандр I падпісаў маніфест, які абвяшчаў «забыццё мінулага, усеагульнае дараванне». Канфіскаваныя маёнткі былі вернуты іх уладальнікам. Шляхта ў Вільні зладзіла баль у гонар імператара Расіі ў той жа зале, дзе некалькі месяцаў таму давалі баль у гонар Напалеона. Пераследаванне ўдзельнікаў вайны супраць Расіі і тых, хто служыў пры Напалеоне ў органах кіравання, спынілася.

З завяршэннем вайны з Францыяй геапалітычная сітуацыя ў Еўропе змянілася на карысць Расіі. У 1815 г. Аляксандр I на тэрыторыі цэнтральнай ­Польшчы ­стварыў Царства Польскае і прадаставіў яму аўтаномію і канстытуцыю. У паланізаванай шляхты Літвы і Беларусі з’явіліся надзеі на далучэнне да яго беларуска-літоўскіх зямель. Сярод апалячанай шляхты і інтэлігенцыі выспявала ідэя адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Яна стала вызначальнай у грамадскім жыцці Беларусі на бліжэйшыя дзесяцігоддзі.