§ 13. Геапалітычнае становішча Беларусі ў XIX ст.
1. У выніку якіх геапалітычных падзей беларускія землі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі?
2. Што такое кантынентальная блакада?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | § 13. Геапалітычнае становішча Беларусі ў XIX ст. |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 14 Март 2025, 20:43 |
Оглавление
- 1. Становішча беларускіх зямель пасля ўваходжання ў склад Расійскай імперыі
- 2. Расійска-французскія адносіны і палітычная сітуацыя ў заходніх губернях
- 3. Праект адраджэння Вялікага Княства Літоўскага
- 4. Сітуацыя ў Беларусі ў перыяд Айчыннай вайны 1812 г.
- 5. Стаўленне да вайны розных слаёў насельніцтва
- 6. Вынікі вайны для Беларусі
- Пытанні і заданні
1. Становішча беларускіх зямель пасля ўваходжання ў склад Расійскай імперыі
У канцы XVIII ст. этнічныя беларускія землі былі ўключаны ў склад Расійскай імперыі. Уводзілася расійскае тэрытарыяльна-адміністрацыйнае дзяленне на губерні, паветы і воласці. Да пачатку XIX ст. былі створаны Магілёўская і Віцебская губерні, што ўваходзілі ў склад Беларускага генерал-губернатарства, і Віленская, Гродзенская, Мінская губерні, якія склалі Літоўскае генерал-губернатарства. За згоду Расіі далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі французскі імператар Напалеон I пры заключэнні Тыльзіцкага міру 1807 г. перадаў цару Аляксандру I тэрыторыю Беластоцкай акругі, уключаную пасля ў Гродзенскую губерню.
У канцы XVIII — пачатку XIX ст. на землях Беларусі была ўведзена расійская сістэма кіравання. Галоўнай службовай асобай з’яўляўся генерал-губернатар. Ён лічыўся намеснікам цара і быў надзелены неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Яму падпарадкоўваліся губернатары. Ён кантраляваў збор падаткаў, падтрыманне грамадскага парадку і інш. Мясцовыя шляхецкія сеймікі, якім раней належала ўся ўлада ў паветах і ваяводствах, былі ліквідаваны. На расійскі ўзор ствараліся новыя адміністрацыйныя ўстановы — губернскія праўленні, казённыя палаты і інш.
Расійскі ўрад зыходзіў з таго, што далучаныя беларускія тэрыторыі — гэта спрадвечна рускія землі, «вернутыя ад Польшчы». Адсюль вынікала галоўная мэта палітыкі царызму — уніфікацыя ўсіх сфер жыцця заходніх губерняў з вялікарускімі землямі імперыі.
Каб прыцягнуць на свой бок беларускую шляхту, расійскія ўлады давалі ёй магчымасць займаць розныя адміністрацыйныя пасады, але вядучую ролю ў кіраванні краем займалі стаўленікі расійскага імператара.
Для стварэння сваёй апоры ў краі ўрад праводзіў палітыку пашырэння рускага землеўладання. На тэрыторыі Беларусі Кацярына II і Павел I падаравалі ў спадчыннае ўладанне больш за 200 тыс. рэвізскіх (мужчынскіх) душ: як прыгонных, так і былых дзяржаўных сялян. Фаварыт Кацярыны II граф П. В. Завадоўскі атрымаў вялікую Магілёўскую эканомію (25 тыс. душ), яшчэ адзін фаварыт імператрыцы Г. А. Пацёмкін — Крычаўскае стараства (15 тыс. душ), генерал-фельдмаршал П. А. Румянцаў-Задунайскі — Гомельскае стараства (11 тыс. душ), генерал-фельдмаршал А. В. Сувораў — Кобрынскае стараства (7 тыс. душ).
2. Расійска-французскія адносіны і палітычная сітуацыя ў заходніх губернях
Прыйшоўшы да ўлады, Напалеон на працягу 1796–1809 гг. падпарадкаваў сабе амаль усе краіны Заходняй Еўропы, акрамя Англіі, Партугаліі і Швецыі. Рост уплыву Францыі ў Еўропе не супадаў з інтарэсамі Расійскай імперыі, таму Расія прымала актыўны ўдзел у ваенных кааліцыях еўрапейскіх дзяржаў, накіраваных супраць Францыі. Аднак Напалеону ўдалося разграміць антыфранцузскія кааліцыі і падпарадкаваць сабе галоўных саюзнікаў Расіі — Аўстрыю і Прусію. Англіі Напалеон абвясціў кантынентальную блакаду і вымусіў далучыцца да яе ўсе заваяваныя ім дзяржавы, а таксама Расію.
Згодна з заключаным у 1807 г. Тыльзіцкім мірам Напалеон стварыў на польскіх землях, якія належалі Прусіі, залежную ад Францыі дзяржаву — Герцагства Варшаўскае. Ён выкарыстаў яго ў якасці плацдарма на выпадак вайны з Расіяй, а таксама разглядаў як базу для адраджэння Рэчы Паспалітай. Расіі за яе згоду далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі Напалеон аддаў Беластоцкую акругу. Гэтым ён хацеў таксама паглыбіць руска-прускія супярэчнасці. Аляксандр I, імкнучыся заручыцца падтрымкай палякаў, прапаноўваў стварыць васальнае ад Расіі Польскае каралеўства.
Сацыяльна-палітычная сітуацыя ў заходніх губернях Расійскай імперыі была досыць складанай. Большая частка апалячанай шляхты, мяшчанства, інтэлігенцыі ў сваіх палітычных поглядах арыентавалася на Напалеона. Частка шляхты насцярожана назірала за тымі рэформамі, якія праводзіў Напалеон у Герцагстве Варшаўскім, асабліва за адменай прыгоннага права.
Гэтыя супярэчнасці расійскі ўрад імкнуўся выкарыстаць у сваіх мэтах. У лютым 1811 г. А. Чартарыйскі па распараджэнні расійскага імператара ездзіў у Варшаву на перамовы з польскімі дзеячамі аб іх пераходзе на бок Аляксандра I, аднак яны скончыліся няўдачай.
3. Праект адраджэння Вялікага Княства Літоўскага
Пасля заключэння Тыльзіцкага мірнага дагавора з часткі прускіх і аўстрыйскіх уладанняў былой Рэчы Паспалітай была ўтворана новая дзяржава — Варшаўскае княства (герцагства). Гэтым ствараўся французскі плацдарм для падрыхтоўкі вайны з Расіяй.
У Варшаву сталі сцякацца магнаты і шляхта Беларусі і Літвы. Князь Дамінік Радзівіл ахвяраваў для войска 216 тыс. злотых і за свой кошт сфарміраваў уланскі полк. Для Расійскай імперыі ўзнікла рэальная пагроза страты «заходніх губерняў». Каб прыпыніць масавы выезд дваранства беларуска-літоўскіх губерняў у Варшаўскае герцагства, расійскія ўлады прымалі жорсткія меры, у тым ліку канфіскацыю ўласнасці.
Расійскі ўрад, баючыся, што апалячаная шляхта ў выпадку вайны можа падтрымаць Напалеона, зрабіў спробу вырашыць пытанне аб адраджэнні ВКЛ у складзе Расійскай імперыі. Так у 1811 г. узнік праект «Палажэнне аб кіраванні аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім». Адным з яго аўтараў быў магнат М. К. Агінскі.
«План Агінскага» прадугледжваў стварэнне асобнай правінцыі пад назвай Вялікае Княства Літоўскае з васьмі губерняў (Гродзенская, Віленская, Мінская, Віцебская, Магілёўская, Кіеўская, Падольская і Валынская). Кіраваць ВКЛ павінен быў імператарскі намеснік. У сталіцы пры імператары меркавалася стварыць Літоўскую канцылярыю пад кіраўніцтвам статс-сакратара аднаго з міністраў, а ў Вільні — Адміністрацыйны савет на чале з намеснікам. Прадугледжвалася таксама дзеянне Статута ВКЛ 1588 г.; вядзенне справаводства на польскай мове; прадастаўленне пасад толькі ўраджэнцам ВКЛ. Усё гэта мела перадумовай аўтаномію краю. Аднак уплывовыя расійскія саноўнікі выступілі супраць «плана Агінскага». Яны баяліся пазбавіцца не так даўно набытых зямель.
У геапалітычнай сітуацыі 1811—1812 гг. пытанне аб дзяржаўнасці Польшчы і ВКЛ было актуальным і для Францыі. На думку французскай дыпламатыі, яго рашэнне надало б будучай вайне з Расіяй у вачах Еўропы справядлівы характар і павінна было забяспечыць Напалеону падтрымку ў заходніх губернях.
4. Сітуацыя ў Беларусі ў перыяд Айчыннай вайны 1812 г.
12 чэрвеня 1812 г. паўмільённая «Вялікая армія» імператара Напалеона I пераправілася праз р. Нёман і ўварвалася на тэрыторыю Расійскай імперыі — на землі Беларусі і Літвы. Імператар Францыі меркаваў на працягу 20 дзён разбіць расійскую армію на тэрыторыі паміж Вільняй і Віцебскам і заключыць мір.
Расійскае камандаванне не ведала аб планах французаў і разгрупавала свае арміі на заходніх межах. 1-я армія пад камандаваннем ваеннага міністра М. Б. Барклая-дэ-Толі знаходзілася ў раёне Вільні. Менавіта ў ёй служыла большасць беларускіх палкоў. Далей на поўдзень, каля Ваўкавыска, размяшчалася 2-я армія генерала П. І. Баграціёна. 3-я армія генерала А. П. Тармасава, штаб якой знаходзіўся ў Луцку, павінна была прыкрываць шляхі магчымага наступлення праціўніка на Кіеў.
Каб пазбегнуць разгрому пераўзыходзячымі сіламі французаў, расійскія арміі адступалі на ўсход. Землі Беларусі ператварыліся ў арэну крывавых бітваў. У чэрвені-ліпені 1812 г. адбыліся жорсткія баі пад Кобрынам, Мірам, Салтанаўкай, Полацкам. 1-я і 2-я расійскія арміі з баямі адступалі, разлічваючы аб’яднацца ў раёне Віцебска, дзе мелася адбыцца вырашальная бітва з галоўнымі сіламі французаў. Аднак пасля жорсткіх баёў каля мястэчка Астроўна і вёскі Кукавячына 1-я армія М. Б. Барклая-дэ-Толі пакінула Віцебск і накіравалася да Смаленска. Горад быў заняты французамі. Напалеон больш за два тыдні знаходзіўся ў Віцебску.
Расійскія арміі змаглі аб’яднацца толькі пад Смаленскам. Пасля двухдзённай абарончай бітвы (16–17 жніўня 1812 г.) Смаленск быў пакінуты, і рускія войскі вымушаны былі адступіць да Масквы.
5. Стаўленне да вайны розных слаёў насельніцтва
Магнаты і апалячаная шляхта Беларусі і Літвы спадзяваліся на адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай. Напалеон, улічваючы гэтыя чаканні, 1 ліпеня 1812 г. стварыў Часовы ўрад Вялікага Княства Літоўскага. Урад складаўся з мясцовай знаці і кантраляваўся французскай адміністрацыяй. Галоўнымі задачамі дзейнасці ўрада былі забеспячэнне ўсім неабходным французскай арміі і фарміраванне воінскіх падраздзяленняў.
Выконваючы загад Напалеона, Часовы ўрад ВКЛ змог паставіць у французскую армію 11 тыс. пяхоты і конніцы. Некаторыя з гэтых фарміраванняў прымалі ўдзел у баях з расійскімі войскамі.
Аднак разлікі Напалеона на забеспячэнне французскай арміі правіянтам і фуражом не спраўдзіліся. Нормы паставак былі непасільныя. Насельніцтва хавала свае прыпасы. Збіраць іх даводзілася пры дапамозе воінскіх падраздзяленняў. З-за кепскага забеспячэння пачалося масавае марадзёрства. Армія пачала карміць «сама сябе».
Апалячаная шляхта і магнаты Беларусі віталі прыход французаў. У летніх нумарах газет «Літоўскі кур’ер» і «Часовая Мінская газета» з захапленнем і пафасам пісаліся артыкулы аб «Вялікім імператары Напалеоне», аб адраджэнні Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай.
Для фінансавання Часовага ўрада ВКЛ быў устаноўлены спецыяльны падатак для багатых жыхароў княства. Праходзіў набор рэкрутаў у Нацыянальную гвардыю. У кароткія тэрміны быў сфарміраваны Літоўскі полк, які складаўся амаль цалкам з добраахвотнікаў, студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Многія, лічачы сябе па-ранейшаму грамадзянамі Рэчы Паспалітай, ваявалі на баку французаў і спадзяваліся, што будуць са зброяй у руках адстойваць наноў абвешчанае Вялікае Княства Літоўскае. Новым уладам прысягнулі таксама вярхі каталіцкага і ўніяцкага духавенства.
У той жа час многія жыхары беларускіх губерняў — праваслаўная шляхта, духавенства, мяшчанства — падтрымлівалі расійскага імператара. У шэрагах расійскай арміі змагаліся больш за 10 тыс. ураджэнцаў беларускіх зямель. Палкі, укамплектаваныя беларусамі з Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў, праявілі мужнасць у час Барадзінскай бітвы, знаходзячыся на самых важных і складаных участках.
Стаўленне простага насельніцтва да супрацьлеглых бакоў змагання было неадназначным. Асноўны цяжар ваенных дзеянняў лёг на плечы сялян. І адзін, і другі бок прымушалі працаваць на памешчыка, плаціць вялізныя падаткі, выконваць непасільныя павіннасці. Новая ўлада не толькі не адмяніла прыгоннае права, але і павялічыла падаткі з сялян.
Гвалт, марадзёрства выклікалі варожасць і супраціўленне мясцовага насельніцтва. Жыхары многіх вёсак рашуча адмаўляліся прадаваць прадукты і фураж французам, а пры набліжэнні ворага спальвалі хаты, свіраны з сабраным хлебам, адганялі жывёлу, самі ж ішлі ў лясы. Стыхійна ўзнікалі партызанскія атрады. Сярод іх найбольш вядомымі былі атрады ў Барысаўскім, Дрысенскім, Полацкім паветах. Партызаны грамілі канторы, панскія дамы і нярэдка распраўляліся з памешчыкамі, нападалі на фуражыраў. Французскія ўлады былі вымушаны пакідаць на тэрыторыі Беларусі частку сваіх войскаў для ўціхамірвання сялян.
Магнаты і апалячаная шляхта Беларусі і Літвы спадзяваліся на адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай. Напалеон, улічваючы гэтыя чаканні, вырашыў выкарыстоўваць іх як зброю супраць Расійскай імперыі. Першага ліпеня 1812 г. ён стварыў Часовы ўрад Вялікага Княства Літоўскага, які складаўся з мясцовай шляхты і кантраляваўся французскай адміністрацыяй. Галоўнымі задачамі дзейнасці гэтага ўрада былі забеспячэнне ўсім неабходным французскай арміі і фарміраванне воінскіх падраздзяленняў.
6. Вынікі вайны для Беларусі
Ваенная кампанія 1812 г. прынесла Беларусі вялізныя людскія, матэрыяльныя і культурныя страты. Абязлюдзелі многія гарады, мястэчкі і вёскі, якія апынуліся ў зоне баявых дзеянняў і руху войскаў. Голад і хваробы прывялі да гібелі каля 1 млн чалавек. У гарадах Беларусі колькасць насельніцтва скарацілася ў 2–3 разы. Напрыклад, калі ў 1811 г. у Мінску налічвалася 11 200 жыхароў, то ў канцы 1812 г. засталося ўсяго 3480 чалавек. Прыйшла ў заняпад сельская гаспадарка. Скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы, асабліва коней.
Нягледзячы на ваенныя бедствы, беларускія губерні пасля выгнання французаў не былі вызвалены ад рэкруцкіх набораў і паставак на патрэбы арміі. Сяляне былі падмануты ў сваіх надзеях атрымаць вызваленне ад прыгоннай залежнасці пасля разгрому арміі Напалеона.
12 снежня 1812 г. Аляксандр I падпісаў маніфест, які абвяшчаў «забыццё мінулага, усеагульнае дараванне». Канфіскаваныя маёнткі былі вернуты іх уладальнікам. Шляхта ў Вільні зладзіла баль у гонар імператара Расіі ў той жа зале, дзе некалькі месяцаў таму давалі баль у гонар Напалеона. Пераследаванне ўдзельнікаў вайны супраць Расіі і тых, хто служыў пры Напалеоне ў органах кіравання, спынілася.
З завяршэннем вайны з Францыяй геапалітычная сітуацыя ў Еўропе змянілася на карысць Расіі. У 1815 г. Аляксандр I на тэрыторыі цэнтральнай Польшчы стварыў Царства Польскае і прадаставіў яму аўтаномію і канстытуцыю. У паланізаванай шляхты Літвы і Беларусі з’явіліся надзеі на далучэнне да яго беларуска-літоўскіх зямель. Сярод апалячанай шляхты і інтэлігенцыі выспявала ідэя адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Яна стала вызначальнай у грамадскім жыцці Беларусі на бліжэйшыя дзесяцігоддзі.
Пытанні і заданні
1. Як змянілася геапалітычнае становішча беларускіх зямель у канцы XVIII ст.? Якія змены адбыліся ў кіраванні беларускімі землямі?
2. Чым была абумоўлена спроба расійскага ўрада вырашыць пытанне аб адраджэнні ВКЛ у складзе Расійскай імперыі? У чым заключаўся «план Агінскага»?
3. Чаму і з якой мэтай Напалеон I стварыў Часовы ўрад Вялікага Княства Літоўскага?
4. Якім было стаўленне розных слаёў насельніцтва Беларусі да вайны? Чым, на ваш погляд, яно было абумоўлена?
5. Ацаніце наступствы вайны 1812 г. для беларускіх зямель. Што азначаў маніфест Аляксандра I аб «забыцці мінулага, усеагульным дараванні»? Як вы думаеце, чым тлумачылася такая пазіцыя расійскага ўрада?
6. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, складзіце храналагічную табліцу «Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў 1812 г.». На падставе табліцы зрабіце выснову аб геапалітычнай ролі Беларусі ў вайне 1812 г.