§ 4-1. Еўрапейскія рэвалюцыі і нацыянальныя рухі пасля Венскага кангрэса
1. Еўропа ў перыяд рэакцыі 1815—1830 гг.
Пасля Венскага кангрэса ва ўсёй Еўропе пачаўся перыяд рэакцыі. У якасці прыкладу больш падрабязна спынімся на Францыі.
У гэтай краіне ў форме канстытуцыйнай манархіі была рэстаўравана ўлада Бурбонаў. Людовік XVIII яшчэ прытрымліваўся Канстытуцыйнай хартыі 1814 г., якая паўтарала асноўныя палажэнні Канстытуцыі 1791 г. Карл X, які змяніў Людовіка ў 1824 г., пачаў адраджаць дарэвалюцыйнае ўладкаванне краіны і моцную каралеўскую ўладу. Ён прыняў закон аб кампенсаванні матерыяльнай шкоды эмігрантам, у парушэнне Канстытуцыі распусціў заканадаўчую палату парламента, абмежаваў выбарчае права і ўвёў цэнзуру друку.
У адказ на дзеянні Карла X пачалася Ліпеньская рэвалюцыя 1830 г., якая прывяла да звяржэння ўлады Бурбонаў. На трон быў узведзены прадстаўнік бакавой галіны каралеўскага дома Луі Філіп Арлеанскі, празваны пазней «каралём банкіраў», паколькі ён адстойваў інтарэсы банкаўскай буржуазіі. У Францыі быў усталяваны палітычны рэжым, які атрымаў назву «Ліпеньская манархія», замест ранейшай феадальнай арыстакратыі ва ўладзе замацавалася буйная буржуазія, якая складалася з буйных прамыслоўцаў і банкіраў.
У цэлым прамысловы пераварот у Еўропе прывёў да станаўлення грамадства, у якім не было месца старой феадальнай арыстакратыі. Абсалютысцкія рэжымы таксама аказаліся не здольнымі кантраляваць сітуацыю ў еўрапейскіх краінах.