§ 13. Геапалітычнае становішча Беларусі ў XIX ст.

4. Сітуацыя ў Беларусі ў перыяд Айчыннай вайны 1812 г.

12 чэрвеня 1812 г. паўмільённая «Вялікая армія» імператара Напалеона I пераправілася праз р. Нёман і ўварвалася на тэрыторыю Расійскай імперыі — ​на землі Беларусі і Літвы. Імператар Францыі меркаваў на працягу 20 дзён разбіць расійскую армію на тэрыторыі паміж Вільняй і Віцебскам і заключыць мір.

Расійскае камандаванне не ведала аб планах французаў і разгрупавала свае арміі на заходніх межах. 1-я армія пад камандаваннем ваеннага міністра М. Б. Барклая-дэ-Толі знаходзілася ў раёне Вільні. Менавіта ў ёй служыла большасць беларускіх палкоў. Далей на поўдзень, каля Ваўкавыска, размяшчалася 2-я армія генерала П. І. Баграціёна. 3-я армія генерала А. П. Тармасава, штаб якой знаходзіўся ў Луцку, павінна была прыкрываць шляхі магчымага наступлення праціўніка на Кіеў.

Каб пазбегнуць разгрому пераўзыходзячымі сіламі французаў, расійскія арміі адступалі на ўсход. Землі Беларусі ператварыліся ў арэну крывавых бітваў. У чэрвені-ліпені 1812 г. адбыліся жорсткія баі пад Кобрынам, Мірам, Салтанаўкай, Полацкам. 1-я і 2-я расійскія арміі з баямі адступалі, разлічваючы аб’яднацца ў раёне Віцебска, дзе мелася адбыцца вырашальная бітва з галоўнымі сіламі французаў. Аднак пасля жорсткіх баёў каля мястэчка Астроўна і вёскі Кукавячына 1-я армія М. Б. Барклая-дэ-Толі пакінула Віцебск і накіравалася да Смаленска. Горад быў заняты французамі. Напалеон больш за два тыдні знаходзіўся ў Віцебску.

Расійскія арміі змаглі аб’яднацца толькі пад Смаленскам. Пасля двухдзённай абарончай бітвы (16–17 жніўня 1812 г.) Смаленск быў пакінуты, і рускія войскі вымушаны былі адступіць да Масквы.