§ 13. Геапалітычнае становішча Беларусі ў XIX ст.
2. Расійска-французскія адносіны і палітычная сітуацыя ў заходніх губернях
Прыйшоўшы да ўлады, Напалеон на працягу 1796–1809 гг. падпарадкаваў сабе амаль усе краіны Заходняй Еўропы, акрамя Англіі, Партугаліі і Швецыі. Рост уплыву Францыі ў Еўропе не супадаў з інтарэсамі Расійскай імперыі, таму Расія прымала актыўны ўдзел у ваенных кааліцыях еўрапейскіх дзяржаў, накіраваных супраць Францыі. Аднак Напалеону ўдалося разграміць антыфранцузскія кааліцыі і падпарадкаваць сабе галоўных саюзнікаў Расіі — Аўстрыю і Прусію. Англіі Напалеон абвясціў кантынентальную блакаду і вымусіў далучыцца да яе ўсе заваяваныя ім дзяржавы, а таксама Расію.
Згодна з заключаным у 1807 г. Тыльзіцкім мірам Напалеон стварыў на польскіх землях, якія належалі Прусіі, залежную ад Францыі дзяржаву — Герцагства Варшаўскае. Ён выкарыстаў яго ў якасці плацдарма на выпадак вайны з Расіяй, а таксама разглядаў як базу для адраджэння Рэчы Паспалітай. Расіі за яе згоду далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі Напалеон аддаў Беластоцкую акругу. Гэтым ён хацеў таксама паглыбіць руска-прускія супярэчнасці. Аляксандр I, імкнучыся заручыцца падтрымкай палякаў, прапаноўваў стварыць васальнае ад Расіі Польскае каралеўства.
Сацыяльна-палітычная сітуацыя ў заходніх губернях Расійскай імперыі была досыць складанай. Большая частка апалячанай шляхты, мяшчанства, інтэлігенцыі ў сваіх палітычных поглядах арыентавалася на Напалеона. Частка шляхты насцярожана назірала за тымі рэформамі, якія праводзіў Напалеон у Герцагстве Варшаўскім, асабліва за адменай прыгоннага права.
Гэтыя супярэчнасці расійскі ўрад імкнуўся выкарыстаць у сваіх мэтах. У лютым 1811 г. А. Чартарыйскі па распараджэнні расійскага імператара ездзіў у Варшаву на перамовы з польскімі дзеячамі аб іх пераходзе на бок Аляксандра I, аднак яны скончыліся няўдачай.