§ 13. Геапалітычнае становішча Беларусі ў XIX ст.

1. Становішча беларускіх зямель пасля ўваходжання ў склад Расійскай імперыі

У канцы XVIII ст. этнічныя беларускія землі былі ўключаны ў склад Расійскай імперыі. Уводзілася расійскае тэрытарыяльна-адміністрацыйнае дзяленне на губерні, паветы і воласці. Да пачатку XIX ст. былі створаны Магілёўская і Віцебская губерні, што ўваходзілі ў склад Беларускага генерал-губернатарства, і Віленская, Гродзенская, Мінская губерні, якія склалі Літоўскае генерал-губернатарства. За згоду Расіі далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі французскі імператар Напалеон I пры заключэнні Тыльзіцкага міру 1807 г. перадаў цару Аляксандру I тэрыторыю Беластоцкай акругі, уключаную пасля ў Гродзенскую губерню.

У канцы XVIII — ​пачатку XIX ст. на землях Беларусі была ўведзена расійская сістэма кіравання. Галоўнай службовай асобай з’яўляўся генерал-губернатар. Ён лічыўся намеснікам цара і быў надзелены неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Яму падпарадкоўваліся губернатары. Ён кантраляваў збор падаткаў, падтрыманне грамадскага парадку і інш. Мясцовыя шляхецкія сеймікі, якім раней належала ўся ўлада ў паветах і ваяводствах, былі ліквідаваны. На расійскі ўзор ствараліся новыя адміністрацыйныя ўстановы — ​губернскія праўленні, казённыя пала­ты і інш.

Расійскі ўрад зыходзіў з таго, што далучаныя беларускія тэрыторыі — ​гэта спрадвечна рускія землі, «вернутыя ад Польшчы». Адсюль вынікала галоўная мэта палітыкі царызму — ​уніфікацыя ўсіх сфер жыцця заходніх губерняў з вяліка­рускімі землямі імперыі.

Каб прыцягнуць на свой бок беларускую шляхту, расійскія ўлады давалі ёй магчымасць займаць розныя адміністрацыйныя пасады, але вядучую ролю ў кіраванні краем займалі стаўленікі расійскага імператара.

Для стварэння сваёй апоры ў краі ўрад праводзіў палітыку пашырэння рускага землеўладання. На тэрыторыі Беларусі Кацярына II і Павел I падаравалі ў спадчыннае ўладанне больш за 200 тыс. рэвізскіх (мужчынскіх) душ: як прыгонных, так і былых дзяржаўных сялян. Фаварыт Кацярыны II граф П. В. Завадоўскі атрымаў вялікую Магілёўскую эканомію (25 тыс. душ), яшчэ адзін фаварыт імператрыцы Г. А. Пацёмкін — ​Крычаўскае стараства (15 тыс. душ), генерал-фельдмаршал П. А. Румянцаў-Задунайскі — ​Гомельскае стараства (11 тыс. душ), генерал-фельдмаршал А. В. Сувораў — ​Кобрынскае стараства (7 тыс. душ).