§ 5–4. Грамадска-­палітычнае жыццё падчас ажыццяўлення палітыкі перабудовы

3. Узнікненне парламенцкай апазіцыі

У сакавіку-­красавіку 1990 г. прайшлі першыя ў гісторыі БССР выбары ў Вярхоўны Савет на альтэрнатыўнай аснове. У адпаведнасці са зменамі, унесенымі ў Канстытуцыю 1978 г., Вярхоўны Савет БССР складаўся з 360 дэпутатаў, якія абіраліся ў наступным парадку: 310 дэпутатаў па выбарчых акругах з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў і 50 дэпутатаў ад беларускіх рэспубліканскіх арганізацый. На 310 месцаў у беларускім парламенце прэтэндавала 1769 кандыдатаў. Вярхоўны Савет БССР пачаў сваю працу ў чэрвені 1990 г. у складзе 360 дэпутатаў. Большасць дэпутатаў складалі прыхільнікі кіруючага партыйна-­дзяржаўнага апарату. Разам з тым упершыню ў гісторыі Вярхоўнага Савета БССР узнікла парламенцкая апазіцыя са 100 дэпутатаў, якія ўтварылі Дэмакратычны клуб, які выступаў за паскарэнне рэформ у эканамічнай і палітычнай жыцця. Іх погляды не супадалі альбо супярэчылі меркаванню дэпутацкай большасці. 30 дэпутатаў, прадстаўнікоў парламенцкай апазіцыі, пазней увайшлі ў склад апазіцыйнай фракцыі Беларускага народнага фронту (БНФ).

У такіх умовах замест фармальнага аднагалоснага зацвярджэння законаў у Вярхоўным Савеце БССР праходзіла іх абмеркаванне. Адначасова пры падтрымцы парламенцкай большасці быў сфарміраваны Савет Міністраў на чале з В. Ф. Кебічам.