Печатать книгуПечатать книгу

§ 5–4. Грамадска-­палітычнае жыццё падчас ажыццяўлення палітыкі перабудовы

У чым заключаліся змены ў грамадска-­палітычным жыцці ў пачатку 1980‑х гг.?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 5–4. Грамадска-­палітычнае жыццё падчас ажыццяўлення палітыкі перабудовы
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 12 Март 2025, 18:42

1. Рэформа палітычнай сістэмы: дэмакратызацыя і галоснасць, альтэрнатыўны парадак выбараў

У сярэдзіне 1980-х гг. у СССР і БССР пачалася перабудова — ​перыяд радыкальных пераўтварэнняў, якія ў выніку прывялі да ліквідацыі ўлады КПСС і распаду СССР. Дадзены перыяд звязаны з прыходам да ўлады генеральнага сакратара ЦК КПСС М. С. Гарбачова.

На пачатковым этапе М. С. Гарбачоў лічыў галоўнай задачай удасканаленне сацыялізму, таму былі выкарыстаны традыцыйныя падыходы да мадэрнізацыі эканомікі: захоўваліся стары гаспадарчы механізм і адміністрацыйна-камандная сістэма. Рэфармаванне было зведзена да ўзмацнення кантролю за якасцю выпушчанай прадукцыі і паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця. Рабіліся першыя крокі ў кірунку рыначных адносін. Але ў хуткім часе няўдачы ў эканамічнай сферы падштурхнулі палітычнае кіраўніцтва СССР да рэфармавання палітычнага ладу краіны. У красавіку 1985 г. быў узяты курс на дэмакратызацыю палітычнага жыцця. Была абвешчана рэформа сістэмы палітычнай улады. У канцы 1988 г. былі ўнесены папраўкі ў Канстытуцыю СССР. Вышэйшым органам заканадаўчай улады станавіўся З’езд народных дэпутатаў СССР, які фарміраваў Вярхоўны Савет СССР. Быў прыняты новы выбарчы закон, паводле якога прадугледжваліся свабодныя выбары ва ўсе органы прадстаўнічай улады на альтэрнатыўнай аснове; разам з тым 1/3 месцаў у дадзеных органах пакідалася для прадстаўнікоў дзяржаўных грамадскіх арганізацый. У сакавіку 1989 г. адбыліся выбары З’езда народных дэпутатаў СССР, 60 дэпутатаў былі абраныя ад БССР.

Партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва БССР на чале з першым сакратаром ЦК КПБ Я. Сакаловым (1987–1990 гг.) займала больш кансерватыўныя пазіцыі ў параўнанні з саюзным кіраўніцтвам і крытычна ставілася да хуткіх палітычных пераўтварэнняў. Разам з тым у БССР, як і ў цэлым у СССР, палітыка галоснасці прывяла да імклівага фарміравання грамадзянскай супольнасці: узнікалі грамадзянскія ініцыятывы, ствараліся дыскусійныя і рабочыя клубы, грамадскія арганізацыі.

У сакавіку — ​красавіку 1990 г. прайшлі першыя ў гісторыі БССР выбары ў Вярхоўны Савет на альтэрнатыўнай аснове. Вярхоўны Савет БССР пачаў сваю працу ў чэрвені 1990 г. у складзе 360 дэпутатаў. Большасць дэпутатаў складалі прыхільнікі кіруючага партыйна-дзяржаўнага апарату. Адначасова пры падтрымцы парламенцкай большасці быў сфарміраваны Савет Міністраў на чале з В. Ф. Кебічам.

2. Фарміраванне шматпартыйнасці

ІІІ пазачарговы З’езд народных дэпутатаў СССР (сакавік 1990 г.) адмяніў 6‑ы артыкул Канстытуцыі СССР, што ліквідавала манаполію КПСС на ўладу ў краіне. У ліпені 1990 г. адпаведныя рэдакцыйныя змены былі ўнесены і ў Канстытуцыю БССР. У гэты ж час Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову «Аб рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў у Беларускай ССР». У Рэспубліцы з’явілася прававая аснова для фарміравання шматпартыйнай сістэмы.

Зараджэнне і фарміраванне шматпартыйнасці ў Беларусі праходзіла вельмі складана і супярэчліва. І ўсё ж працэс стварэння палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў у Рэспубліцы пачаўся. Да пачатку 1990‑х гг. у Беларусі масава ўзнікаюць палітычныя партыі. Адной з першых з’явілася Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі. У 1991 г. узніклі таксама Беларуская сялянская партыя, Беларуская сацыял-­дэмакратычная грамада, Партыя камуністаў Беларусі. На канец 1991 г. было зарэгістравана пяць партый. Членаў партыйных арганізацый аб’ядноўвала блізкасць іх ідэалагічных поглядаў. Першыя палітычныя партыі былі нешматлікімі і ў асноўным абапіраліся на інтэлігенцыю.

Стварэнне грамадскіх рухаў і фарміраванне шматпартыйнасці сталі магчымымі толькі ва ўмовах паслаблення кіруючай ролі КПБ. Аднак партыйнае кіраўніцтва ў Беларусі было схільна да адстойвання аднапартыйнай сістэмы. Кампартыя працягвала лічыць сябе кіруючай і накіроўваючай сілай грамадства, нягледзячы на скасаванне 6‑га артыкула Канстытуцыі БССР.

Па меры таго як у Рэспубліцы складвалася шматпартыйнасць, КПБ губляла манаполію на ўладу. Яе аўтарытэт падаў, і многія радавыя члены сталі выходзіць з партыі. Апошняй спробай вярнуць краіну ў даперабудовачны час стаў жнівеньскі путч 1991 г. — ​дзяржаўны пераварот з боку вышэйшага партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва ў Маскве, пакуль М. С. Гарбачоў знаходзіўся на адпачынку ў Крыме. Правал путчу толькі паскорыў крах КПСС і, адпаведна, КПБ, выйшла пастанова аб часовым прыпыненні іх дзейнасці на тэрыторыі Беларусі. Дадзеная пастанова дзейнічала да 1993 г. КПБ была забаронена і заканадаўча адхілена ад улады, якая ў поўным аб’ёме перайшла да Вярхоўнага Савета.

3. Узнікненне парламенцкай апазіцыі

У сакавіку-­красавіку 1990 г. прайшлі першыя ў гісторыі БССР выбары ў Вярхоўны Савет на альтэрнатыўнай аснове. У адпаведнасці са зменамі, унесенымі ў Канстытуцыю 1978 г., Вярхоўны Савет БССР складаўся з 360 дэпутатаў, якія абіраліся ў наступным парадку: 310 дэпутатаў па выбарчых акругах з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў і 50 дэпутатаў ад беларускіх рэспубліканскіх арганізацый. На 310 месцаў у беларускім парламенце прэтэндавала 1769 кандыдатаў. Вярхоўны Савет БССР пачаў сваю працу ў чэрвені 1990 г. у складзе 360 дэпутатаў. Большасць дэпутатаў складалі прыхільнікі кіруючага партыйна-­дзяржаўнага апарату. Разам з тым упершыню ў гісторыі Вярхоўнага Савета БССР узнікла парламенцкая апазіцыя са 100 дэпутатаў, якія ўтварылі Дэмакратычны клуб, які выступаў за паскарэнне рэформ у эканамічнай і палітычнай жыцця. Іх погляды не супадалі альбо супярэчылі меркаванню дэпутацкай большасці. 30 дэпутатаў, прадстаўнікоў парламенцкай апазіцыі, пазней увайшлі ў склад апазіцыйнай фракцыі Беларускага народнага фронту (БНФ).

У такіх умовах замест фармальнага аднагалоснага зацвярджэння законаў у Вярхоўным Савеце БССР праходзіла іх абмеркаванне. Адначасова пры падтрымцы парламенцкай большасці быў сфарміраваны Савет Міністраў на чале з В. Ф. Кебічам.

Пытанні і заданні

1. У чым заключалася дэмакратызацыя грамадска-­палітычнага жыцця ў БССР у другой палове 1980‑х — ​пачатку 1990‑х гг.?

2. Раскрыйце прычынна-­выніковую сувязь паміж пачаткам палітыкі перабудовы і галоснасці і развіццём у краіне дэмакратычных працэсаў.

3. Растлумачце, чаму для пераўтварэння савецкай палітычнай сістэмы было неабходна пазбавіць Камуністычную партыю манаполіі на ўладу.

4. Абмяркуйце, чаму ініцыятывы па пераўтварэнні грамадска-­палітычнага ладу маглі зыходзіць і рэальна зыходзілі «зверху», з верхніх эшалонаў улады.

5. Пакажыце, у чым складаецца палітычнае значэнне шматпартыйнасці.