§ 5–4. Грамадска-­палітычнае жыццё падчас ажыццяўлення палітыкі перабудовы

2. Фарміраванне шматпартыйнасці

ІІІ пазачарговы З’езд народных дэпутатаў СССР (сакавік 1990 г.) адмяніў 6‑ы артыкул Канстытуцыі СССР, што ліквідавала манаполію КПСС на ўладу ў краіне. У ліпені 1990 г. адпаведныя рэдакцыйныя змены былі ўнесены і ў Канстытуцыю БССР. У гэты ж час Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову «Аб рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў у Беларускай ССР». У Рэспубліцы з’явілася прававая аснова для фарміравання шматпартыйнай сістэмы.

Зараджэнне і фарміраванне шматпартыйнасці ў Беларусі праходзіла вельмі складана і супярэчліва. І ўсё ж працэс стварэння палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў у Рэспубліцы пачаўся. Да пачатку 1990‑х гг. у Беларусі масава ўзнікаюць палітычныя партыі. Адной з першых з’явілася Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі. У 1991 г. узніклі таксама Беларуская сялянская партыя, Беларуская сацыял-­дэмакратычная грамада, Партыя камуністаў Беларусі. На канец 1991 г. было зарэгістравана пяць партый. Членаў партыйных арганізацый аб’ядноўвала блізкасць іх ідэалагічных поглядаў. Першыя палітычныя партыі былі нешматлікімі і ў асноўным абапіраліся на інтэлігенцыю.

Стварэнне грамадскіх рухаў і фарміраванне шматпартыйнасці сталі магчымымі толькі ва ўмовах паслаблення кіруючай ролі КПБ. Аднак партыйнае кіраўніцтва ў Беларусі было схільна да адстойвання аднапартыйнай сістэмы. Кампартыя працягвала лічыць сябе кіруючай і накіроўваючай сілай грамадства, нягледзячы на скасаванне 6‑га артыкула Канстытуцыі БССР.

Па меры таго як у Рэспубліцы складвалася шматпартыйнасць, КПБ губляла манаполію на ўладу. Яе аўтарытэт падаў, і многія радавыя члены сталі выходзіць з партыі. Апошняй спробай вярнуць краіну ў даперабудовачны час стаў жнівеньскі путч 1991 г. — ​дзяржаўны пераварот з боку вышэйшага партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва ў Маскве, пакуль М. С. Гарбачоў знаходзіўся на адпачынку ў Крыме. Правал путчу толькі паскорыў крах КПСС і, адпаведна, КПБ, выйшла пастанова аб часовым прыпыненні іх дзейнасці на тэрыторыі Беларусі. Дадзеная пастанова дзейнічала да 1993 г. КПБ была забаронена і заканадаўча адхілена ад улады, якая ў поўным аб’ёме перайшла да Вярхоўнага Савета.