§ 5–4. Грамадска-палітычнае жыццё падчас ажыццяўлення палітыкі перабудовы
1. Рэформа палітычнай сістэмы: дэмакратызацыя і галоснасць, альтэрнатыўны парадак выбараў
У сярэдзіне 1980-х гг. у СССР і БССР пачалася перабудова — перыяд радыкальных пераўтварэнняў, якія ў выніку прывялі да ліквідацыі ўлады КПСС і распаду СССР. Дадзены перыяд звязаны з прыходам да ўлады генеральнага сакратара ЦК КПСС М. С. Гарбачова.
На пачатковым этапе М. С. Гарбачоў лічыў галоўнай задачай удасканаленне сацыялізму, таму былі выкарыстаны традыцыйныя падыходы да мадэрнізацыі эканомікі: захоўваліся стары гаспадарчы механізм і адміністрацыйна-камандная сістэма. Рэфармаванне было зведзена да ўзмацнення кантролю за якасцю выпушчанай прадукцыі і паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця. Рабіліся першыя крокі ў кірунку рыначных адносін. Але ў хуткім часе няўдачы ў эканамічнай сферы падштурхнулі палітычнае кіраўніцтва СССР да рэфармавання палітычнага ладу краіны. У красавіку 1985 г. быў узяты курс на дэмакратызацыю палітычнага жыцця. Была абвешчана рэформа сістэмы палітычнай улады. У канцы 1988 г. былі ўнесены папраўкі ў Канстытуцыю СССР. Вышэйшым органам заканадаўчай улады станавіўся З’езд народных дэпутатаў СССР, які фарміраваў Вярхоўны Савет СССР. Быў прыняты новы выбарчы закон, паводле якога прадугледжваліся свабодныя выбары ва ўсе органы прадстаўнічай улады на альтэрнатыўнай аснове; разам з тым 1/3 месцаў у дадзеных органах пакідалася для прадстаўнікоў дзяржаўных грамадскіх арганізацый. У сакавіку 1989 г. адбыліся выбары З’езда народных дэпутатаў СССР, 60 дэпутатаў былі абраныя ад БССР.
Партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва БССР на чале з першым сакратаром ЦК КПБ Я. Сакаловым (1987–1990 гг.) займала больш кансерватыўныя пазіцыі ў параўнанні з саюзным кіраўніцтвам і крытычна ставілася да хуткіх палітычных пераўтварэнняў. Разам з тым у БССР, як і ў цэлым у СССР, палітыка галоснасці прывяла да імклівага фарміравання грамадзянскай супольнасці: узнікалі грамадзянскія ініцыятывы, ствараліся дыскусійныя і рабочыя клубы, грамадскія арганізацыі.
У сакавіку — красавіку 1990 г. прайшлі першыя ў гісторыі БССР выбары ў Вярхоўны Савет на альтэрнатыўнай аснове. Вярхоўны Савет БССР пачаў сваю працу ў чэрвені 1990 г. у складзе 360 дэпутатаў. Большасць дэпутатаў складалі прыхільнікі кіруючага партыйна-дзяржаўнага апарату. Адначасова пры падтрымцы парламенцкай большасці быў сфарміраваны Савет Міністраў на чале з В. Ф. Кебічам.