§ 2–2. Грамадска-­палітычная сітуацыя ў пачатку ХХ ст.

6. Асаблівасці правядзення земскай рэформы ў Беларусі

Першага студзеня 1864 г. у Расійскай імперыі ствараліся губернскія і павятовыя органы тэрытарыяльнага самакіравання — ​земствы. У іх функцыі ўваходзіла кіраванне мясцовай гаспадаркай, народнай адукацыяй, медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва і г. д. У беларускіх губернях земская рэформа не праводзілася. Пасля паўстання 1863–1864 гг. расійскае самадзяржаўе не давярала мясцовым памешчыкам, баючыся, што ў выпадку абрання ў земскія ўстановы ўзмоцніцца іх уплыў у краі.

Прэм’ер-міністр П. А. Сталыпін прапанаваў праект земскай рэформы для заходніх губерняў, які дазволіў бы падняць палітычную ролю заможнага сялянства ў сістэме мясцовага самакіравання. Планаваная рэформа таксама была накіравана на паслабленне палітычнай ролі на мясцовым узроўні буйных землеўладальнікаў «польскага паходжання». Іх значная перавага ў колькасці перад «рускімі» ў гэтых губернях давала ім магчымасць выбіраць на дваранскіх сходах у Дзяржаўны савет выключна сваіх прадстаўнікоў.

Згодна з законапраектам, ухваленым П. А. Сталыпіным, земствы меркавалася стварыць у 1911 г. у Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях шляхам выбараў па нацыянальных курыях (групах). Праваслаўных беларускіх сялян залічвалі ў «рускую» курыю, а католікаў — ​у «польскую». Маёмасны цэнз выбаршчыкаў зменшылі ўдвая.

Уводзячы земскія органы самакіраванні ў заходніх губернях, царскі ўрад пераследваў мэты ўмацаваць пазіцыі і ўплыў праваслаўных абшарнікаў і праваслаўнага духавенства сярод сялян.

Прааналізаваўшы суадносіны «рускага» і «польскага» насельніцтва і адпаведны маёмасны цэнз ва ўсіх дзевяці заходніх губернях, урад не адважыўся ўвесці выбарныя земствы ў Гродзенскай і Віленскай губернях, дзе яны маглі трапіць у рукі польскай шляхты.