§ 2–2. Грамадска-палітычная сітуацыя ў пачатку ХХ ст.
4. Дынаміка і формы рэвалюцыйнага руху ў Беларусі
Як і ва ўсёй Расійскай імперыі, у Беларусі восенню 1905 г. узмацніўся сялянскі рух. Масавы характар прынялі парубкі памешчыцкага лесу, сяляне палілі памешчыцкія сядзібы, бровары. Узмацнілі сваю барацьбу супраць памешчыкаў і сельскагаспадарчыя рабочыя. Сяляне паступова аб’ядноўваліся з рабочым класам.
Пад уплывам рэвалюцыйнай агітацыі пашырыўся салдацкі рух. Аднак выступленні салдат не былі арганізаванымі і хутка падаўляліся.
Неабходна адзначыць, што царскі ўрад выкарыстоўваў не толькі рэпрэсіі. Другога снежня 1905 г. была адменена крымінальная адказнасць за ўдзел у эканамічных стачках. Вышэйшай кропкай развіцця рэвалюцыі стала снежаньскае паўстанне, якое ўспыхнула 9 снежня ў Маскве, а затым ахапіла і іншыя рэгіёны Расійскай імперыі. Па гарадах Беларусі пракаціліся стачкі, многія з якіх мелі палітычны характар.
Пасля паражэння снежаньскага паўстання ўрад змог перайсці ў наступленне. Пачатак 1906 г. адзначыўся спадам актыўных рэвалюцыйных дзеянняў. Увесну расійская сацыял-дэмакратыя спрабавала перагрупаваць свае сілы, аднак гэты працэс ішоў не вельмі плённа. З’езд Паўночна-Заходняга саюза РСДРП не змог прыйсці да агульных рашэнняў.
Важным этапам рабочага руху стала святкаванне 1 мая. У Беларусі ў гэты дзень палітычныя забастоўкі ахапілі амаль усе гарады і мястэчкі. За рабочым класам паднялася і новая хваля сялянскага руху.
Да восені 1906 г. рэвалюцыйны рух пайшоў на змяншэнне, хоць назіраўся ўздым сялянскага руху. З пачаткам уборкі бульбы сяляне-падзёншчыкі выступілі з патрабаваннем павялічыць заработную плату за ўборачныя работы. У 1907 г. да сярэдзіны года ясна абазначылася паражэнне рэвалюцыі.