§ 2–2. Грамадска-палітычная сітуацыя ў пачатку ХХ ст.
3. Маніфест 17 кастрычніка 1905 г.
Магутная хваля рэвалюцыйнай барацьбы працоўных, якая паднялася па ўсёй краіне, вымусіла Мікалая II выдаць 17 кастрычніка 1905 г. Маніфест аб абвяшчэнні дэмакратычных свабод — недатыкальнасці асобы, свабоды слова, сходаў, саюзаў і скліканні Дзяржаўнай думы з заканадаўчымі паўнамоцтвамі.
Ліберальная буржуазія была задаволеная такім рашэннем. Яе прадстаўнікі атрымалі магчымасць ствараць палітычныя партыі і ўдзельнічаць у прадстаўнічых органах улады. Іх бліжэйшыя задачы былі вырашаны.
Аднак левыя партыі былі ўпэўненыя, што барацьба не скончана, і лічылі неабходным працягваць яе. Для каардынацыі дзеянняў у гарадах Беларусі яны стваралі стачачныя камітэты, кааліцыйныя саветы. У палітычную барацьбу былі ўцягнуты працоўныя 53 гарадоў і мястэчак. У Мінску, Гомелі, Мазыры, Віцебску і другіх гарадах пры разгоне дэманстрацый мясцовыя ўлады прымянілі сілу. 18 кастрычніка па загадзе губернатара Мінска П. Р. Курлова на прывакзальнай плошчы былі расстраляныя ўдзельнікі мітынгу.