§ 1–1. Грамадска-палітычнае жыццё ў першай палове і сярэдзіне XIX ст.

3. Паўстанне 1830—1831 гг. і яго вынікі

Пасля ліквідацыі тайных таварыстваў у Беларусі прымаліся меры па прадухіленні ўзнікнення новых рэвалюцыйных арганізацый. Быў выдадзены імператарскі ўказ, які забараняў адпраўляць жыхароў Беларусі і Літвы на вучобу ў замежныя ўніверсітэты, а таксама ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Царства Польскага. Былі ўзмоцнены палітычны нагляд за адукацыйнымі ўстановамі і цэнзура замежнай і мясцовай прэсы. Ва ўсіх урадавых чыноўнікаў была ўзятая падпіска аб непрыналежнасці да тайных таварыстваў. Гэтыя меры, як і рэвалюцыйная сітуацыя ў Еўропе, незадаволенасць шляхты падзеламі Рэчы Паспалітай і пазбаўленне яе былых "залатых шляхецкіх вольнасцяў", наадварот, толькі спрыялі развіццю грамадска-палітычнага руху і паскорылі падрыхтоўку да паўстання ў Царстве Польскім.

Паўстанне пачалося 29 лістапада 1830 г. у Варшаве. Паўстанцам удалося захапіць горад. За кіраўніцтва паўстаннем змагаліся дзве плыні. Радыкальна настроеная шляхта на чале з І. Лялевелем выступіла за надзяленне сялян зямлёй з кампенсацыяй страт памешчыкам, за свабоду і супольную з расійскім народам барацьбу супраць царызму пад лозунгам «За нашу і вашу свабоду!", а таксама за адраджэнне Рэчы Паспалітай. Для кансерватыўнага напрамку на чале з князем А. Чартарыйскім галоўнай мэтай было адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Яго прадстаўнікі ў дасягненні сваёй мэты спадзяваліся на дапамогу Англіі і Францыі.

У Беларусі падрыхтоўку да паўстання вялі мясцовая апалячаная шляхта і інтэлігенцыя, каталіцкае і ўніяцкае духавенства. У студзені-лютым 1831 г. для планавання і каардынацыі дзеянняў паўстанцаў быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт (ЦПК). У ім пераважалі прадстаўнікі кансерватыўнага лагера. У канцы сакавіка-красавіку 1831 г. паўстанне распаўсюдзілася на Літву і заходнюю частку Беларусі. Большасць сялян і мяшчан была мабілізавана ў паўстанцкія атрады прымусова. Пераканаўшыся, што паўстанне нічога ім не дае, сяляне пакідалі атрады. ЦПК не змог арганізаваць адначасовае выступленне ва ўсіх рэгіёнах.

Царскі ўрад абвясціў, што сялянам, якія добраахвотна складуць зброю, будзе даравана, а шляхцічы, якія прынялі ўдзел у паўстанні, падлягаюць судоваму пераследу. Для падаўлення паўстання ў Беларусь былі накіраваныя войскі.

У канцы мая 1831 г. паўстанцкія атрады ў Віленскай і Мінскай губернях былі разгромленыя. У гэты ж час успыхнула паўстанне ў Гродзенскай губерні, але там яно атрымала значна меншае распаўсюджванне. Нягледзячы на тое, што з Польшчы перакідваліся паўстанцкія атрады для аднаўлення ваенных дзеянняў, ужо 19 чэрвеня 1831 г. польскае войска і паўстанцы былі разбітыя.

У Віцебскай і Магілёўскай губернях паўстанне мела больш яўны шляхецкі характар і не атрымала шырокага распаўсюджвання. У канцы жніўня 1831 г. яно было задушана ва ўсіх паветах Беларусі і Літвы, а затым і ў Польшчы.

Асноўнай прычынай няўдачы было тое, што кіраўнікі паўстання не ўлічвалі інтарэсы шырокіх слаёў насельніцтва, выступленне не было падтрымана сялянствам у Беларусі.