§ 1–1. Грамадска-палітычнае жыццё ў першай палове і сярэдзіне XIX ст.
Якім быў прававы статус шляхецкага саслоўя ў Рэчы Паспалітай? Што такое магдэбургскае права? Што такое юрыдыкі?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | § 1–1. Грамадска-палітычнае жыццё ў першай палове і сярэдзіне XIX ст. |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 27 Декабрь 2024, 11:44 |
1. Палітыка расійскага самадзяржаўя на тэрыторыі Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XIX ст.
Беларускія землі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай увайшлі ў склад Расійскай імперыі. На далучаных землях расійскі ўрад імкнуўся стварыць сабе апору сярод прывілеяваных саслоўяў: дваранства, духавенства, купецтва. Расійскаму ўраду на далучаных землях неабходна было ўлічваць імкненне шляхецкага саслоўя былой Рэчы Паспалітай да захавання свайго асаблівага прававога статусу. Для вырашэння грамадзянскіх спраў было дазволена карыстацца «мясцовымі законамі», калі яны не супярэчылі расійскім. На тэрыторыі Беларусі да 1840 г. працягваў дзейнічаць Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.
Усё насельніцтва, за выключэннем сялянства, прыводзілася да прысягі на вернасць расійскай імператрыцы Кацярыне II. Тым, хто не хацеў гэтага рабіць, было прапанавана выехаць за мяжу. Большасць магнатаў і шляхты прысягнулі новай уладзе, захавалі зямельныя ўладанні і атрымалі правы, роўныя з правамі рускага дваранства. Але разам з тым яны пазбавіліся правоў, якія былі ў іх у часы Рэчы Паспалітай: права выбіраць манарха, аб’ядноўвацца ў канфедэрацыі, утрымліваць войска.
Была ўведзена расійская падатковая сістэма: замест ранейшага падатку з кожнага двара ўжываўся падушны — з кожнай душы мужчынскага полу. Уводзілася рэкруцкая павіннасць.
Новай з’явай ва ўрадавым курсе стаў «разбор шляхты», што прадугледжвала выключэнне з дваранскага саслоўя ў выпадку адсутнасці дакументаў, якія пацвярджалі б прыналежнасць да яго. Дробная шляхта, якая ў большасці сваёй такіх дакументаў не мела, пераводзілася ў разрад сялян альбо мяшчан. Гэтае мерапрыемства дазволіла расійскаму ўраду павялічыць колькасць плацельшчыкаў падаткаў і пастаўшчыкоў рэкрутаў, а таксама зменшыць колькасць прадстаўнікоў прывілеяванага шляхецкага саслоўя на новых землях.
У 1794 г., згодна з указам Кацярыны II, у беларуска-літоўскіх губернях была ўведзена мяжа яўрэйскай аселасці, у якой яўрэям-іўдзеям забаранялася пражываць па-за межамі гарадоў і мястэчак. Таксама ім забаранялася перасяляцца за граніцы губерняў, што ўваходзілі ў мяжу яўрэйскай аселасці.
У гарадах скасоўвалася магдэбургскае права, адмяняліся юрыдыкі. На беларускія гарады распаўсюджваліся прынцыпы расійскага гарадскога самакіравання.
Нягледзячы на даволі асцярожную палітыку, якая праводзілася расійскім урадам у пачатку XIX ст., значная частка апалячанай шляхты была незадаволена сваім становішчам.
2. Польскія і расійскія дваранскія рэвалюцыянеры ў Беларусі
Ідэі Французскай рэвалюцыі «Свабода, роўнасць і братэрства», ваенныя падзеі 1812 г., чаканне канстытуцыйнай рэформы ў Расіі значна паўплывалі на развіццё грамадска-палітычнага руху на беларускіх землях. Увядзенне Канстытуцыі ў Царстве Польскім у 1815 г. не адпавядала ў поўнай меры імкненню найбольш радыкальнай часткі шляхты да адраджэння былой Рэчы Паспалітай. Для дасягнення сваіх грамадскіх і нацыянальных ідэалаў шляхецкая інтэлігенцыя, вучнёўская моладзь у Беларусі сталі аб’ядноўвацца ў тайныя арганізацыі.
У 1817 г. па ініцыятыве студэнтаў Віленскага ўніверсітэта А. Міцкевіча, Т. Зана, Я. Чачота было створана тайнае Таварыства філаматаў («аматараў ведаў»). Сваю культурна-асветніцкую дзейнасць яны спалучалі з ідэямі барацьбы за адраджэнне Рэчы Паспалітай і з прасоўваннем такіх радыкальных сацыяльных пераўтварэнняў у грамадстве, як адмена прыгоннага права, увядзенне канстытуцыйнай формы кіравання, адстойванне права народаў на незалежнасць.
Ідэі і погляды філаматаў падзялялі навучэнцы Свіслацкай, Беластоцкай гімназій, якія ў 1820 г. пад кіраўніцтвам М. Рукевіча ўтварылі Таварыства філарэтаў («аматараў навук»). У перыяд з 1817 па 1823 г. у Царстве Польскім і ў беларускіх губернях дзейнічала каля 50 аб’яднанняў студэнцкай моладзі.
Члены гэтых арганізацый падтрымлівалі цесныя кантакты з рускімі дваранскімі рэвалюцыянерамі-дзекабрыстамі. Пачатак дзейнасці дзекабрыстаў у Беларусі звязаны з пераводам сюды з Пецярбурга гвардзейскага палка (часці), у якім служылі члены дзекабрысцкага «Паўночнага таварыства». У 1820 г. кіраўнік гэтага таварыства Мікіта Мураўёў, знаходзячыся ў Мінску, напісаў першапачатковы варыянт праекта канстытуцыі Расійскай дзяржавы (вядомы як «мінскі варыянт»). Гэты варыянт прадугледжваў стварэнне ў Расіі канстытуцыйнай манархіі, адмену прыгоннага права («Раб, які крануўся зямлі рускай, становіцца вольным»). Паводле гэтага праекта Расія павінна была стаць федэрацыяй, што складалася б з шэрагу «дзяржаў», «абласцей» са сваімі сталіцамі. Прадугледжвалася і Заходняя дзяржава са сталіцай Вільня.
Многія афіцэры-дзекабрысты служылі ў Бабруйскай крэпасці, сярод іх — С. І. Мураўёў-Апостал і М. П. Бястужаў-Румін. Па іх ініцыятыве ў 1823 г. у Бабруйску быў распрацаваны план арышту Аляксандра I падчас агляду войска. Аднак гэты план не быў ажыццёўлены.
У снежні 1825 г. на Беласточчыне ў Літоўском асобным корпусе арганізатары тайнага «Таварыства ваенных сяброў» К. Г. Ігельстром, А. І. Вегелін, М. І. Рукевіч сарвалі цырымонію прыняцця прысягі на вернасць Мікалаю I.
Пасля задушэння паўстання дзекабрыстаў у 1825 г. у Пецярбургу царскі ўрад разграміў тайныя арганізацыі і ў Беларусі. Многія іх удзельнікі былі арыштаваны і сасланы ў Сібір.
3. Паўстанне 1830—1831 гг. і яго вынікі
Пасля ліквідацыі тайных таварыстваў у Беларусі прымаліся меры па прадухіленні ўзнікнення новых рэвалюцыйных арганізацый. Быў выдадзены імператарскі ўказ, які забараняў адпраўляць жыхароў Беларусі і Літвы на вучобу ў замежныя ўніверсітэты, а таксама ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Царства Польскага. Былі ўзмоцнены палітычны нагляд за адукацыйнымі ўстановамі і цэнзура замежнай і мясцовай прэсы. Ва ўсіх урадавых чыноўнікаў была ўзятая падпіска аб непрыналежнасці да тайных таварыстваў. Гэтыя меры, як і рэвалюцыйная сітуацыя ў Еўропе, незадаволенасць шляхты падзеламі Рэчы Паспалітай і пазбаўленне яе былых "залатых шляхецкіх вольнасцяў", наадварот, толькі спрыялі развіццю грамадска-палітычнага руху і паскорылі падрыхтоўку да паўстання ў Царстве Польскім.
Паўстанне пачалося 29 лістапада 1830 г. у Варшаве. Паўстанцам удалося захапіць горад. За кіраўніцтва паўстаннем змагаліся дзве плыні. Радыкальна настроеная шляхта на чале з І. Лялевелем выступіла за надзяленне сялян зямлёй з кампенсацыяй страт памешчыкам, за свабоду і супольную з расійскім народам барацьбу супраць царызму пад лозунгам «За нашу і вашу свабоду!", а таксама за адраджэнне Рэчы Паспалітай. Для кансерватыўнага напрамку на чале з князем А. Чартарыйскім галоўнай мэтай было адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Яго прадстаўнікі ў дасягненні сваёй мэты спадзяваліся на дапамогу Англіі і Францыі.
У Беларусі падрыхтоўку да паўстання вялі мясцовая апалячаная шляхта і інтэлігенцыя, каталіцкае і ўніяцкае духавенства. У студзені-лютым 1831 г. для планавання і каардынацыі дзеянняў паўстанцаў быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт (ЦПК). У ім пераважалі прадстаўнікі кансерватыўнага лагера. У канцы сакавіка-красавіку 1831 г. паўстанне распаўсюдзілася на Літву і заходнюю частку Беларусі. Большасць сялян і мяшчан была мабілізавана ў паўстанцкія атрады прымусова. Пераканаўшыся, што паўстанне нічога ім не дае, сяляне пакідалі атрады. ЦПК не змог арганізаваць адначасовае выступленне ва ўсіх рэгіёнах.
Царскі ўрад абвясціў, што сялянам, якія добраахвотна складуць зброю, будзе даравана, а шляхцічы, якія прынялі ўдзел у паўстанні, падлягаюць судоваму пераследу. Для падаўлення паўстання ў Беларусь былі накіраваныя войскі.
У канцы мая 1831 г. паўстанцкія атрады ў Віленскай і Мінскай губернях былі разгромленыя. У гэты ж час успыхнула паўстанне ў Гродзенскай губерні, але там яно атрымала значна меншае распаўсюджванне. Нягледзячы на тое, што з Польшчы перакідваліся паўстанцкія атрады для аднаўлення ваенных дзеянняў, ужо 19 чэрвеня 1831 г. польскае войска і паўстанцы былі разбітыя.
У Віцебскай і Магілёўскай губернях паўстанне мела больш яўны шляхецкі характар і не атрымала шырокага распаўсюджвання. У канцы жніўня 1831 г. яно было задушана ва ўсіх паветах Беларусі і Літвы, а затым і ў Польшчы.
Асноўнай прычынай няўдачы было тое, што кіраўнікі паўстання не ўлічвалі інтарэсы шырокіх слаёў насельніцтва, выступленне не было падтрымана сялянствам у Беларусі.
4. Палітыка расейскага ўрада на беларускіх землях у сярэдзіне XIX ст.
Пасля падаўлення паўстання многія яго ўдзельнікі паўсталі перад судом. Разам з тым расійскім урадам у Беларусі былі праведзеныя некаторыя адміністрацыйныя і палітычныя мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне ўлады. Быў распрацаваны канкрэтны план поўнага зліцця далучаных у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай зямель з Расіяй пад сцягам праваслаўя і адзінай рускай народнасці. Найважнейшымі мерапрыемствамі ў гэтым напрамку былі ўвядзенне ў 1831 г. расійскага заканадаўства, адмена дзеяння Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. у Віцебскай і Магілёўскай, а ў 1840 г. у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях. З 1831 па 1848 г. у якасці дарадчага органа пры імператары функцыянаваў асаблівы Камітэт па справах заходніх губерняў. Ён разглядаў праекты адміністрацыйных і палітычных мерапрыемстваў у Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне, якія паступалі ад міністраў, губернатараў, генерал-губернатараў, і падаваў іх на зацвярджэнне імператару. Ажыццяўляўся цэлы комплекс мерапрыемстваў па папярэджанні магчымых шляхецкіх выступленняў, працягнуўся «разбор шляхты».
Адным з напрамкаў палітыкі ўрада стала барацьба супраць уплыву каталіцкай царквы. Яна ішла па лініі скарачэння каталіцкага духавенства. Былі ліквідаваныя некамплектныя каталіцкія манастыры, а іх ўладанні перададзены ў казну.
Яшчэ адной мерай сталі рэформы ў адукацыі. Забаранялася выкладаць польскую мову як асобны прадмет. За распаўсюджванне ідэй польскага нацыянальнага руху ў 1832 г. быў зачынены Віленскі ўніверсітэт. Падрыхтоўкай выкладчыкаў для Беларусі заняліся Пецярбургскі настаўніцкі інстытут і створаная ў Віцебску настаўніцкая семінарыя, якая не давала вышэйшай адукацыі.
Аднак прынятыя меры не змаглі прадухіліць уздым грамадска-палітычнага руху ў Беларусі. У 1836 г. у Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі па ініцыятыве Ф. А. Савіча было створана «дэмакратычнае грамадства». Арганізацыя прапагандавала ідэі інтэрнацыяналізму, усталяванне грамадскага ладу, пры якім усе былі б роўныя, а кіраванне знаходзілася б у руках працоўнага народа. У 1839 г. Ф. А. Савіч і яго таварышы былі арыштаваныя.
На рост рэвалюцыйнага руху ў Беларусі аказалі ўплыў і рэвалюцыі 1848–1849 гг. у Еўропе. Ва ўсіх беларускіх губернях на працягу гэтых гадоў узнікалі тайныя рэвалюцыйныя грамадствы, а часам адбываліся хваляванні, у асноўным сярод навучэнскай моладзі, як, напрыклад, у 1848 г. у Мінскай і Слуцкай гімназіях.
Пытанні і заданні
1. Дакажыце, што праводзімая расійскім урадам у першай трэці XIX ст. палітыка ў дачыненні да розных сацыяльных слаёў адрознівалася паслядоўнасцю і асцярогай. Растлумачце магчымыя прычыны падобнага стаўлення да насельніцтва беларускіх губерняў.
2. Вылучыце агульнае і асаблівае ў патрабаваннях польскіх і расійскіх дваранскіх рэвалюцыянераў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі.
3. Ахарактарызуйце паўстанне 1830–1831 гг. па наступных параметрах: прычыны паўстання; асноўныя мэты паўстанцаў; сацыяльны склад; плыні ў паўстанні; характар паўстання; асноўныя вынікі.
4. Растлумачце, як і чаму змяніўся палітычны курс расійскага ўрада пасля падаўлення ў беларускіх губернях паўстання 1830–1831 гг.