§ 0—6. Параўнальная характарыстыка будовы стрававальнай і крывяноснай сістэм у жывёл

Параўнальная характарыстыка будовы крывяноснай сістэмы ў жывёл

Крывяносная сістэма, акрамя перамяшчэння пажыўных рэчываў, забяспечвае транспарт газаў (кіслароду і вуглякіслага газу) пры газаабмене, прадуктаў распаду да органаў выдзялення, гармонаў ад эндакрынных залоз да органаў-мішэней. З прычыны гэтага крывяносная сістэма з’яўляецца адной з найважнейшых інтэгравальных сістэм арганізма, якія забяспечваюць яго функцыянальную цэласнасць. Разгледзім адметныя асаблівасці будовы і эвалюцыю крывяноснай сістэмы ў розных тыпаў жывёл.

У будове крывяноснай сістэмы можна вылучыць чатыры асноўныя элементы: галоўны скарачальны орган (часцей за ўсё сэрца); артэрыі — сасуды, якія дастаўляюць кроў ад сэрца да тканак і органаў; капіляры — дробныя сасуды ў тканках, дзе адбываецца газаабмен; вены — сасуды, што забяспечваюць вяртанне крыві ад тканак да сэрца. Ва ўсіх жывёл рух крыві дзякуючы наяўнасці клапанаў адбываецца толькі ў адным напрамку (сэрца → артэрыі → капіляры → вены → сэрца).

Крывяносная сістэма бывае двух тыпаў: замкнутая і незамкнутая. Яна называецца замкнутай, калі кроў цыркулюе толькі па сасудах, і незамкнутай, калі сасуды адкрываюцца ў шчылінападобныя прасторы поласці цела.

У прадстаўнікоў тыпаў Кішачнаполасцевыя, Плоскія і Круглыя чэрві крывяносная сістэма адсутнічае. Упершыню крывяносная сістэма з’явілася ў кольчатых чарвей і была замкнутага тыпу. Эвалюцыя крывяноснай сістэмы паказана на малюнку і апісана ў табліцы.

Табліца. Параўнальная характарыстыка будовы крывяноснай сістэмы ў жывёл

Сістэматычная група

Орган

Асаблівасці будовы крывяноснай сістэмы

Тып Кольчатыя чэрві

Спінны, брушны і кальцавыя сасуды. Ёсць капіляры 

Сэрца адсутнічае, яго ролю выконваюць некалькі кальцавых сасудаў («сэрцаў»). Крывяносная сістэма замкнутая

Тып Малюскі

Сэрца двухкамернае: перадсэрдзе і жалудачак, крывяносныя сасуды У сэрцы артэрыяльная кроў. Усе тканкі і органы забяспечваюцца артэрыяльнай крывёй. Кроў цячэ па сасудах і шчылінападобных поласцях цела.  Крывяносная сістэма незамкнутая

Тып Членістаногія

Сэрца трубчастае з адтулінамі па баках, крывяносныя сасуды

Крывяносная сістэма незамкнутая. Кровазварот, падобны да кровазвароту малюска

Тып Хордавыя

Сэрца, сасуды (вены, артэрыі, капіляры)

Ва ўсіх хордавых крывяносная сістэма замкнутая. Аорта — самы буйны сасуд

Класы Храстковыя рыбы, Касцявыя рыбы

Сэрца двухкамернае: перадсэрдзе і жалудачак

Адзін круг кровазвароту. У сэрцы вянозная кроў. Усе тканкі і органы забяспечваюцца артэрыяльнай крывёй

Клас Земнаводныя

Сэрца трохкамернае: 1 жалудачак, 2 перадсэрдзі

Два кругі кровазвароту: вялікі і малы. У левым перадсэрдзі артэрыяльная кроў, у правым перадсэрдзі і жалудачку кроў змешаная. Галаўны мозг забяспечваецца артэрыяльнай крывёй, а цела атрымлівае змешаную кроў

Клас Паўзуны

Сэрца трохкамернае: 1 жалудачак, 2 перадсэрдзі, у жалудачку ёсць няпоўная перагародка

Два кругі кровазвароту: вялікі і малы. Да галавы і пярэдніх канечнасцей паступае артэрыяльная кроў, а цела і заднія канечнасці атрымліваюць змешаную кроў. У кракадзілаў сэрца чатырохкамернае: 2 жалудачкі, 2 перадсэрдзі, але маецца адтуліна паміж левай і правай дугамі аорты, што прыводзіць да частковага змешвання артэрыяльнай і вянознай крыві

Клас Птушкі

Сэрца чатырохкамернае: 2 жалудачкі, 2 перадсэрдзі

Два кругі кровазвароту: вялікі і малы. Поўны падзел артэрыяльнага і вянознага краватокаў. Усе тканкі і органы забяспечваюцца артэрыяльнай крывёй. Правая дуга аорты адыходзіць ад левага жалудачка

Клас Млекакормячыя

Сэрца чатырохкамернае: 2 жалудачкі, 2 перадсэрдзі

Крывяносная сістэма, як у птушак, толькі левая дуга аорты адыходзіць ад левага жалудачка

 

Як бачна з малюнка і табліцы, у большасці беспазваночных (малюскі, членістаногія) крывяносная сістэма незамкнутая, і транспарт рэчываў ажыццяўляе гемалімфа, якая паступае ў поласць цела і абмывае тканкі і органы. У кольчатых чарвей і ўсіх класаў пазваночных замкнутая крывяносная сістэма. У пазваночных па меры павелічэння памераў цела крывяносная сістэма эвалюцыянавала ў наступным напрамку: двухкамернае сэрца — адзін круг кровазвароту →  трохкамернае сэрца — два кругі кровазвароту з няпоўным падзелам вянознай і артэрыяльнай крыві →  чатырохкамернае сэрца — два кругі кровазвароту з поўным падзелам краватокаў.

Паўторым галоўнае. Усе жывёлы з’яўляюцца гетэратрофамі і спажываюць арганічныя рэчывы ў складзе ежы. Ежа ў арганізме жывёл ператраўляецца з дапамогай стрававальнай сістэмы. Раснічныя чэрві і смактуны маюць замкнутую стрававальную сістэму. Ва ўсіх астатніх тыпаў жывёл стрававальная сістэма прадстаўлена скразной стрававальнай трубкай, падзеленай на тры аддзелы — пярэдні, сярэдні і задні. Эвалюцыя стрававальнай сістэмы ў жывёл працякала ў напрамку падаўжэння стрававальнай трубкі і дыферэнцыяцыі яе аддзелаў; з’яўлення ў пярэднім аддзеле сківіц, зубоў, языка; развіцця стрававальных залоз; удасканалення структур, якія забяспечваюць усмоктванне пажыўных рэчываў.

Крывяносная сістэма ў жывёл выконвае функцыю транспарту пажыўных рэчываў, газаў, прадуктаў распаду, гармонаў. Яна складаецца з сэрца і сасудаў (артэрыі, вены, капіляры). Крывяносная сістэма бывае двух тыпаў: незамкнутая і замкнутая. Незамкнутую крывяносную сістэму маюць малюскі і членістаногія. У кольчатых чарвей і пазваночных крывяносная сістэма замкнутая. У пазваночных эвалюцыя крывяноснай сістэмы ішла ў напрамку павелічэння колькасці камер у сэрцы (ад дзвюх да чатырох), колькасці кругоў кровазвароту і падзелу артэрыяльнага і вянознага краватокаў.