§ 0—6. Параўнальная характарыстыка будовы стрававальнай і крывяноснай сістэм у жывёл

Параўнальная характарыстыка будовы стрававальнай сістэмы ў розных груп жывёл

Усе жывёлы з’яўляюцца гетэратрофнымі арганізмамі, якім для падтрымання працэсаў жыццядзейнасці патрабуецца паступленне з навакольнага асяроддзя арганічных рэчываў у складзе ежы. Ежа ў арганізме падвяргаецца ператварэнню — страваванню з дапамогай спецыялізаваных органаў, што складаюць стрававальную сістэму (стрававальны або страўнікава-кішачны тракт).

Страваванне — сукупнасць працэсаў, якія праходзяць у стрававальнай сістэме і забяспечваюць механічнае драбненне і хімічнае расшчапленне (ператраўліванне з удзелам стрававальных ферментаў) складаных пажыўных рэчываў ежы.

 Гэта цікава

У жывёл адрозніваюць наступныя тыпы стрававання: унутрыполасцевае страваванне — адбываецца ў поласці стрававальнага тракта (характэрна для жывёл, якія маюць стрававальны тракт); пазакішачнае страваванне — стрававальныя ферменты ўводзяцца ў цела ахвяры, затым часткова ператраўленая ежа ўсмоктваецца (характэрна для павукоў і лічынак жукоў плывунцоў); прысценачнае страваванне — расшчапленне прадуктаў унутрыполасцевага стрававання ферментамі, фіксаванымі на мембранах мікраварсінак клетак слізістай абалонкі кішэчніка, пасля чаго ідзе ўсмоктванне (уласціва шмат якім беспазваночным і ўсім пазваночным); унутрыклетачнае страваванне — адбываецца ў клетках слізістай абалонкі кішэчніка пад уплывам унутрыклетачных ферментаў (характэрна для ўсіх жывёл, але працякае ў рознай ступені).

 Як пабудавана стрававальная сістэма ў жывёл? Разгледзім асаблівасці яе будовы і эвалюцыю ў розных таксанамічных груп жывёл.

Гэта цікава

У кішачнаполасцевых стрававальная сістэма адсутнічае. Маецца толькі кішачная поласць з ротавай адтулінай, акружаная энтадэрмай. У ёй адбываецца ўнутрыполасцевае страваванне пад дзеяннем ферментаў, якія выдзяляюцца залозістымі клеткамі энтадэрмы. Завяршаецца працэс ператраўлівання ў стрававальных клетках энтадэрмы. У кішачнаполасцевых унутрыполасцевае страваванне ў роўнай ступені спалучаецца з унутрыклетачным. Паступленне ежы ўнутр і выдаленне неператраўленых рэшткаў адбываецца адным і тым жа шляхам — праз ротавую адтуліну.

У плоскіх чарвей (за выключэннем класа Стужачныя чэрві) упершыню з’яўляецца стрававальная сістэма з двух аддзелаў — пярэдняга і сярэдняга. Яна ўключае рот, глотку і разгалінаваны кішэчнік. Слепа замкнутыя галіны кішэчніка заходзяць амаль ва ўсе часткі цела, што палягчае размеркаванне ператраўленай ежы. У раснічных чарвей (планарыя) рот размешчаны на брушным боку, а ў смактуноў (пячоначны смактун) — у цэнтры ротавай прысоскі і пераходзіць у мускулістую глотку. У стужачных чарвей (бычыны цэпень) гатовыя пажыўныя рэчывы ўсмоктваюцца ўсёй паверхняй цела.

Ва ўсіх жывёл, пачынаючы з круглых чарвей, стрававальная сістэма прадстаўлена скразной трубкай, якая пачынаецца ротавай і заканчваецца анальнай адтулінай. Гэта забяспечвае аднанакіраванае перамяшчэнне ежы пры ператраўліванні. Стрававальны тракт складаецца з трох аддзелаў — пярэдняга, сярэдняга і задняга, якія спецыялізаваны па функцыях і ў розных жывёл адрозніваюцца па будове і наяўнасці дапаможных структур.

У круглых чарвей самая простая скразная стрававальная сістэма, якая ўключае рот з трыма губамі, ротавую поласць, мускулістую глотку, сярэднюю і заднюю кішку, анальную адтуліну. 

У кольчатых чарвей у параўнанні з круглымі назіраецца з’яўленне ў пярэднім аддзеле стрававальнай сістэмы такіх дадатковых структур, як стрававод, валлё, мускульны страўнік. Дапаможную ролю ў страваванні адыгрываюць стрававальныя залозы, якія з’явіліся: вапнавыя — у земляных чарвей, слінныя — у п’явак.

Адметныя асаблівасці будовы стрававальнай сістэмы ў розных класаў малюскаў абумоўлены іх адрозненнямі паводле спосабу стрававання. Раслінаедныя бруханогія малюскі кормяцца шляхам саскрабання тканак раслін, таму ў ротавай поласці ў іх ёсць мускульны язык з цёркай. У двухстворкавых малюскаў фільтрацыйны тып стрававання. У сувязі з гэтым складкі мантыі ў іх утвараюць ніжні (увадны) і верхні (вывадны) сіфоны, якія забяспечваюць праточнасць вады і паступленне дробных беспазваночных і пратыстаў у мантыйную поласць. Драпежныя галаваногія малюскі ў ротавай поласці маюць хіцінавыя сківіцы. У малюскаў, акрамя слінных залоз, з'яўляецца буйная стрававальная залоза — печань.

У членістаногіх стрававальная сістэма мае падобную будову да будовы яе ў малюскаў. У пярэдняй кішцы (у прыватнасці, у страўніку) у некаторых членістаногіх, пераважна раслінаедных відаў, ёсць хіцінавыя ўтварэнні, якія служаць для расцірання цвёрдай ежы. Ротавы апарат добра развіты і ўтвораны відазмененымі канечнасцямі. Ён моцна адрозніваецца ў розных атрадаў насякомых у сувязі з разнастайнасцю выкарыстоўваемай ежы (грызучы, колюча-сысучы, ліжучы, хлябтаючы і інш.). У павукоў маецца пазакішачнае страваванне, таму глотка ў іх выконвае функцыю смактальнага апарата, які паглынае напаўвадкую ежу. Сярэдняя кішка ў ракападобных і павукападобных мае некалькі пячоначных вырастаў. У насякомых печань адсутнічае.

Як вы ўжо ведаеце з курса біялогіі 8-га класа, тып Хордавыя падзяляюць на два падтыпы: Бесчарапныя і Пазваночныя. У прадстаўнікоў бесчарапных ёсць хорда, але няма чэрапа (клас Ланцэтнікі). Па ўнутранай будове бесчарапныя займаюць прамежкавае становішча паміж беспазваночнымі і пазваночнымі. У пазваночных хорда замяняецца пазваночнікам. Падтып Пазваночныя дзеляць на класы: Храстковыя рыбы, Касцявыя рыбы, Земнаводныя (Амфібіі), Паўзуны (Рэптыліі), Птушкі, Млекакормячыя.

Характэрныя асаблівасці стрававальнай сістэмы ў прадстаўнікоў розных класаў пазваночных абумоўлены іх прыстасаванасцю да жыцця ў розных экалагічных умовах і выкарыстаннем разнастайнай ежы.

У большасці рыб маюцца вострыя зубы для захопу і ўтрымання здабычы ці расцірання расліннай ежы. У страўніку залозы вылучаюць страўнікавы сок. Упершыню з’яўляюцца падстраўнікавая залоза і жоўцевы пузыр, іх сакрэты (падстраўнікавы сок і жоўць) паступаюць у кішэчнік і ўдзельнічаюць у страваванні.

Адметнымі асаблівасцямі стрававальнай сістэмы земнаводных з’яўляюцца: наяўнасць у ротавай поласці доўгага языка і слінных залоз, а таксама ўтварэнне клаакі на канцы кішэчніка.

Паўзуны маюць моцныя сківіцы і вострыя зубы, у некаторых з іх ёсць ядавітыя зубы, якія ў змей звязваюцца з ядавітымі залозамі, што развіліся са слінных залоз. На мяжы тонкай і тоўстай кішкі ёсць сляпая кішка. Кішэчнік заканчваецца клаакай.

У птушак змяненні ў стрававальнай сістэме звязаны з прыстасаванасцю да палёту. У іх няма сківіц і зубоў, іх замяняе рагавая дзюба, форма якой залежыць ад віду корму. У канцы стрававода ёсць валлё, дзе ежа назапашваецца і размякчаецца. Страўнік падзяляецца на два аддзелы — залозісты (хімічная апрацоўка ежы) і мускульны (механічная апрацоўка ежы). Тонкі кішэчнік падаўжаецца, а тоўсты скарачаецца і заканчваецца клаакай.

Адметнай асаблівасцю стрававальнай сістэмы млекакормячых з’яўляецца наяўнасць губ вакол ротавай поласці і дыферэнцыяцыя зубоў на разцы, іклы і карэнныя. У жвачных парнакапытных (зубр, казуля, лось) кішэчнік шматкамерны (рубец, сетка, кніжка, сычуг). У раслінаедных жывёл добра развіта сляпая кішка. Даўжыня тоўстага кішэчніка ў параўнанні з птушкамі павялічваецца.

Пасля ператраўлівання ежы ў стрававальнай сістэме пажыўныя рэчывы ўсмоктваюцца варсінкамі тонкага кішэчніка, у якіх знаходзяцца капіляры крывяносных і лімфатычных сасудаў. Для далейшага перамяшчэння пажыўных рэчываў у тканкі патрабуецца транспартная сістэма. Гэту ролю ўзяла на сябе крывяносная сістэма, у якой цыркулюе кроў ці гемалімфа (сумесь крыві і лімфы).

Такім чынам, асноўнымі напрамкамі эвалюцыі стрававальнай сістэмы ў жывёл з’яўляюцца: падаўжэнне стрававальнага тракту і дыферэнцыяцыя яго аддзелаў; з’яўленне ў пярэднім аддзеле органаў захопу і механічнай апрацоўкі ежы: сківіц, зубоў, языка; развіццё стрававальных залоз; удасканаленне структур, якія забяспечваюць найбольш інтэнсіўнае ўсмоктванне пажыўных рэчываў.