§ 18. Краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі ў міжваенны перыяд

4. Лацінская Амерыка

У першай палове XX ст. развіццё эканомікі Лацінскай Амерыкі мела ярка выражаны экспартна-сыравінны характар. Аргенціна і Уругвай вывозілі мяса і збожжа. Краіны трапічнай зоны Цэнтральнай Амерыкі і Карыбскага басейна, Калумбія, Эквадор, Бразілія экспартавалі фрукты, каву і цукар. Мексіка, Венесуэла, Перу, Балівія, Чылі пастаўлялі на сусветны рынак мінеральную сыравіну (серабро, нафту, стратэгічныя металы, волава, медзь і інш.). Сыравінная спецыялізацыя эканомікі вымушала лацінаамерыканскія краіны імпартаваць прамысловую прадукцыю і перадавыя тэхналогіі з Еўропы і ЗША.

Сусветны эканамічны крызіс прывёў да рэзкага скарачэння попыту на сельскагаспадарчую і сыравінную прадукцыю, падзення нацыянальнай вытворчасці, росту беспрацоўя і зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва. У краінах Лацінскай Амерыкі абвастрыліся сацыяльныя супярэчнасці. У Бразіліі і на Кубе адбыліся рэвалюцыі, у Нікарагуа разгарнулася партызанская барацьба. З мэтай выхаду з крызісу кіруючыя колы лацінаамерыканскіх краін актывізавалі палітыку дзяржаўнага рэгулявання. У той жа час амерыканскі прэзідэнт Ф. Рузвельт абвясціў у дачыненні да Лацінскай Амерыкі палітыку «добрага суседа», якая азначала адмову ЗША ад інтэрвенцыі ў краіны рэгіёна, гэта значыць ад ранейшай «палітыкі вялікай дубінкі».