§ 18. Краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі ў міжваенны перыяд

1. Тэрытарыяльны перадзел свету

Пасля Першай сусветнай вайны адбыўся тэрытарыяльны перадзел свету. Пераможаная Германія страціла свае каланіяльныя ўладанні.
У 1918 г. вялікія дзяржавы дэкларатыўна абвясцілі права народаў на самавызначэнне. Для яго рэалізацыі была створана мандатная сістэма. Яе прапанавалі Англія і Францыя з мэтай узаконіць захопленыя імі калоніі Германіі ў Афрыцы, Азіі, на Ціхім акіяне і ўладанні Асманскай імперыі на Блізкім Усходзе. Мандат, які давала Ліга Нацый, дазваляў «перадавым нацыям» ажыццяўляць «свяшчэнную місію», гэта значыць апекавацца над народамі, якія былі «яшчэ не ў стане кіраваць сабой» і ўласнымі тэрыторыямі. Такая фармулёўка адлюстроўвала ідэалогію «белага каланіялізму», якой прытрымліваліся кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў. Мандаты на кіраванне атрымалі галоўным чынам Вялікабрытанія і Францыя — традыцыйныя каланіяльныя дзяржавы. Падмандатнымі тэрыторыямі сталі Сірыя, Ліван, Ірак, Палесціна, Тога, Паўднёва-Заходняя Афрыка і Самоа.

У канчатковым выніку становішча калоній пасля Першай сусветнай вайны мала змянілася. Метраполіі навязвалі падуладным народам мадэль развіцця, якая капіравала еўрапейскія ўзоры і парушала мясцовыя гістарычныя традыцыі, што выклікала адпор і супраціўленне.