§ 53. Ахова навакольнага асяроддзя ад шкоднага ўздзеяння хімічных рэчываў. «Зялёная хімія»
Пытанні, заданні, задачы
1. Назавіце прычыны экалагічных праблем. Як вы разумееце выраз: «Узнікненне экалагічных праблем — гэта наступствы празмернага спажывання»?
2. Назавіце рэчывы — асноўныя забруджвальнікі паветра і іх крыніцы.
3. Якія неарганічныя рэчывы могуць быць выяўлены ў вадзе з калодзежа, калі:
- а) яна з’яўляецца жорсткай;
- б) непадалёк размешчаны кароўнік;
- в) побач знаходзіцца поле з угнаеннямі?
4. Ацаніце плюсы і мінусы выкарыстання ў якасці ўпакоўкі поліэтылену і паперы.
5. Назавіце магчымыя шляхі памяншэння забруджвання навакольнага асяроддзя хімічнымі прадпрыемствамі. Як гэтыя задачы прапануе вырашаць «зялёная хімія»?
6. Прызнана, што танней прадухіліць утварэнне забруджванняў, чым ліквідаваць іх наступствы. Прывядзіце прыклады ўкаранення гэтай ідэі ў арганізацыю сучасных хімічных вытворчасцей.
7. Прапануйце спосабы паглынання рэчываў, якія вылучаюцца ў вытворчым працэсе, такіх як:
- а) хлоравадарод;
- б) серавадарод;
- в) сярністы газ.
8. На аснове вядомых вам рэакцый з удзелам металаў прапануйце метад здабывання медзі з адпрацаванага раствору гальванічнага мяднення, які змяшчае сульфат медзі.
9. Каля транспартных магістралей з інтэнсіўным рухам аўтатранспарту адчуваецца пах дыаксіду азоту. Растлумачце крыніцу яго ўзнікнення. Прыміце да ведама, што ў бензіне не ўтрымліваюцца злучэнні азоту, а ў цыліндры аўтамабільнага рухавіка дасягаецца высокі ціск і тэмпература. Адчуванне паху NO2 пачынаецца пры яго ўтрыманні 8 мг/м3 у паветры. Разлічыце аб’ёмную долю NO2, адпаведную гэтай яго канцэнтрацыі.
10. Па нормах зоагігіены гранічна дапушчальная канцэнтрацыя (ПДК) шкодных газаў на свіной ферме ў аб’ёмных долях складае: NH3 — 0,026 % і H2S — 0,01 %. Вядома, што пах аміяку адчуваецца чалавекам пры канцэнтрацыі 35 мг/м3, а пах серавадароду — пры канцэнтрацыі 1,4–2,8 мг/м3. Ці можна з дапамогай нюху вызначыць ГДК названых газаў на свіной ферме? Адказ абгрунтуйце разлікам.