§ 0—1. Формы структурнай арганізацыі жывых арганізмаў

Мнагаклетачная форма арганізацыі

Далейшае ўзмацненне дыферэнцыяцыі клетак па будове і выконваемых функцыях прывяло да з’яўлення мнагаклетачных арганізмаў. У некаторых прадстаўнікоў цела не змяшчае сапраўдных тканак, таму не дыферэнцыявана на органы. Такая форма арганізацыі цела называецца таломам. Таломную будову цела маюць грыбы, водарасці, лішайнікі, пячоначныя імхі.

У астатніх арганізмаў (расліны, жывёлы) клеткі ўтвараюць тканкі, тканкі фарміруюць органы. Органы жывёл аб’яднаны ў сістэмы, якія адказваюць за пэўныя працэсы жыццядзейнасці. Узгодненасць работы органаў у сістэмах і сістэм органаў у арганізме ажыццяўляецца з дапамогай нервовай і гумаральнай рэгуляцыі.

Усе арганізмы па тыпе харчавання падзяляюцца на дзве групы: аўтатрофы і гетэратрофы. Аўтатрофы — гэта арганізмы, якія сінтэзуюць арганічнае рэчыва з неарганічных злучэнняў з паглынаннем энергіі. У залежнасці ад віду паглынаемай энергіі іх падзяляюць на дзве групы: фотааўтатрофы і хемааўтатрофы. Калі для сінтэзу арганічнага рэчыва выкарыстоўваецца сонечная энергія, то арганізмы называюць фотааўтатрофамі. Да фотааўтатрофаў належаць усе зялёныя расліны, аўтатрофныя мнагаклетачныя пратысты, лішайнікі, цыянабактэрыі, зялёныя і пурпурныя бактэрыі. Арганізмы, якія выкарыстоўваюць для сінтэзу арганічнага рэчыва энергію хімічных рэакцый акіслення неарганічных рэчываў, называюцца хемааўтатрофамі. Імі з’яўляюцца жалезабактэрыі, бясколерныя серабактэрыі, нітрыфікуючыя і вадародныя бактэрыі. Гетэратрофы — арганізмы, якія спажываюць гатовае арганічнае рэчыва і выкарыстоўваюць яго як крыніцу энергіі. Да іх належаць усе жывёлы, грыбы, расліны, якія не маюць фотасінтэтычных пігментаў. У залежнасці ад віду спажываемага рэчыва і спосабу яго спажывання гетэратрофаў падзяляюць на групы: сапратрофы — выкарыстоўваюць адмерлае арганічнае рэчыва; драпежнікі — ядуць арганічнае рэчыва ахвяр; паразіты — паглынаюць пажыўныя рэчывы гаспадара. Прыналежнасць арганізмаў да той ці іншай групы не залежыць ад узроўню іх арганізацыі.

Паўторым галоўнае. У арганізмаў, што існуюць у цяперашні час, можна вылучыць чатыры асноўныя формы структурнай арганізацыі: аднаклетачная, сіфонавая, каланіяльная і мнагаклетачная. Аднаклетачнымі арганізмамі з’яўляюцца бактэрыі і пратысты, якія належаць да розных надцарстваў: бактэрыі — да пракарыёт, а пратысты — да эўкарыёт. У арганізмаў з сіфонавай формай арганізацыі цела прадстаўлена гіганцкай шмат’ядзернай клеткай, якая мае падабенства з лістасцябловай і каранёвай часткамі. Пераходнай формай ад аднаклетачных арганізмаў да мнагаклетачных з’яўляецца каланіяльная форма арганізацыі. У мнагаклетачных арганізмаў некаторыя прадстаўнікі маюць цела, не дыферэнцыраванае на тканкі і органы — талом (грыбы, водарасці, лішайнікі, пячоначныя імхі, кішачнаполасцевыя). У раслін і жывёл цела падзелена на тканкі і органы.