§ 0—1. Формы структурнай арганізацыі жывых арганізмаў

Аднаклетачная форма арганізацыі

З арганізмаў, якія жывуць зараз, да аднаклетачных належаць бактэрыі і аднаклетачныя пратысты, з якімі вы пазнаёміліся ў курсе біялогіі 7-га класа. Успомнім іх будову. Бактэрыі належаць да пракарыёт, бо не маюць структураванага ядра. Іх спадчынная інфармацыя захоўваецца ў адзінай храмасоме, а працэсы жыццядзейнасці ажыццяўляюцца з дапамогай неспецыялізаваных мембранных структур. Аднаклетачныя пратысты належаць да эўкарыёт. Яны маюць ядро, колькасць храмасом у якім залежыць ад відавой прыналежнасці арганізма. Працэсы жыццядзейнасці ў аднаклетачных пратыстаў ажыццяўляюцца з дапамогай спецыялізаваных арганоідаў. Больш падрабязна будову клетак пракарыёт і эўкарыёт вы разгледзіце ў курсе біялогіі 11-га класа. 

Дзяленне клеткі ў аднаклетачных арганізмаў з’яўляецца момантам спынення іх жыццёвага цыкла і пачаткам жыццёвага цыкла даччыных арганізмаў. Гэтым аднаклетачныя арганізмы адрозніваюцца ад мнагаклетачных, у якіх клеткі могуць шматразова дзяліцца на працягу жыццёвага цыкла арганізмаў.