§ 30. Галагены
Біялагічнае значэнне галагенаў і іх злучэнняў
Злучэнні галагенаў выконваюць значную ролю ў жыццядзейнасці арганізмаў чалавека і жывёл.
Фтор удзельнічае ў будове касцявога шкілета і зубной эмалі, у працэсах абмену рэчываў у мышцах, залозах, нервовай тканцы. Пры недастатковым утрыманні фтору ў прадуктах харчавання і пітной вадзе адбываецца пашкоджанне зубной эмалі. Лішак фтору таксама дрэнна ўздзейнічае: прыводзіць да разбурэння зубной эмалі і шкілета.
Хлор уваходзіць у састаў салянай кіслаты як кампанента страўнікавага соку і забяспечвае страваванне ежы, удзельнічае ў абмене рэчываў. Пастаянная канцэнтрацыя кіслаты ў страўніку падтрымліваецца за кошт кухоннай солі, якая паступае ў арганізм з прадуктамі харчавання.
Бром рэгулюе працэсы ўзбуджэння і тармажэння цэнтральнай нервовай сістэмы. Менавіта таму пры лячэнні нервовых хвароб (бяссонніцы, істэрыі, неўрастэніі ды інш.) выкарыстоўваюць бромзмяшчальныя прэпараты.
Ёд адыгрывае значную ролю ў працы шчытападобнай залозы. Найважнейшай функцыяй выпрацаваных у ёй гармонаў з’яўляецца рэгуляцыя працы мозгу і сэрца, мускульнага ўзбуджэння. Недахоп ёду прыводзіць да павелічэння шчытападобнай залозы, запаволення разумовага і фізічнага развіцця.
Вельмі важна з прадуктамі харчавання атрымліваць дастатковую колькасць кожнага мікраэлемента, бо іх недахоп можа стаць пагрозай здароўю.

Фтор, бром, ёд утрымліваюцца ў наступных прадуктах харчавання.
F | Лісце салаты, шпінат, яблыкі, грэйпфруты, збожжавыя, рыс, бульба, арэхі, цыбуля, чай; прадукты жывёльнага паходжання: марская рыба і морапрадукты, курыца, яйкі, малако, мяса і субпрадукты |
Br | Бабовыя: фасоля, гарох, сачавіца; арэхі, збожжавыя, марскія водарасці |
I | Морапрадукты: марская капуста, рыба; малочныя прадукты: малако, сыр, тварог; гародніна: бульба, морква, буракі, цыбуля, памідоры, шпінат, бабовыя; садавіна і ягады: яблыкі, слівы, вінаград, вішні, суніцы; крупы: проса, грэчка |