§ 30. Галагены

Галагены як простыя рэчывы

Будова простых рэчываў. Простыя рэчывы галагены складаюцца з двухатамных малекул, атамы ў якіх звязаны кавалентнай непалярнай σ-сувяззю (мал. 69).

img
Мал. 69. Малекула фтору

У радзе галагенаў F2 — Cl2 — Br2 — I2 з павелічэннем памераў малекул павялічваюцца сілы міжмалекулярнага ўзаемадзеяння, таму ў групе з павелічэннем атамнага нумара элемента павышаюцца тэмпературы плаўлення і кіпення простых рэчываў галагенаў. Так, пры пакаёвай тэмпературы фтор і хлор — газы, бром — вадкасць, ёд — цвёрдае рэчыва (табл. 22).

Табліца 22. Фізічныя ўласцівасці галагенаў

Рэчыва Фтор F2 Хлор Cl2 Бром Вr2 Ёд I2
Маштабныя мадэлі малекул img img img img
Tпл., °С –220 ‒101 ‒7 +113,5
Tкіп., °С –188 ‒34 +58 +184
Агрэгатны стан пры пакаёвай тэмпературы Газ Газ Вадкасць Цвёрдае рэчыва
Колер Светла-жоўты Жоўта-зялёны Чырвона-буры Цёмна-шэры
Пах Рэзкі, раздражняльны Рэзкі, задушлівы Рэзкі, смуродны Рэзкі

Растваральнасць у вадзе хлору, брому і ёду ўмераная. Іх водныя растворы, якія выкарыстоўваюцца ў лабараторнай практыцы, называюць хлорнай, бромавай і ёднай вадой. Растваральнасць галагенаў значна вышэйшая ў непалярных і малапалярных арганічных растваральніках — бензоле С6Н6, тэтрахлорметане ССl4, этаноле С2Н5ОН.