§ 19. Цеплавыя эфекты хімічных рэакцый
Працяканне хімічных рэакцый заўсёды суправаджаецца вылучэннем або паглынаннем энергіі.
Цеплавы эфект рэакцыі — гэта колькасць цеплаты Q, якая вылучыцца або будзе паглынута ў ходзе ператварэння, калі колькасці рэагентаў (моль) адпаведныя стэхіяметрычным каэфіцыентам ураўнення рэакцыі.
Ад чаго залежыць велічыня цеплавога эфекту хімічнай рэакцыі?
У ходзе хімічнай рэакцыі працякаюць два працэсы — разрыў хімічных сувязей у зыходных рэчывах і ўтварэнне новых сувязей у прадуктах рэакцыі. Разрыў хімічных сувязей заўсёды ідзе з затратай энергіі, суправаджаецца паглынаннем цеплаты Q1 і з’яўляецца эндатэрмічным працэсам. Утварэнне новых хімічных сувязей — экзатэрмічны працэс, што працякае з вылучэннем цеплаты Q2. Алгебраічная сума цеплавых эфектаў гэтых стадый уяўляе сабой агульны цеплавы эфект рэакцыі Q: Q = Q1 + Q2.
У якасці прыкладу вызначым значэнне цеплавога эфекту рэакцыі ўтварэння аксіду азоту(II) з простых рэчываў:
Ураўненне рэакцыі | N2 | + | O2 | = | 2NO |
Стэхіяметрычная колькасць | 1 моль | 1 моль | 2 моль | ||
Энергія сувязі | 945 кДж/моль ∙ 1 моль | 494 кДж/моль ∙ 1 моль | 632 кДж/моль ∙ 2 моль | ||
Змяненне энергіі | Затрачана на разрыў сувязей 1439 кДж | Вылучылася пры ўтварэнні сувязей 1264 кДж |
Прааналізуем запісы.
Пры разрыве сувязей у 1 моль азоту і сувязей
у 1 моль кіслароду паглынаецца адпаведна 945 кДж і 494 кДж цеплаты, у суме Q1 = –1439 кДж.
Пры ўтварэнні сувязей у 1 моль NO вылучаецца 632 кДж, у разліку на 2 моль аксіду азоту(II) 1264 кДж, гэта значыць Q2 = 1264 кДж.
Агульны цеплавы эфект рэакцыі Q роўны суме цеплавых эфектаў Q1 і Q2:
Q = Q1 + Q2 = –1439 кДж + 1264 кДж = –175 кДж.
Адмоўнае значэнне цеплавога эфекту паказвае, што дадзеная рэакцыя з’яўляецца эндатэрмічнай і працякае ў адпаведнасці з тэрмахімічным ураўненнем:
N2(г) + O2(г) = 2NO(г) – 175 кДж.
Тэрмахімічнымі называюць ураўненні, у якіх указаны значэнні цеплавых эфектаў.

Велічыня цеплавога эфекту рэакцыі залежыць ад агрэгатнага стану рэагентаў і прадуктаў, паколькі пры працяканні працэсаў плаўлення або параўтварэння траціцца цеплата навакольнага асяроддзя. Пры пераходзе з вадкага ў цвёрды стан, з пары ў вадкасць цеплата, наадварот, вылучаецца. Таму ў тэрмахімічных ураўненнях абавязкова паказваюць агрэгатны стан: рэчыва (г) — газ; (в) — вадкасць; (цв) або (к) — цвёрдае або крышталічнае. Так, цеплавы эфект рэакцыі згарання вадароду ў выпадку ўтварэння вады ў вадкім або газападобным стане адрозніваецца на 88 кДж, бо цеплата параўтварэння вады складае 44 кДж/моль:
2H2(г) + O2(г) = 2H2O(в) + 572 кДж;
2H2(г) + O2(г) = 2H2O(г) + 484 кДж.
Для ажыццяўлення эндатэрмічных рэакцый неабходна пастаянна перадаваць сістэме энергію ў выглядзе цеплаты, электрамагнітнага выпраменьвання (святло, ультрафіялетавае выпраменьванне), электрычнасці і інш. Так, эндатэрмічныя рэакцыі або працякаюць пры высокіх тэмпературах (напрыклад, раскладанне карбанатаў, нітратаў і гідраксідаў шчолачназямельных металаў), або патрабуюць падвядзення электрычнай энергіі (электроліз, утварэнне NO ў разрадзе навальніцы) ці энергіі святла (утварэнне азону ў атмасферы пад дзеяннем ультрафіялетавага выпраменьвання). Эндатэрмічным працэсам з’яўляецца фотасінтэз, у якім энергія сонечнага святла паглынаецца і назапашваецца ў выглядзе хімічнай энергіі прадуктаў — кіслароду і глюкозы:
6СО2(г) + 6Н2О(в) = С6Н12О6(цв) + 6О2(г) – 2803 кДж.
Экзатэрмічныя рэакцыі або не патрабуюць награвання, або для пачатку рэакцыі неабходна невялікае награванне: напрыклад, вадарод з фторам рэагуе імгненна, а для ўзаемадзеяння вадароду з кіслародам сумесь газаў трэба нагрэць.
Велічыня цеплавога эфекту рэакцыі вызначаецца эксперыментальна ў спецыяльным прыборы — каларыметры, ужо знаёмым вам па ўроках фізікі ў 8-м класе. Вынікі вымярэнняў прыводзяць да пэўных умоў. Звычайна гэта ціск 100 кПа і тэмпература 25 °С (298,15 K), што неабходна для параўнання і абагульнення эксперыментальных даных.
Разгледзім прыклады тэрмахімічных разлікаў.
Прыклад 1. Разлічыце колькасць цеплаты, якая вылучаецца ў выніку поўнага згарання ў кіслародзе метану аб’ёмам 6,72 м3 (н. у.) у адпаведнасці з тэрмахімічным ураўненнем:
СH4(г) + 2O2(г) = CO2(г) + 2H2O(г) + 803 кДж.
Дадзена:
V(CH4) = 6,72 м3
Q = ?
Рашэнне
1. Вылічым колькасць (моль) метану, які згарэў, прымаючы пад увагу, што 6,72 м3 — гэта 6720 дм3:
2. На аснове тэрмахімічнага ўраўнення маем:
адкуль:
Адказ: Q = 240,9 МДж.
Прыклад 2. Разлічыце масу натрыю, які згарэў у лішку кіслароду ў адпаведнасці з тэрмахімічным ураўненнем:
калі ў выніку рэакцыі вылучылася 51 кДж цеплаты.
Дадзена:
Q = 51 кДж
m(Na) = ?
Рашэнне
1. Знойдзем колькасць натрыю, выкарыстоўваючы тэрмахімічнае ўраўненне рэакцыі:
адкуль:
2. Вылічым масу натрыю:
Адказ: m(Na) = 4,6 г.
Метады каларыметрыі шырока прымяняюцца для вызначэння цеплатворнай здольнасці (цеплаты згарання) паліва. Значэнні энергетычнай каштоўнасці ежы (каларыйнасці) таксама заснаваны на вымярэнні цеплаты згарання прадукту ў каларыметры з улікам паправак, прынятых у дыеталогіі — навуцы аб правільным харчаванні.
Агульнапрынятай практыкай з’яўляецца прыблізны разлік каларыйнасці прадуктаў. Так, для вугляводаў і бялкоў каларыйнасць лічыцца роўнай прыкладна 4 ккал/г, а для тлушчаў — 9 ккал/г (1 ккал = 4,184 кДж). На прыкладзе даных некалькіх упаковак з прадуктамі харчавання пераканайцеся ў гэтым самастойна (мал. 46).

Тэрмахімічныя ўраўненні дазваляюць:
- а) вызначыць колькасць цеплаты, якая вылучаецца або паглынаецца ў ходзе рэакцыі, калі вядомыя яе цеплавы эфект і колькасці (моль) удзельнікаў рэакцыі;
- б) разлічыць колькасці (моль) рэчываў, якія ўступілі ў рэакцыю, калі вядома колькасць цеплаты, што вылучылася або паглынулася, і цеплавы эфект рэакцыі.