§ 19. Цеплавыя эфекты хімічных рэакцый
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Хімія. 11 клас |
Книга: | § 19. Цеплавыя эфекты хімічных рэакцый |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 14 Август 2025, 09:10 |
Працяканне хімічных рэакцый заўсёды суправаджаецца вылучэннем або паглынаннем энергіі.
Цеплавы эфект рэакцыі — гэта колькасць цеплаты Q, якая вылучыцца або будзе паглынута ў ходзе ператварэння, калі колькасці рэагентаў (моль) адпаведныя стэхіяметрычным каэфіцыентам ураўнення рэакцыі.
Ад чаго залежыць велічыня цеплавога эфекту хімічнай рэакцыі?
У ходзе хімічнай рэакцыі працякаюць два працэсы — разрыў хімічных сувязей у зыходных рэчывах і ўтварэнне новых сувязей у прадуктах рэакцыі. Разрыў хімічных сувязей заўсёды ідзе з затратай энергіі, суправаджаецца паглынаннем цеплаты Q1 і з’яўляецца эндатэрмічным працэсам. Утварэнне новых хімічных сувязей — экзатэрмічны працэс, што працякае з вылучэннем цеплаты Q2. Алгебраічная сума цеплавых эфектаў гэтых стадый уяўляе сабой агульны цеплавы эфект рэакцыі Q: Q = Q1 + Q2.
У якасці прыкладу вызначым значэнне цеплавога эфекту рэакцыі ўтварэння аксіду азоту(II) з простых рэчываў:
Ураўненне рэакцыі | N2 | + | O2 | = | 2NO |
Стэхіяметрычная колькасць | 1 моль | 1 моль | 2 моль | ||
Энергія сувязі | 945 кДж/моль ∙ 1 моль | 494 кДж/моль ∙ 1 моль | 632 кДж/моль ∙ 2 моль | ||
Змяненне энергіі | Затрачана на разрыў сувязей 1439 кДж | Вылучылася пры ўтварэнні сувязей 1264 кДж |
Прааналізуем запісы.
Пры разрыве сувязей у 1 моль азоту і сувязей
у 1 моль кіслароду паглынаецца адпаведна 945 кДж і 494 кДж цеплаты, у суме Q1 = –1439 кДж.
Пры ўтварэнні сувязей у 1 моль NO вылучаецца 632 кДж, у разліку на 2 моль аксіду азоту(II) 1264 кДж, гэта значыць Q2 = 1264 кДж.
Агульны цеплавы эфект рэакцыі Q роўны суме цеплавых эфектаў Q1 і Q2:
Q = Q1 + Q2 = –1439 кДж + 1264 кДж = –175 кДж.
Адмоўнае значэнне цеплавога эфекту паказвае, што дадзеная рэакцыя з’яўляецца эндатэрмічнай і працякае ў адпаведнасці з тэрмахімічным ураўненнем:
N2(г) + O2(г) = 2NO(г) – 175 кДж.
Тэрмахімічнымі называюць ураўненні, у якіх указаны значэнні цеплавых эфектаў.

Велічыня цеплавога эфекту рэакцыі залежыць ад агрэгатнага стану рэагентаў і прадуктаў, паколькі пры працяканні працэсаў плаўлення або параўтварэння траціцца цеплата навакольнага асяроддзя. Пры пераходзе з вадкага ў цвёрды стан, з пары ў вадкасць цеплата, наадварот, вылучаецца. Таму ў тэрмахімічных ураўненнях абавязкова паказваюць агрэгатны стан: рэчыва (г) — газ; (в) — вадкасць; (цв) або (к) — цвёрдае або крышталічнае. Так, цеплавы эфект рэакцыі згарання вадароду ў выпадку ўтварэння вады ў вадкім або газападобным стане адрозніваецца на 88 кДж, бо цеплата параўтварэння вады складае 44 кДж/моль:
2H2(г) + O2(г) = 2H2O(в) + 572 кДж;
2H2(г) + O2(г) = 2H2O(г) + 484 кДж.
Для ажыццяўлення эндатэрмічных рэакцый неабходна пастаянна перадаваць сістэме энергію ў выглядзе цеплаты, электрамагнітнага выпраменьвання (святло, ультрафіялетавае выпраменьванне), электрычнасці і інш. Так, эндатэрмічныя рэакцыі або працякаюць пры высокіх тэмпературах (напрыклад, раскладанне карбанатаў, нітратаў і гідраксідаў шчолачназямельных металаў), або патрабуюць падвядзення электрычнай энергіі (электроліз, утварэнне NO ў разрадзе навальніцы) ці энергіі святла (утварэнне азону ў атмасферы пад дзеяннем ультрафіялетавага выпраменьвання). Эндатэрмічным працэсам з’яўляецца фотасінтэз, у якім энергія сонечнага святла паглынаецца і назапашваецца ў выглядзе хімічнай энергіі прадуктаў — кіслароду і глюкозы:
6СО2(г) + 6Н2О(в) = С6Н12О6(цв) + 6О2(г) – 2803 кДж.
Экзатэрмічныя рэакцыі або не патрабуюць награвання, або для пачатку рэакцыі неабходна невялікае награванне: напрыклад, вадарод з фторам рэагуе імгненна, а для ўзаемадзеяння вадароду з кіслародам сумесь газаў трэба нагрэць.
Велічыня цеплавога эфекту рэакцыі вызначаецца эксперыментальна ў спецыяльным прыборы — каларыметры, ужо знаёмым вам па ўроках фізікі ў 8-м класе. Вынікі вымярэнняў прыводзяць да пэўных умоў. Звычайна гэта ціск 100 кПа і тэмпература 25 °С (298,15 K), што неабходна для параўнання і абагульнення эксперыментальных даных.
Разгледзім прыклады тэрмахімічных разлікаў.
Прыклад 1. Разлічыце колькасць цеплаты, якая вылучаецца ў выніку поўнага згарання ў кіслародзе метану аб’ёмам 6,72 м3 (н. у.) у адпаведнасці з тэрмахімічным ураўненнем:
СH4(г) + 2O2(г) = CO2(г) + 2H2O(г) + 803 кДж.
Дадзена:
V(CH4) = 6,72 м3
Q = ?
Рашэнне
1. Вылічым колькасць (моль) метану, які згарэў, прымаючы пад увагу, што 6,72 м3 — гэта 6720 дм3:
2. На аснове тэрмахімічнага ўраўнення маем:
адкуль:
Адказ: Q = 240,9 МДж.
Прыклад 2. Разлічыце масу натрыю, які згарэў у лішку кіслароду ў адпаведнасці з тэрмахімічным ураўненнем:
калі ў выніку рэакцыі вылучылася 51 кДж цеплаты.
Дадзена:
Q = 51 кДж
m(Na) = ?
Рашэнне
1. Знойдзем колькасць натрыю, выкарыстоўваючы тэрмахімічнае ўраўненне рэакцыі:
адкуль:
2. Вылічым масу натрыю:
Адказ: m(Na) = 4,6 г.
Метады каларыметрыі шырока прымяняюцца для вызначэння цеплатворнай здольнасці (цеплаты згарання) паліва. Значэнні энергетычнай каштоўнасці ежы (каларыйнасці) таксама заснаваны на вымярэнні цеплаты згарання прадукту ў каларыметры з улікам паправак, прынятых у дыеталогіі — навуцы аб правільным харчаванні.
Агульнапрынятай практыкай з’яўляецца прыблізны разлік каларыйнасці прадуктаў. Так, для вугляводаў і бялкоў каларыйнасць лічыцца роўнай прыкладна 4 ккал/г, а для тлушчаў — 9 ккал/г (1 ккал = 4,184 кДж). На прыкладзе даных некалькіх упаковак з прадуктамі харчавання пераканайцеся ў гэтым самастойна (мал. 46).

Тэрмахімічныя ўраўненні дазваляюць:
- а) вызначыць колькасць цеплаты, якая вылучаецца або паглынаецца ў ходзе рэакцыі, калі вядомыя яе цеплавы эфект і колькасці (моль) удзельнікаў рэакцыі;
- б) разлічыць колькасці (моль) рэчываў, якія ўступілі ў рэакцыю, калі вядома колькасць цеплаты, што вылучылася або паглынулася, і цеплавы эфект рэакцыі.
Хімічныя рэакцыі працякаюць з вылучэннем або паглынаннем цеплаты.
Цеплавым эфектам хімічнай рэакцыі называюць колькасць цеплаты, якая вылучаецца або паглынаецца пры працяканні гэтай рэакцыі.
У тэрмахімічным ураўненні рэакцыі паказваюць агрэгатны стан усіх рэчываў і велічыню цеплавога эфекту рэакцыі.
Пытанні, заданні, задачы
1. Укажыце ўраўненні экзатэрмічных і эндатэрмічных рэакцый:
- а)
- б)
- в)
- г)
2. Разлічыце колькасць цеплаты, якая вылучылася пры ўзаемадзеянні CaO колькасцю 0,2 моль з вадой. Тэрмахімічнае ўраўненне мае выгляд:
CaO(цв) + Н2O(в) = Ca(OH)2(цв) + 65 кДж.
3. Рэакцыі аксідаў кальцыю, стронцыю і барыю з вадой апісваюць тэрмахімічнымі ўраўненнямі:
- а) CaO(цв) + H2O(в) = Ca(OH)2(цв) + 65 кДж;
- б) SrO(цв) + H2O(в) = Sr(OH)2(цв) + 83 кДж;
- в) BaO(цв) + H2O(в) = Ba(OH)2(цв) + 106 кДж.
Няхай маса кожнага з аксідаў роўная 100 г. У выпадку якой з рэакцый вылучыцца найбольшая колькасць цеплаты?
4. Разлічыце аб’ём (н. у.) метану, які згарэў у кіслародзе, у адпаведнасці з тэрмахімічным ураўненнем: СН4(г) + 2О2(г) = СО2(г) + 2Н2О(г) + 803 кДж, калі ў выніку рэакцыі вылучылася 80,3 кДж цеплаты.
5. Пры згаранні вугалю з утварэннем вуглякіслага газу вылучаецца вялікая колькасць цеплаты ў адпаведнасці з тэрмахімічным ураўненнем:
С(цв) + O2(г) = СО2(г) + 394 кДж.
Разлічыце колькасць цеплаты, якая вылучылася пры атрыманні аксіду аб’ёмам 10 дм3 (н. у.).
6. Вадкі пентан С5Н12 колькасцю 0,1 моль спалілі ў кіслародзе, у выніку чаго вылучылася 351 кДж цеплаты. Разлічыце цеплавы эфект дадзенай рэакцыі і складзіце яе тэрмахімічнае ўраўненне, калі вядома, што вада атрымана ў вадкім стане.
7. Цеплавы эфект рэакцыі згарання вугляроду да СО2 роўны 394 кДж/моль, а цеплата згарання 1 моль пентану з утварэннем вады ў выглядзе пары складае 3245 кДж. Супастаўце колькасць цеплаты, якая вылучаецца пры згаранні вугляроду і пентану аднолькавай масы.
8. Рэакцыя ізамерызацыі н-пентану (газ) у 2-метылбутан (газ) працякае з вылучэннем 7,1 кДж/моль цеплаты. Складзіце тэрмахімічнае ўраўненне рэакцыі. Разлічыце колькасць пентану, які ўступіў у рэакцыю, калі вядома, што ў ходзе эксперыменту вылучылася 2,0 кДж цеплаты.
9. У выніку поўнага тэрмічнага раскладання ўзору аксіду серабра(I) вылучыўся кісларод аб’ёмам 6,72 дм3 (н. у.) і паглынулася 18,6 кДж цеплаты. Разлічыце цеплавы эфект дадзенай рэакцыі і складзіце яе тэрмахімічнае ўраўненне.
10. Тэрмахімічнае ўраўненне рэакцыі згарання прапану мае выгляд:
С3H8(г) + 5O2(г) = 3CO2(г) + 4H2O(в) + 2220 кДж.
Колькі цеплаты вылучыцца пры згаранні прапану колькасцю 0,1 моль, калі прадуктам рэакцыі будзе вадзяная пара? Цеплата выпарэння вады складае 44 кДж/моль.
*Самакантроль
1. Значэнне цеплавога эфекту ў тэрмахімічным ураўненні рэакцыі залежыць ад:
- а) прыроды рэагуючых рэчываў;
- б) энергіі хімічнай сувязі ў прадуктах рэакцыі;
- в) масы зыходных рэчываў;
- г) агрэгатнага стану ўдзельнікаў рэакцыі.
2. Для экзатэрмічных рэакцый справядлівыя сцвярджэнні:
- а) энергіі на разрыў зыходных сувязей у хімічных рэчывах затрачваецца менш, чым вылучаецца пры ўтварэнні новых сувязей;
- б) адбываецца паглынанне цеплаты;
- в) Q > 0;
- г) Q < 0.
3. Узаемадзеянне вадароду і кіслароду выражаецца ўраўненнямі рэакцый:
2Н2(г) + О2(г) = 2Н2О(г) + 483,6 кДж,
2Н2(г) + О2(г) = 2Н2О(в) + 571,5 кДж.
Для абедзвюх з іх справядліва:
- а) абедзве рэакцыі з’яўляюцца эндатэрмічнымі;
- б) рэакцыі адрозніваюцца цеплавымі эфектамі;
- в) цеплавы эфект другой рэакцыі вышэйшы, бо кандэнсацыя пароў вады суправаджаецца вылучэннем цеплаты;
- г) энергіі на разрыў зыходных сувязей у хімічных рэчывах затрачваецца больш, чым вылучаецца пры ўтварэнні новых сувязей.
4. Акісленне цынку характарызуецца наступным тэрмахімічным ураўненнем:
2Zn(цв) + O2(г) = 2ZnO(цв) + 700 кДж.
Пры гэтым 35 кДж цеплаты вылучыцца, калі ў рэакцыю уступіць:
- а) 13 г цынку;
- б) 2,24 дм3 кіслароду;
- в) 6,5 г цынку;
- г) 112 дм3 кіслароду.
- Аб’ёмы газаў дадзены пры н. у.
5. Пры згаранні вуглевадароду колькасцю 1 моль больш за ўсё вылучаецца энергіі ў выпадку:
- а) СН4(г) + 2О2(г) = СО2 + 2Н2О(г) + 802,3 кДж;
- б) С2Н4(г) + 3О2(г) = 2СО2 + 2Н2О(в) + 1400 кДж;
- в) 2С2Н2(г) + 5О2(г) = 4СО2 + 2Н2О(в) + 2610 кДж;
- г) С3Н8(г) + 5О2(г) = 3СО2 + 4Н2О(в) + 2220 кДж.