§ 2. Простыя і складаныя рэчывы. Рэчывы малекулярнай і немалекулярнай будовы

Рэчывы малекулярнай і немалекулярнай будовы

Адрозніваюць рэчывы малекулярнай і немалекулярнай будовы. Рэчывы малекулярнай будовы складаюцца з малекул, немалекулярнай — з іонаў або атамаў.

Малекула — найменшая электранейтральная часціца рэчыва, якая складаецца з хімічна звязаных атамаў, здольная існаваць самастойна і захоўваць хімічныя ўласцівасці ўсяго рэчыва.

Лік атамаў у малекуле кожнага рэчыва строга пастаянны. Так, розныя метады даследавання паказваюць, што ў малекуле бензолу 12 атамаў — 6 вугляроду і 6 вадароду, значыць, і хімічная формула С6Н6. Хімічную формулу рэчыва малекулярнай будовы называюць малекулярнай формулай.

Асобная малекула праяўляе пэўныя хімічныя ўласцівасці, гэта значыць здольная ўступаць у хімічныя рэакцыі з утварэннем іншых рэчываў. Малекулы складаных рэчываў могуць распадацца з утварэннем іншых малекул.

Напрыклад, з малекулы этану С2Н6 могуць утварыцца дзве іншыя малекулы — вадароду Н2 і этылену С2Н4. Аднак малекула не мае колеру, тэмператур плаўлення, кіпення і іншых фізічных уласцівасцей рэчыва як устойлівай сістэмы малекул. Рэчывы малекулярнай будовы адрозніваюцца, як правіла, невысокімі тэмпературамі плаўлення і кіпення. Да рэчываў малекулярнай будовы адносяцца ўсе газападобныя і вадкія пры пакаёвай тэмпературы неарганічныя рэчывы (за выключэннем ртуці), некаторыя цвёрдыя неарганічныя рэчывы (напрыклад, ёд I2, фосфарная кіслата Н3РО4) і пераважная колькасць арганічных злучэнняў.

Рэчывы малекулярнай будовы складаюць больш за 90 % ад агульнай колькасці вядомых рэчываў.

img

Варта запомніць хімічныя формулы простых рэчываў малекулярнай будовы:

  • • з аднаатамнымі малекуламі (высакародныя газы) — He, Ne, Ar, Kr, Xe, Rn;
  • • з двухатамнымі малекуламі — H2, N2, O2, F2, Cl2, Br2, I2;
  • • з большым лікам атамаў — O3, Р4, S8.

Рэчывы немалекулярнай будовы складаюцца з хімічна звязаных атамаў (алмаз, кварц) або зараджаных іонаў (солі, шчолачы). Пры пакаёвай тэмпературы яны звычайна ўяўляюць сабой цвёрдыя нелятучыя рэчывы з высокімі тэмпературамі кіпення і плаўлення. У іх саставе ўмоўна можна вылучыць групу атамаў або іонаў, якая шматразова паўтараецца і адпавядае найпрасцейшай формуле. Яе называюць формульнай адзінкай.

Формульная адзінка — група атамаў або іонаў, састаў якой адпавядае хімічнай (найпрасцейшай) формуле рэчыва немалекулярнай будовы.

Напрыклад, хімічная формула хларыду кальцыю CaCl2 — рэчыва немалекулярнай будовы — паказвае як састаў формульнай адзінкі, так і найпрасцейшыя суадносіны ліку атамаў хімічных элементаў у рэчыве ў цэлым (1 : 2).

Хімічныя формулы простых рэчываў немалекулярнай будовы выражаюцца знакамі адпаведных элементаў без лікавых індэксаў — Fe, Мg, B, C, Si.

Больш дэталёва пытанні будовы рэчыва мы разгледзім у раздзеле «Хімічная сувязь і будова рэчыва».