|
Звароткі разам са словамі, якія да іх адносяцца, выдзяляюцца коскамі незалежна ад таго, якое месца займаюць у сказе: Мама, заставайся маладою, запаветнай песняю зямною... (Г. Дашкевіч); Шумі, сасна, пад ветрам рэзкім, твой шум — жыццё чужой душы (Р. Баравікова); Вы выйшлі ўдалеч, маладыя, вам доўга крочыць праз гады (П. Броўка); Абудзіся, зямелькі гаючая сіла! (А. Канапелька). Калі зваротак раздзяляецца на часткі іншымі словамі, то кожная з частак выдзяляецца коскамі: Не плач жа, бярозка, не лі свае слёзы, красуня... (А. Куляшоў); Сонейка, як ты свеціш, яснае! Калі звароткі стаяць у пачатку або ў канцы сказа і вымаўляюцца з клічнай інтанацыяй, пасля іх ставіцца клічнік: Дзеці! Даражыце блаславеннем бацькоў, яно найдаражэйшая спадчына (У. Ліпскі); Беларуская мова! Ты ў сэрцах моладзі (З часопіса«Маладосць»); Ты ў працы мяне, беларуса, натхняеш, маё беларускае слова — крышталь! (П. Пруднікаў). Выклічнікі пры зваротках аддзяляюцца коскамі, калі яны не маюць падкрэсленай клічнай інтанацыі: Э, мой хлопчыку, каб замак мог, як людзі, гаварыць! (Я. Колас); Эх, Іван, Іван! Самага галоўнага ты так і не разгадаў (І. Навуменка); Эх, матулечка, не трэба сумаваць. Заўвага 1. Выклічнікі перад асабовымі займеннікамі коскамі не аддзяляюцца: Эх ты, жыццё, жыццё людское! (Я. Колас). Заўвага 2. Не аддзяляецца коскай ад зваротка часціца о: О Беларусь, мая калыска, жыццё маё, прытулак мой! З гарачаю любоўю нізка схіляюся перад табой (П. Глебка). Пасля выклічніка пры зваротку ставіцца клічнік, калі выклічнік вымаўляецца з адпаведнай інтанацыяй: Ах! Мікіта! Які ты малайчына, што адведаў хворага!
|