|
Зваротак — слова або спалучэнне слоў, што называюць асобу ці прадмет, да якіх звяртаецца той, хто гаворыць: Спі, мой хлопчык, спі, мой слаўны, спі, мой залаты. У шчаслівы час, мой сыне, нарадзіўся ты (П. Глебка). Асноўная сінтаксічная прымета зваротка тая, што ён не з’яўляецца членам сказа, хаця мае цесную сэнсавую і інтанацыйную сувязь са зместам сказа. Граматычную незалежнасць зваротка пацвярджае тое, што ён можа выносіцца за межы сказа: Мілы браце! У чужой хаце не нажыць табе багацця (Я. Колас). У беларускай мове зваротак выражаецца не толькі назоўнікам у назоўным склоне (іншымі часцінамі мовы ў ролі назоўніка), але і формай старажытнага клічнага склону (пераважна ў мастацкім і гутарковым стылях): Дзякуй, хлопча, за ўвагу, надта рады, мой каток! (Я. Колас); Шумі, шумі, зялёны гаю, хоць трошкі сэрца супакой (М. Зарэцкі). Разві́тая або неразві́тая структура зваротка залежыць ад мэты, зместу паведамлення. На пісьме зваротак з а ў с ё д ы в ы д з я л я е ц ц а знакамі прыпынку: 1. У пачатку, у канцы сказа зваротак аддзяляецца коскай, у сярэдзіне сказа выдзяляецца коскамі з абодвух бакоў: Шмат хто табе, Радзіма, прызнаваўся ў любві (М. Танк). 2. Калі зваротак стаіць у пачатку сказа і вымаўляецца з клічнай інтанацыяй, то пасля яго ставіцца клічнік: Мова! Як сонца маё беларускае, ты свецішся словам кожным (Я. Янішчыц). 3. Калі перад звароткам стаіць выклічнік і займеннік ты або вы, то в ы д з я л я е ц ц а к о с к а м і толькі з в а р о т а к: Ой ты, маё сонца, як жа свеціш ясна! (Я. Купала). 4. Часціца о ад зваротка к о с к а й н е а д д з я л я е ц ц а: О Радзіма, табою напоўнена сэрца да краю (П. Панчанка).
|