*§ 0-6. Сказы з адасобленымі членамі. Адасобленыя азначэнні і прыдаткі, акалічнасці, дапаўненні, удакладняльныя члены сказа, іх сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля

Адасобленыя дапаўненні

А д а с а б л я ю ц ц а д а п а ў н е н н і, выражаныя назоўнікамі або займеннікамі з прыназоўнікамі акрамя, апрача, замест, за выключэннем, уключаючы і інш.: Усе мае карпілаўцы, за выключэннем двух-трох чалавек, «адпачываюць» (С. Давідовіч). На зямлі, замест карычневай, сухой і слізкай ігліцы, слаліся дываны з сухіх імхоў (І. Гурскі). Усе смяяліся лёгка, голасна, апрача Толі (Б. Мікуліч).
Заўвага.
1. Дапаўненні з прыназоўнікам замест н е а д а с а б л я ю ц ц а, калі прыназоўнік мае значэнне ‘за’: — Партызан, — адказаў Ваня замест Сашы (К. Чорны).
2. Калі перад дапаўненнямі, выражанымі назоўнікамі з прыназоўнікамі акрамя, апрача, замест, за выключэннем, уключаючы, знаходзіцца ўзмацняльная часціца і, то такія дапаўненні н е а д а с а б л я ю ц ц а: Нешта было ў вачах дзяўчыны і акрамя прыгажосці (А. Чарнышэвіч).