§ 22. Развіццё рэгіёнаў
Рэгіёны Рэспублікі Беларусь. Рэгіён — гэта частка краіны, якая адрозніваецца ад іншых сукупнасцю натуральных і (ці) гістарычна складзеных, параўнальна ўстойлівых эканоміка-геаграфічных і іншых асаблівасцей.
У Рэспубліцы Беларусь вылучаюцца адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі і тэрытарыяльныя адзінкі.
Тэрыторыя Рэспублікі Беларусь падзелена на адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі першага, другога (базавага) і трэцяга (першаснага) узроўняў.
Першы ўзровень складаюць шэсць абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Мінская і Магілёўская) і горад Мінск, які мае асаблівы статус сталіцы Рэспублікі Беларусь.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел знаходзіць адлюстраванне ў тым ліку на рэгістрацыйных знаках транспартных сродкаў фізічных і юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь. На іх размяшчаецца: выява Дзяржаўнага сцяга, знак адрознення BY, спалучэнне літар (агульных для беларускага і лацінскага алфавітаў) і арабскіх лічбаў. Лічба, што стаіць асобна, азначае код рэгіёна.
Базавы ўзровень адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу складаюць раёны (у Беларусі іх 118) і гарады абласнога падпарадкавання (10 гарадоў); першасны ўзровень — гарады раённага падпарадкавання, пасёлкі гарадскога тыпу, сельсаветы.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на шэсць абласцей і сталіцу існуе ў нязменным выглядзе з 1961 г. У Рэспубліцы Беларусь у якасці рэгіёнаў выступаюць вобласці і г. Мінск, якія істотна адрозніваюцца як па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця, так і па структуры гаспадаркі.
Перыядычна ў навуковых і кіраўнічых колах узнімаецца пытанне аб рэфармаванні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Рэспублікі Беларусь. У цяперашні час абмяркоўваюцца два варыянты. Адзін з іх прадугледжвае пераход ад 6 абласцей да 18 акруг, а другі — далучэнне раёнаў, у якіх пражывае менш за 20 тыс. чалавек, да прылеглых, больш буйных.