§ 21. Інавацыйнае развіццё краіны

Навуковае забеспячэнне інавацыйнага развіцця. Галоўным механізмам пераходу Беларусі на інавацыйны шлях развіцця з’яўляецца нацыянальная інавацыйная сістэма (НІС), якая ўяўляе сабой сукупнасць дзяржаўных органаў і арганізацый, што рэгулююць у межах сваёй кампетэнцыі адносіны ў сферы інавацыйнай дзейнасці, і юрыдычных і фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць і (ці) забяспечваюць інавацыйную дзейнасць.

Інавацыйная палітыка — гэта сукупнасць метадаў уздзеяння дзяржавы на вытворчасць з мэтай выпуску новых відаў прадукцыі і тэхналогій, а таксама пашырэння рынкаў збыту айчынных тавараў. Па выніках шматлікіх даследаванняў, эканамічная аддача ад інвестыцый у інавацыі значна перавышае акупальнасць у любых іншых сферах прымянення фінансавых рэсурсаў.

Перад беларускімі вучонымі і канструктарамі пастаўлена задача — забяспечваць атрыманне новых навуковых вынікаў (на ўзроўні адкрыццяў і вынаходстваў), праектна-канструктарскіх распрацовак (на ўзроўні патэнтаў, у тым ліку замежных), інавацыйнай прадукцыі (на ўзроўні, не ніжэйшым за сусветныя аналагі і стандарты).

Укараненне вынікаў навуковых даследаванняў у нашай краіне за апошнія гады забяспечыла значныя эканамічныя дасягненні ў галіне аўтамабіле- і трактарабудавання, мікраэлектронікі, стварэння новых матэрыялаў, гарадскога транспарту, медыцынскага абсталявання, лекавых прэпаратаў і інш. Прадукцыя многіх беларускіх прадпрыемстваў шырока прадстаўлена на сусветным рынку.

Вытворчае аб’яднанне «БелАЗ» займае трэцюю частку сусветнага рынку кар’ерных самазвалаў. На аснове навуковых распрацовак паспяхова мадэрнізуецца вытворчая база, што дазваляе істотна павышаць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, што выпускаецца.

icon-search
Знайдзіце актуальную інфармацыю пра інавацыйныя беларускія тавары і паслугі, якія атрымалі прызнанне ў свеце. Падрыхтуйце інфармацыйны плакат. 

У сучасных канкурэнтных эканамічных умовах прамысловыя прадпрыемствы Беларусі пераходзяць ад укаранення новых навуковых распрацовак да заказу на канкрэтныя распрацоўкі, што забяспечваюць павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі. Штогод беларускія арганізацыі ўдзельнічаюць у рэалізацыі больш як 500 міжнародных навукова-тэхнічных праектаў з фінансаваннем з нацыянальных і замежных крыніц.

Як грамадства можа інвеставаць у сваю будучыню?

Стартап, або стартап-кампанія (ад англ. start-up — запускаць), — гэта тып бізнесу, накіраваны на атрыманне прыбытку шляхам рэалізацыі прынцыпова новай ідэі. Аб гэтых паспяховых праектах ведаюць амаль усе беларусы, у якіх ёсць смартфон: Maps.me, Viber, Flo, MSQRD, Weather Live. Яны выраслі са стартапаў.

icon-search
Даведайцеся пра тое, як працуюць інкубатары і біржы стартапаў у нашай краіне. Ёсць ідэя?