*§ 19-20-1. Дынаміка складу насельніцтва і сацыяльная палітыка дзяржавы

Канфесійная палітыка.

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» (ад 31 кастрычніка 2002 г.)

Гэты Закон рэгулюе праваадносіны ў галіне правоў чалавека і грамадзяніна на свабоду сумлення і свабоду веравызнання, а таксама вызначае прававыя асновы стварэння і дзейнасці рэлігійных арганізацый зыходзячы з:

  • права кожнага на свабоду сумлення і свабоду веравызнання, а таксама на роўнасць перад законам незалежна ад стаўлення да рэлігіі;
  • роўнасці рэлігій перад законам;
  • прызнання вызначальнай ролі Праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа;
  • духоўнай, культурнай і гістарычнай ролі Каталіцкай царквы на тэрыторыі Беларусі;
  • неаддзельнасці ад агульнай гісторыі народа Беларусі Евангелісцка-лютаранскай царквы, іўдаізму і ісламу;
  • неабходнасці садзейнічання дасягненню ўзаемнага разумення, цярпімасці і павагі рэлігійных пачуццяў грамадзян у пытаннях свабоды сумлення і веравызнання.
icon-discussions
Якім чынам у прэамбуле Закона вызначана роля розных канфесій у жыцці беларускага грамадства? Праілюструйце гэтыя палажэнні прыкладамі з курса гісторыі Беларусі. 

Артыкул 4. Права на свабоду сумлення

Кожны мае права на свабоду выбару атэістычных або рэлігійных перакананняў, а іменна: самастойна вызначаць сваё стаўленне да рэлігіі, аднаасобна або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай.

Артыкул 5. Права на свабоду веравызнання

Кожны мае права свабодна выбіраць, мець, змяняць, выказваць і распаўсюджваць рэлігійныя перакананні і дзейнічаць у адпаведнасці з імі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам.

Ніхто не абавязаны паведамляць пра сваё стаўленне да рэлігіі і не можа зведваць які-небудзь прымус пры вызначэнні свайго стаўлення да рэлігіі, да вызнання той або іншай рэлігіі, да ўдзелу або няўдзелу ў дзейнасці рэлігійных арганізацый.

Бацькі або асоба, якая іх замяняе, па ўзаемнай згодзе маюць права выхоўваць сваіх дзяцей у адпаведнасці са сваім уласным стаўленнем да рэлігіі. Дзяржава не можа ўмешвацца ў выхаванне дзіцяці, заснаванае на пэўным рэлігійным светапоглядзе бацькоў або асоб, якія іх замяняюць, за выключэннем выпадкаў, калі схіленне да рэлігійных дзеянняў пагражае непасрэдна жыццю або здароўю дзіцяці, парушае яго законныя правы.

Артыкул 6. Раўнапраўе рэлігій

Рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам.

Ідэалогія рэлігійных арганізацый не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян.

Артыкул 7. Раўнапраўе грамадзян

Грамадзяне роўныя перад законам незалежна ад іх стаўлення да рэлігіі.

У афіцыйных дакументах стаўленне грамадзяніна да рэлігіі не ўказваецца, акрамя выпадкаў, калі гэтага жадае сам грамадзянін.

Перашкаджэнне ажыццяўленню правоў на свабоду сумлення і веравызнання, а таксама ўстанаўленне якіх-небудзь пераваг або абмежаванняў правоў грамадзян у залежнасці ад іх стаўлення да рэлігіі не дапускаюцца і пераследуюцца па законе.

Ніхто не можа па матывах сваіх рэлігійных перакананняў ухіляцца ад выканання ўстаноўленых законам абавязкаў.

Артыкул 8. Дзяржава і рэлігія

Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа.

Дзяржава не ўскладае на рэлігійныя арганізацыі выкананне якіх-небудзь дзяржаўных функцый, не ўмешваецца ў дзейнасць рэлігійных арганізацый, калі яна не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Рэлігійныя арганізацыі маюць права ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, а таксама выкарыстоўваць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Рэлігійныя арганізацыі не ўдзельнічаюць у дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць палітычныя мэты, і не аказваюць ім фінансавай і іншай падтрымкі.

У месцах богаслужэнняў не дапускаюцца выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі, правядзенне сходаў, мітынгаў, перадвыбарнай агітацыі і іншых мерапрыемстваў палітычнага характару, а таксама выступленні, заклікі, якія абражаюць прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, службовых асоб і асобных грамадзян.

Дзяржава садзейнічае ўсталяванню адносін цярпімасці і павагі паміж грамадзянамі, што вызнаюць і не вызнаюць рэлігію, рэлігійнымі арганізацыямі розных веравызнанняў.

Дзяржава можа будаваць свае ўзаемаадносіны з рэлігійнымі аб’яднаннямі шляхам заключэння з імі пагадненняў у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 9. Адукацыя і рэлігія

Нацыянальная сістэма адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь носіць свецкі характар і не мае мэты фарміравання таго або іншага стаўлення да рэлігіі.

Грамадзяне маюць права на роўныя магчымасці доступу да нацыянальнай сістэмы адукацыі незалежна ад іх стаўлення да рэлігіі.

Ва ўстановах адукацыі не дапускаюцца стварэнне і ананімная або іншая дзейнасць рэлігійных арганізацый, якая не супярэчыць заканадаўству.

Установы адукацыі ў пытаннях выхаваўчай дзейнасці на падставе пісьмовых заяў бацькоў або асоб, якія іх замяняюць (саміх паўналетніх навучэнцаў), у пазаўрочны час могуць узаемадзейнічаць з зарэгістраванымі рэлігійнымі арганізацыямі з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа. Парадак, умовы, змест і формы такога ўзаемадзеяння вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Рэлігійныя арганізацыі, зарэгістраваныя ў парадку, устаноўленым гэтым Законам, маюць права ў адпаведнасці са сваімі статутамі ствараць для рэлігійнай асветы дзяцей і дарослых вучэбныя групы і нядзельныя рэлігійныя школы, выкарыстоўваючы для гэтага памяшканні, якія належаць і (ці) прадастаўляюцца ім у карыстанне, акрамя памяшканняў, якія належаць дзяржаўным установам адукацыі.

icon-task
Складзіце пяць тэзісаў, што характарызуюць канфесійную палітыку ў нашай краіне. 
icon-idea
Правядзіце міні-даследаванне «На якой мове адбываецца богаслужэнне ў храмах розных канфесій у нашай краіне?». Стварыце аўдыяпадкаст. 
icon-task
Вызначце, якія традыцыйныя канфесіі Беларусі прадстаўляюць дадзеныя культавыя збудаванні. Стварыце падборку выяў храмаў кожнай традыцыйнай канфесіі Беларусі.