*§ 19-20-1. Дынаміка складу насельніцтва і сацыяльная палітыка дзяржавы
Нацыянальная палітыка. У сучаснай навуцы існуюць розныя падыходы да паняцця «нацыя». Так, нацыя можа разглядацца як вышэйшы этап гістарычнага развіцця этнасу, які характарызуецца наяўнасцю палітычнай, тэрытарыяльнай, сацыяльна-эканамічнай і духоўнай супольнасці людзей з пэўнай псіхалогіяй і самасвядомасцю, нацыянальнай ідэнтычнасцю. Этнічная нацыя ў многім грунтуецца на сфарміраваных традыцыях і культуры народа.
Таксама існуе паняцце «грамадзянская нацыя», якое азначае палітычную ідэнтычнасць, пабудаваную вакол агульнага грамадзянства ў пэўнай дзяржаве. Грамадзянская нацыя вызначаецца не столькі мовай або культурай, колькі палітычнымі інстытутамі і тымі прынцыпамі, якія яе грамадзяне абавязваюцца падтрымліваць. Членства ў грамадзянскай нацыі адкрыта для ўсіх, хто падзяляе гэтыя каштоўнасці. У такім выпадку паняцце «нацыя» можа атаясамлівацца з паняццем «дзяржава». У якасці прыкладу можна прывесці назву створанай у 1945 г. вядучай міжнароднай арганізацыі — Арганізацыя Аб’яднаных Нацый (англ. United Nations).
Адпаведна, паняцце «нацыянальны» таксама з’яўляецца шматзначным і можа адносіцца як да этнічных традыцый народа, так і да фарміравання грамадзянскай нацыі, дзейнасці дзяржавы.