*§ 19-20-1. Дынаміка складу насельніцтва і сацыяльная палітыка дзяржавы

Сацыяльны склад насельніцтва. Апісаць канкрэтнае грамадства, зразумець асаблівасці яго развіцця, вызначыць, якія ў ім ёсць супольнасці і групы, дазваляюць такія навукі, як сацыялогія і статыстыка. Метадамі сацыялогіі апісваецца структура грамадства, уласцівы ёй тып сацыяльнай стратыфікацыі (падзел грамадства на класы, групы, супольнасці, якія выбудоўваюцца ў пэўную іерархію і ўзаемадзейнічаюць адзін з адным у адпаведнасці з сацыяльнымі нормамі), сацыяльная мабільнасць (перамяшчэнне асобных людзей і груп у сацыяльнай структуры грамадства, змяненне іх сацыяльнага статусу). Яны таксама дазваляюць спрагназаваць, якім будзе сучаснае грамадства ў будучыні з улікам цяперашніх тэндэнцый.

Метадамі статыстыкі атрымліваюць дакладныя лічбавыя замеры стану грамадства па самых розных напрамках і паказчыках. Статыстыка (ад лац. status — стан спраў) — навука, якая ажыццяўляе збор, навуковую апрацоўку, абагульненне і аналіз інфармацыі з розных сфер грамадскага жыцця. Менавіта статыстыка дае матэрыялы для аналізу сацыялогіі і іншым грамадскім навукам. Галоўнай крыніцай інфармацыі з’яўляецца спецыяльная справаздачнасць, якую вядуць практычна ўсе арганізацыі краіны — як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя. Вельмі важную ролю адыгрываюць перапісы насельніцтва. Перапісы ў краіне праводзяцца з пэўнымі інтэрваламі.

icon-task

Вызначце асаблівасці ўжывання тэрміна «статыстыка» ў канкрэтнай сітуацыі:

  • 1) дыктар прывёў бягучую статыстыку па каранавірусе ў Рэспубліцы Беларусь;
  • 2) Іваноў В. І. займаецца статыстыкай сацыяльна-эканамічнага развіцця Гомельскай вобласці;
  • 3) студэнты выкарысталі ў сваёй навуковай працы статыстыку Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь;
  • 4) Пятроў П. І. атрымаў нездавальняючую адзнаку па статыстыцы. 

Галоўнай дзяржаўнай структурай, якая фарміруе статыстычную справаздачнасць у нашай краіне, з’яўляецца Нацыянальны статыстычны камітэт. Ён фарміруе штогадовую справаздачнасць па найважнейшых паказчыках сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны. Напрыклад, такіх як сярэдняя працягласць жыцця, узровень даходаў насельніцтва, узровень нараджальнасці і смяротнасці, капіталізацыя нацыянальнай эканомікі, узровень інвестыцый і г. д. Статыстычную справаздачнасць па пэўных напрамках дзяржаўнай палітыкі фарміруюць таксама галіновыя міністэрствы і ведамствы.

Нацыянальная статыстычная справаздачнасць з’яўляецца асновай для статыстыкі міжнародных арганізацый, у першую чаргу ААН і яе падраздзяленняў і праграм (МАП, САЗ і г. д.), і фарміравання інтэгральных індэксаў. Напрыклад, такіх як Індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу, Індэкс шчасця, Індэкс Джыні, які апісвае ўзровень беднасці і г. д.

Пад кіраўніцтвам Нацыянальнага статыстычнага камітэта праводзяцца перапісы насельніцтва. Яны адыгрываюць важную ролю ў стварэнні сацыяльнага партрэта сучаснага беларускага грамадства.

Перапісы насельніцтва маюць доўгую гісторыю. Першыя перапісы праводзіліся на агульнадзяржаўным узроўні яшчэ ў Старажытным свеце. Перапісы з’яўляюцца пастаяннай практыкай амаль ва ўсіх краінах сучаснага свету. Сэнс іх правядзення заключаецца ў атрыманні актуальнага ўяўлення пра стан грамадства па сацыяльным, нацыянальным, класавым, тэрытарыяльным, эканамічным, рэлігійным і іншых зрэзах. Атрыманая такім чынам інфармацыя кладзецца ў аснову фарміравання эфектыўнай дзяржаўнай палітыкі і дзяржаўнага планавання ў цэлым.

На сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь (http://www.belstat.gov.by) размяшчаецца афіцыйная статыстыка па розных пытаннях. Лозунгам перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2019 г. стала фраза «Перапіс насельніцтва: погляд у сучаснасць — крок у будучыню!»

icon-discussions
Навошта дзяржава праводзіць перапіс насельніцтва? З якім інтэрвалам праходзіць перапіс у нашай краіне? 
icon-search
Азнаёмцеся з інфаграфікай з сайта Нацыянальнага статыстычнага камітэта (https://www.belstat.gov.by/) і складзіце разгорнуты адказ па пытанні «Сацыяльны партрэт Беларусі».