§ 19-20. Дынаміка складу насельніцтва і сацыяльная палітыка дзяржавы

Канфесійная палітыка. У сучасным беларускім грамадстве рэлігія ўспрымаецца як значная частка нацыянальнай культуры і асабістага жыцця чалавека. Рэлігійнымі людзьмі лічаць сябе больш за 60 % беларусаў. Інфармацыю аб размеркаванні вернікаў па канфесіях даюць вынікі сацыялагічных апытанняў.

icon-search
Знайдзіце вынікі некалькіх сацыялагічных апытанняў аб канфесійнай прыналежнасці вернікаў у Беларусі. Чаму іх вынікі адрозніваюцца адзін ад аднаго? Як вы думаеце, чаму пытання аб канфесійнай прыналежнасці няма ў перапісе насельніцтва? 

Рэспубліка Беларусь — поліканфесійная краіна. У Беларусі налічваецца 26 рэлігійных канфесій і больш за 3,4 тыс. рэлігійных абшчын, больш за дзве сотні рэлігійных арганізацый.

Канфесійная палітыка — гэта мэтанакіраваная дзейнасць дзяржаўных структур, якая мае на мэце ўсталяванне адносін цярпімасці і павагі паміж грамадзянамі, рэлігійнымі арганізацыямі розных веравызнанняў.

Асноўныя прынцыпы канфесійнай палітыкі замацаваны ў Канстытуцыі нашай краіны і Законе «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях».

icon-remember
Прыгадайце, што такое свабода сумлення і свабода веравызнання. 
icon-task
Якія палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь датычацца свабоды сумлення, а якія — свабоды веравызнання? 

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» (2002 г.) рэгулюе праваадносіны ў галіне правоў чалавека і грамадзяніна на свабоду сумлення і свабоду веравызнання, а таксама вызначае прававыя асновы стварэння і дзейнасці рэлігійных арганізацый зыходзячы з:

  • • права кожнага на свабоду сумлення і свабоду веравызнання, а таксама на роўнасць перад законам незалежна ад адносін да рэлігіі;
  • • роўнасці рэлігій перад законам;
  • • прызнання вызначальнай ролі Праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа;
  • • духоўнай, культурнай і гістарычнай ролі Каталіцкай царквы на тэрыторыі Беларусі;
  • • неаддзельнасці ад агульнай гісторыі народа Беларусі Евангелісцка-лютэранскай царквы, іўдаізму і ісламу;
  • • неабходнасці садзейнічання дасягненню ўзаемнага разумення, цярпімасці і павагі рэлігійных пачуццяў грамадзян у пытаннях свабоды сумлення і веравызнання.
icon-search
Даведайцеся, чаму горад Іўе ў Гродзенскай вобласці часта называюць «беларускім Іерусалімам» ці Іўе-дэ-Жанэйра. Якія незвычайныя помнікі ўсталяваны на вуліцах Іўя? Чаму помнік на цэнтральнай плошчы называецца «Чатыры канфесіі»? 
icon-discussions

Ці можна сказаць, што гэты невялікі гарадок стаў сімвалам беларускай рэлігійнай талерантнасці? Абгрунтуйце сваё меркаванне.

Выкарыстайце памятку для аналізу фатаграфіі помніка, мемарыяла. 

Дзяржава гарантуе грамадзянам права на свабоду аб’яднання ў рэлігійныя арганізацыі — добраахвотныя аб’яднанні грамадзян Рэспублікі Беларусь для задавальнення рэлігійных патрэб. Да рэлігійных арганізацый таксама належаць кляштары і манаскія абшчыны, рэлігійныя брацтвы і сястрынствы, рэлігійныя місіі, духоўныя навучальныя ўстановы. Кіраўніком рэлігійнай арганізацыі можа быць толькі грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Дзяржава вызначае прававыя нормы, у адпаведнасці з якімі рэлігійныя арганізацыі ажыццяўляюць сваю дзейнасць, папярэджвае дзейнасць розных рэлігійных дэструкцыйных сект.

Рэспубліка Беларусь — шматэтнічная і шматканфесійная краіна. Галоўная мэта нацыянальнай і канфесійнай палітыкі — рабіць усё для таго, каб Беларусь была агульным домам для ўсіх нацыянальнасцей і канфесій.

Для ажыццяўлення палітыкі ў сферы міжнацыянальных і міжканфесійных адносін створаны дзяржаўны орган — Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Пры ім створаны Кансультацыйны міжканфесійны савет і Кансультацыйны міжэтнічны савет. На пасяджэннях Саветаў абмяркоўваюцца ўсе пытанні ўзаемадзеяння дзяржаўных структур і рэлігійных, нацыянальных арганізацый.