§ 19-20. Дынаміка складу насельніцтва і сацыяльная палітыка дзяржавы
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 11 клас |
Книга: | § 19-20. Дынаміка складу насельніцтва і сацыяльная палітыка дзяржавы |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 20 Декабрь 2024, 10:01 |
Сацыяльны склад насельніцтва. Апісаць канкрэтнае грамадства, зразумець асаблівасці яго развіцця, вызначыць, якія ў ім ёсць супольнасці і групы, дазваляюць такія навукі, як сацыялогія і статыстыка. Галоўнай крыніцай інфармацыі з’яўляецца спецыяльная справаздачнасць, якую вядуць практычна ўсе арганізацыі краіны — як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя. У межах статыстычнай справаздачнасці апісваецца сацыяльны склад краіны. Паняцце сацыяльны склад насельніцтва краіны па сваім змесце блізкае паняццю «сацыяльная структура грамадства». Але яно адлюстроўвае не проста наяўнасць тых ці іншых груп у грамадстве, але і іх колькасць, і тыя змены, якія ў іх адбываюцца (дынаміку). Сацыяльны склад апісваецца па такіх крытэрыях, як агульная колькасць насельніцтва, полаўзроставы склад, тэрытарыяльная канцэнтрацыя і шчыльнасць, суадносіны гарадскога і сельскага насельніцтва, этнічны і рэлігійны склад, узровень адукацыі і характар занятасці і г. д.
Вельмі важную ролю адыгрываюць перапісы насельніцтва. Перапісы ў краіне праводзяцца з пэўнымі інтэрваламі.
У нашай краіне пражывае каля 9,5 млн чалавек. Прыкладна 78 % насельніцтва Беларусі жыве ў гарадах, адпаведна 22 % — гэта сельскае насельніцтва. Па ўзроўні адукацыі насельніцтва наша краіна дасягнула значных поспехаў. Узровень пісьменнасці складае 99,7 %, колькасць людзей, якія маюць вышэйшую, сярэднюю і базавую адукацыю, складае 90 % насельніцтва. Доля людзей ва ўзросце ад 25 да 64 гадоў, якія маюць вышэйшую адукацыю, складае амаль 25 %.
Дынаміка сацыяльнай структуры сучаснага беларускага грамадства адпавядае тым тэндэнцыям, якія характэрны для развітых прамысловых дзяржаў: узрастанне долі гарадскога насельніцтва, рост адукацыйнага ўзроўню насельніцтва, узрастанне долі работнікаў кваліфікаванай працы.
Дэмаграфічная палітыка. Дэмаграфічная палітыка цесна звязана з дэмаграфіяй, якая вывучае колькасць, узрост, здароўе, смяротнасць і нараджальнасць, міграцыю насельніцтва, рассяленне гарадскога і сельскага насельніцтва, узнікненне сем’яў і іх распад, асноўныя тэндэнцыі ў развіцці народанасельніцтва і г. д. Дэмаграфія апісвае дэмаграфічныя працэсы і выяўляе адпаведныя праблемы ў жыцці грамадства.
Разуменне дынамікі сацыяльнага складу насельніцтва закладваецца ў аснову дэмаграфічнай палітыкі дзяржавы. Дэмаграфічная палітыка — гэта сістэма мер, якія ажыццяўляюцца дзяржавай у адносінах да пэўных груп грамадства з мэтай фарміравання дэмаграфічнай структуры ў адпаведнасці з яе нацыянальнымі дэмаграфічнымі інтарэсамі і гарантавання дэмаграфічнай бяспекі краіны.
Дэмаграфічная бяспека — гэта стан абароненасці грамадства і дзяржавы ад дэмаграфічных пагроз. Дэмаграфічнымі пагрозамі называюцца тыя дэмаграфічныя з’явы і тэндэнцыі, сацыяльна-эканамічныя наступствы якіх аказваюць адмоўнае ўздзеянне на развіццё краіны. З мэтай пераадолення негатыўных дэмаграфічных тэндэнцый у краіне кожныя пяць гадоў распрацоўваецца канцэпцыя дэмаграфічнай бяспекі і вызначаюцца прыярытэтныя напрамкі дэмаграфічнай палітыкі.
Ажыццяўленне комплексу мер, прадугледжаных дзяржаўнымі праграмамі дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, прывялі да пэўнага паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў нашай краіне. Напрыклад, па інтэгральным паказчыку дзіцячай і мацярынскай смяротнасці наша краіна зараз знаходзіцца на чацвёртым месцы ў свеце, па ўзроўні даступнасці медыцыны — на трэцім. Па Індэксе мацярынства, які штогод складаецца міжнароднай арганізацыяй Save the Children, Беларусь уваходзіць у 25 (са 179) краін, спрыяльных для нараджэння дзіцяці, і лідзіруе сярод краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Галоўная дэмаграфічная задача сёння — паступовае павелічэнне колькасці насельніцтва.
Адной з найважнейшых задач дэмаграфічнай палітыкі з’яўляецца зніжэнне ўзроўню смяротнасці, у тым ліку за кошт змяншэння колькасці ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў.
Гендарная палітыка. Змены, якія адбываюцца ў сацыяльнай структуры сучаснага беларускага грамадства, датычацца таксама і гендарных праблем. Паняцце «гендар» ужываецца для таго, каб падкрэсліць, што ў грамадстве значэнне маюць не толькі біялагічныя або фізічныя адрозненні паміж мужчынамі і жанчынамі, але і тое культурнае і сацыяльнае значэнне, якое грамадства надае гэтым адрозненням. Быць у грамадстве мужчынам ці жанчынай — значыць не проста валодаць тымі ці іншымі анатамічнымі асаблівасцямі, але і выконваць тыя ці іншыя прадпісаныя грамадствам гендарныя ролі. Так, традыцыйна жанчыну разглядалі як маці і захавальніцу дамашняга ачага, мужчыну — як здабытчыка, абаронцу сям’і.
Гендарныя ролі істотна адрозніваюцца ў розных грамадствах, у асобных з іх разглядаюцца як нераўнацэнныя. Становішча, калі групы мужчын і жанчын маюць розныя магчымасці ў грамадстве, апісваецца паняццем гендарная няроўнасць.
Па ўзроўні пераадолення гендарнай няроўнасці краіны адрозніваюцца адна ад адной. Так, у некаторых мусульманскіх краінах жанчыны да гэтага часу пазбаўлены права голасу і таму не могуць удзельнічаць у выбарах. Сярэдняя колькасць жанчын у парламентах ва ўсім свеце сёння ледзь перавышае 23 % (у Беларусі — 35 %).
Згодна з Індэксам гендарнай роўнасці (The Gender Equity Index) Беларусь знаходзіцца на 31-м месцы (звесткі за 2019 г.) у рэйтынгу, які вядзе Праграма развіцця ААН (ПРААН).
Гендарная палітыка — гэта палітыка, накіраваная на дасягненне роўнасці мужчын і жанчын, устанаўленне гендарнага балансу ва ўсіх сферах жыцця грамадства. У Беларусі сярод усіх працоўных доля жанчын складае 49,5 %, мужчын — 50,5 %.
Да гендарных праблем у нашай краіне, як правіла, адносяць перагружанасць жанчыны дамашняй працай, яе большую ў параўнанні з мужчынамі занятасць выхаваннем дзяцей, меншую ў параўнанні з мужчынамі колькасць жанчын-кіраўнікоў і інш. Задачай гендарнай палітыкі ў нашай краіне з’яўляецца ўстанаўленне гендарнага балансу ва ўсіх сферах жыцця грамадства.
Маладзёжная палітыка. У Рэспубліцы Беларусь распрацаваны прыярытэты маладзёжнай палітыкі, вызначаны яе мэты, задачы, формы рэалізацыі. Маладзёжная палітыка — сістэма сацыяльных, эканамічных, палітычных, арганізацыйных, прававых і іншых мер, якія накіраваны на падтрымку маладых грамадзян і ажыццяўляюцца дзяржавай з мэтай сацыяльнага станаўлення і развіцця моладзі, найбольш поўнай рэалізацыі яе патэнцыялу ў інтарэсах усяго грамадства.
У прынятай у 2021 г. Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь да 2030 г. вызначаюцца мэты, прыярытэты і інструменты дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, а таксама параметры інвестыцый у маладзёжныя праграмы, праекты, маладзёжныя грамадскія аб’яднанні і інфраструктуру маладзёжнай палітыкі.
Прыярытэтнымі напрамкамі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі з’яўляюцца прафарыентацыя, адукацыя і працаўладкаванне моладзі; сацыяльна-эканамічная падтрымка маладой сям’і; развіццё творчага патэнцыялу таленавітай моладзі; фарміраванне стандартаў здаровага ладу жыцця, экалагічнай культуры і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя.
У цяперашні час у краіне дзейнічае больш за 300 маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Яны рэалізуюць розныя грамадскія праекты, займаюцца вывучэннем гісторыі і культуры Беларусі, актыўна ўключаюцца ў валанцёрскую, экалагічную, інавацыйную дзейнасць.
У 2011 г. па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі стартаваў праект «100 ідэй для Беларусі» на лепшую інавацыйную ідэю ў розных сферах сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны. За ўсю гісторыю «100 ідэй» арганізатарам паступіла больш за 15 тыс. заявак. Больш за 3 тыс. з іх рэалізаваныя.
Важным напрамкам маладзёжнай палітыкі беларускай дзяржавы з’яўляецца падтрымка таленавітай і адоранай моладзі. Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў і спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ажыццяўляюць выплату стыпендый і розных прэмій, аказваюць аднаразовую матэрыяльную дапамогу. Сродкі фондаў выкарыстоўваюцца для правядзення нацыянальных і міжнародных студэнцкіх навуковых канферэнцый, конкурсаў, семінараў, алімпіяд і г. д.
Нацыянальная палітыка. Нацыянальны склад насельніцтва любой краіны мае важнае значэнне для яе сацыяльна-эканамічнага развіцця. Наша краіна належыць да тыпу краін з высокай этнічнай аднароднасцю. Больш за 80 % насельніцтва адносяць сябе да беларусаў, пры гэтым у краіне пражываюць прадстаўнікі 130 нацыянальнасцей. Кожны чалавек адносіць сябе да той ці іншай этнічнай групы, але ўсе разам мы — беларускі народ, беларуская нацыя, грамадзяне адной краіны.
Нацыянальная палітыка звязана з вырашэннем праблем міграцыі, дэмаграфічнай сітуацыі, сувязей з замежнымі суайчыннікамі. Любая праблема (культурная, рэлігійная, моўная, эканамічная) можа набыць нацыянальны характар, калі закранае інтарэсы якой-небудзь этнічнай супольнасці. Нацыянальная палітыка — гэта мэтанакіраваная дзейнасць дзяржаўных структур па рэгуляванні ўзаемаадносін паміж нацыямі, этнічнымі групамі.
У Рэспубліцы Беларусь створаны грамадскія аб’яднанні, якія прадстаўляюць грамадзян многіх нацыянальнасцей. Іх дзейнасць звязана з вывучэннем гісторыі і культуры сваіх народаў. Большасць нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў выдаюць газеты, бюлетэні, часопісы. Ствараюцца культурна-асветніцкія цэнтры, калектывы народнай творчасці. Пачынаючы з 1996 г. у Гродне раз на два гады ладзяцца рэспубліканскія фестывалі нацыянальных культур. Пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь дзейнічае Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур.
Грамадзяне маюць права выбіраць мову выхавання і навучання, карыстацца роднай мовай. У Рэспубліцы Беларусь асноўнымі мовамі навучання з’яўляюцца дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. У той жа час ва ўстановах адукацыі могуць стварацца групы, класы, у якіх навучанне ажыццяўляецца на мове нацыянальнай меншасці. У школах выхаднога дня вывучаюцца армянская, азербайджанская, грузінская, грэчаская, карэйская, латышская, літоўская, малдаўская, нямецкая, татарская, украінская, польская, яўрэйская мовы.
Беларуская дзяржава супрацоўнічае з беларускімі арганізацыямі ў розных краінах свету, падтрымлівае кантакты з беларусамі замежжа, якіх налічваецца больш за 3 млн чалавек. Наша краіна зацікаўлена ў тым, каб развіваць адносіны з людзьмі, якія любяць сваю гістарычную радзіму, вызначаюць сябе беларусамі.
У 2017 г. у час III Фестывалю мастацтваў беларусаў свету ў Мінску адкрылі памятны знак «Беларусам замежжа».
Усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь зацікаўлены ў тым, каб у краіне былі згода, узаемапавага паміж людзьмі розных нацыянальнасцей. Мірныя міжэтнічныя адносіны ў Беларусі маюць глыбокія гістарычныя карані. Захаванне агульнай згоды, культуры міжнацыянальных зносін з’яўляецца адным з найважнейшых дасягненняў Беларусі.
Канфесійная палітыка. У сучасным беларускім грамадстве рэлігія ўспрымаецца як значная частка нацыянальнай культуры і асабістага жыцця чалавека. Рэлігійнымі людзьмі лічаць сябе больш за 60 % беларусаў. Інфармацыю аб размеркаванні вернікаў па канфесіях даюць вынікі сацыялагічных апытанняў.
Рэспубліка Беларусь — поліканфесійная краіна. У Беларусі налічваецца 26 рэлігійных канфесій і больш за 3,4 тыс. рэлігійных абшчын, больш за дзве сотні рэлігійных арганізацый.
Канфесійная палітыка — гэта мэтанакіраваная дзейнасць дзяржаўных структур, якая мае на мэце ўсталяванне адносін цярпімасці і павагі паміж грамадзянамі, рэлігійнымі арганізацыямі розных веравызнанняў.
Асноўныя прынцыпы канфесійнай палітыкі замацаваны ў Канстытуцыі нашай краіны і Законе «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях».
Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» (2002 г.) рэгулюе праваадносіны ў галіне правоў чалавека і грамадзяніна на свабоду сумлення і свабоду веравызнання, а таксама вызначае прававыя асновы стварэння і дзейнасці рэлігійных арганізацый зыходзячы з:
- • права кожнага на свабоду сумлення і свабоду веравызнання, а таксама на роўнасць перад законам незалежна ад адносін да рэлігіі;
- • роўнасці рэлігій перад законам;
- • прызнання вызначальнай ролі Праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа;
- • духоўнай, культурнай і гістарычнай ролі Каталіцкай царквы на тэрыторыі Беларусі;
- • неаддзельнасці ад агульнай гісторыі народа Беларусі Евангелісцка-лютэранскай царквы, іўдаізму і ісламу;
- • неабходнасці садзейнічання дасягненню ўзаемнага разумення, цярпімасці і павагі рэлігійных пачуццяў грамадзян у пытаннях свабоды сумлення і веравызнання.
Ці можна сказаць, што гэты невялікі гарадок стаў сімвалам беларускай рэлігійнай талерантнасці? Абгрунтуйце сваё меркаванне.
Выкарыстайце памятку для аналізу фатаграфіі помніка, мемарыяла.
Дзяржава гарантуе грамадзянам права на свабоду аб’яднання ў рэлігійныя арганізацыі — добраахвотныя аб’яднанні грамадзян Рэспублікі Беларусь для задавальнення рэлігійных патрэб. Да рэлігійных арганізацый таксама належаць кляштары і манаскія абшчыны, рэлігійныя брацтвы і сястрынствы, рэлігійныя місіі, духоўныя навучальныя ўстановы. Кіраўніком рэлігійнай арганізацыі можа быць толькі грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Дзяржава вызначае прававыя нормы, у адпаведнасці з якімі рэлігійныя арганізацыі ажыццяўляюць сваю дзейнасць, папярэджвае дзейнасць розных рэлігійных дэструкцыйных сект.
Рэспубліка Беларусь — шматэтнічная і шматканфесійная краіна. Галоўная мэта нацыянальнай і канфесійнай палітыкі — рабіць усё для таго, каб Беларусь была агульным домам для ўсіх нацыянальнасцей і канфесій.
Для ажыццяўлення палітыкі ў сферы міжнацыянальных і міжканфесійных адносін створаны дзяржаўны орган — Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Пры ім створаны Кансультацыйны міжканфесійны савет і Кансультацыйны міжэтнічны савет. На пасяджэннях Саветаў абмяркоўваюцца ўсе пытанні ўзаемадзеяння дзяржаўных структур і рэлігійных, нацыянальных арганізацый.
1. З дапамогай уводнай інфаграфікі ахарактарызуйце сацыяльны склад насельніцтва Беларусі.
2. Адзін з артыкулаў у друку, прысвечаных гендарнай палітыцы ў Беларусі, меў наступны загаловак: «Гендарная палітыка ў Беларусі разбівае “шкляную столь” у грамадскай свядомасці». У ім гаварылася, што «самае галоўнае — прадастаўленне роўных магчымасцей, а кожны чалавек, мужчына ён або жанчына, сам будуе свой лёс. Непасрэдна ад кожнага з нас залежыць, якія ў грамадстве фарміруюцца каштоўнасныя арыенціры, бо менавіта яны забяспечваюць свабоду выбару жыццёвага шляху і разбіваюць “шкляныя столі”». Як вы думаеце, чаму нябачны і фармальна ніяк не абазначаны бар’ер у кар’еры параўноўваецца са «шкляной столлю»?
3. Канкрэтызуйце прыкладамі прыярытэтныя напрамкі маладзёжнай палітыкі беларускай дзяржавы.
4. У чым вытокі поліэтнічнага і поліканфесійнага складу насельніцтва Беларусі? Аргументуйце свой пункт погляду, прывядзіце гістарычныя факты.
5. Ахарактарызуйце дэмаграфічную, гендарную, маладзёжную, нацыянальную і канфесійную палітыку беларускай дзяржавы. Запоўніце табліцу.