§ 14. Асновы сямейнага права

Правы і абавязкі мужа і жонкі. Правы і абавязкі мужа і жонкі ўзнікаюць з дня рэгістрацыі заключэння шлюбу. Яны дзеляцца на асабістыя немаёмасныя і маёмасныя.

Да асабістых немаёмасных правоў мужа і жонкі адносяцца:

  • • права на сумеснае рашэнне пытанняў жыцця сям’і па згодзе абаіх на аснове роўнасці;
  • • права на свабодны выбар прафесіі, заняткаў і месца жыхарства;
  • • права на выбар прозвішча пры заключэнні шлюбу.
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і

Артыкул 21. Пры заключэнні шлюбу муж і жонка па сваім жаданні выбіраюць прозвішча аднаго з іх у якасці агульнага прозвішча або кожны з іх захоўвае сваё дашлюбнае прозвішча.

Сямейная пара або хтосьці з яе ўдзельнікаў можа выбраць падвойнае прозвішча, якое складаецца з дашлюбных прозвішчаў мужа і жонкі. Калі падвойнае прозвішча жадаюць мець абое, па іх згодзе вызначаецца, з якога дашлюбнага прозвішча яно будзе пачынацца.

Злучэнне больш як двух прозвішчаў не дапускаецца. Калі да ўступлення ў шлюб муж і жонка ці адзін з іх мелі падвойнае прозвішча, па іх згодзе вызначаецца, з якіх частак дашлюбных прозвішчаў будзе складацца новае прозвішча.

Муж і жонка абавязаны будаваць свае адносіны ў сям’і на аснове ўзаемапавагі і ўзаемадапамогі, справядлівага размеркавання сямейных абавязкаў, садзейнічання ў рэалізацыі кожным з іх права на мацярынства (бацькоўства), фізічнае і духоўнае развіццё, атрыманне адукацыі, праяўленне сваіх здольнасцей, працу і адпачынак.

Да маёмасных адносін мужа і жонкі належаць адносіны з нагоды маёмасці, якая знаходзіцца ў агульнай сумеснай уласнасці, і адносіны па ўзаемным утрыманні.

Для сямейнай пары дзейнічае рэжым агульнасці маёмасці. Маёмасць, нажытая мужам і жонкай у перыяд шлюбу, незалежна ад таго, на імя каго з іх яна набыта або кім з іх унесены грашовыя сродкі, з’яўляецца іх агульнай сумеснай уласнасцю, яны маюць роўныя правы ў адносінах да гэтай маёмасці. Муж і жонка карыстаюцца роўнымі правамі на сумесна нажытую маёмасць і ў тым выпадку, калі адзін з іх у перыяд шлюбу быў заняты вядзеннем хатняй гаспадаркі, доглядам дзяцей або з іншых уважлівых прычын не меў самастойнага заробку (даходу).

Уласнасцю кожнага з сямейнай пары з’яўляецца маёмасць, якая належала кожнаму да заключэння шлюбу, а таксама атрыманая імі ў перыяд шлюбу ў падарунак (паводле дагавора дарэння) або ў спадчыну. Рэчы індывідуальнага карыстання (адзенне, абутак і г. д.), за выключэннем каштоўнасцей і іншых прадметаў раскошы, няхай і набытыя ў перыяд шлюбу за кошт агульных сродкаў мужа і жонкі, прызнаюцца маёмасцю таго з іх, хто імі карыстаўся.

Муж і жонка абавязаны матэрыяльна падтрымліваць адно аднаго. Пры адмаўленні ў такой падтрымцы ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, напрыклад, калі хтосьці з сямейнай пары з’яўляецца непрацаздольным, ён можа ў судовым парадку патрабаваць прадастаўлення ўтрымання ад другога, калі той валодае неабходнымі для гэтага сродкамі.

Асобы, якія ўступаюць у шлюб (і сямейная пара ў час шлюбу) могуць заключыць шлюбны дагавор, у якім могуць вызначыць свае правы і абавязкі інакш, чым прадугледжана ў заканадаўстве. Напрыклад, у шлюбным дагаворы можна вызначыць, што каштоўнасці і іншыя прадметы раскошы, набытыя ў перыяд шлюбу за кошт агульных сродкаў мужа і жонкі, прызнаюцца маёмасцю таго ўдзельніка сямейнай пары, хто імі карыстаўся; аўтамабіль, набыты ў час шлюбу, з’яўляецца ўласнасцю аднаго з іх і г. д.

icon-discussions
Як вы лічыце, ці спрыяе шлюбны дагавор умацаванню сям’і? Прывядзіце аргументы за і супраць шлюбнага дагавора.