§ 14. Асновы сямейнага права
Паняцце сямейнага права. Сямейнае права — гэта галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што рэгулююць асабістыя немаёмасныя і звязаныя з імі маёмасныя адносіны, якія ўзнікаюць паміж грамадзянамі (фізічнымі асобамі) на аснове шлюбу, сваяцтва, усынаўлення (удачарэння) і іншых форм уладкавання дзяцей на выхаванне ў сям’ю.
Сямейнае права рэгулюе важныя для кожнага чалавека адносіны, якія ўзнікаюць паміж членамі сям’і. Сям’я з’яўляецца найважнейшым сацыяльным інстытутам, адыгрывае асаблівую ролю ў станаўленні кожнага чалавека, забяспечваючы яго выхаванне і першасную сацыялізацыю. У сям’і чалавек засвойвае асноўныя сацыяльныя веды, маральныя перакананні, агульнапрызнаныя маральныя нормы.
Варта ўлічваць, што не ўсе адносіны, якія ўзнікаюць паміж членамі сям’і, могуць быць урэгуляваны нормамі права (каханне, павага і пад.). Сямейнае права выступае рэгулятарам асобных аспектаў сямейнага жыцця, якія дапускаюць прававую рэгламентацыю, і непарыўна звязана з маральнымі прынцыпамі пабудовы ўзаемаадносін паміж блізкімі людзьмі.
У адрозненне ад грамадзянскіх праваадносін, сямейныя праваадносіны характарызуюць асаблівыя падставы ўзнікнення (шлюб, блізкае сваяцтва, прыняцце дзяцей на выхаванне ў сям’ю), правы і абавязкі суб’ектаў сямейных праваадносін не адчужаюцца і не перадаюцца іншым асобам.
Асноўнай крыніцай права, якая рэгулюе сямейныя адносіны ў Рэспубліцы Беларусь, з’яўляецца Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. Рэгуляванне сямейных адносін накіравана на рашэнне такіх важных задач, як умацаванне сям’і; пабудова сямейных адносін на добраахвотным шлюбным саюзе жанчыны і мужчыны, роўнасці правоў мужа і жонкі ў сям’і, узаемным каханні, павазе і ўзаемадапамозе ўсіх членаў сям’і; забеспячэнне спрыяльных умоў для развіцця і станаўлення кожнага дзіцяці.
Шлюб — гэта добраахвотны саюз мужчыны і жанчыны, які заключаецца на ўмовах, прадугледжаных заканадаўствам, накіраваны на стварэнне сям’і і спараджае для бакоў узаемныя правы і абавязкі. Такім чынам, шлюб заключаецца для стварэння сям’і. З юрыдычнага пункту погляду, сям’я — гэта аб’яднанне асоб, звязаных паміж сабой маральнай і матэрыяльнай агульнасцю і падтрымкай, вядзеннем агульнай гаспадаркі, правамі і абавязкамі, якія выцякаюць са шлюбу, а таксама блізкага сваяцтва, усынаўлення.
У Рэспубліцы Беларусь прызнаецца толькі шлюб, заключаны ў органах, што рэгіструюць акты грамадзянскага стану. Да іх, напрыклад, належаць аддзелы запісу актаў грамадзянскага стану (аддзелы ЗАГС) мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, Дамы (Палацы) грамадзянскіх абрадаў гарадскіх выканаўчых камітэтаў. Рэлігійныя абрады, якія датычацца пытанняў шлюбу і сям’і, прававога значэння не маюць. Не спараджае юрыдычных правоў і абавязкаў мужа і жонкі сумеснае пражыванне і (ці) вядзенне агульнай гаспадаркі без рэгістрацыі заключэння шлюбу.
Для заключэння шлюбу патрабуецца выкананне пэўных умоў.
Мужчына і жанчына, якія бяруць шлюб, абавязаны прысутнічаць пры рэгістрацыі заключэння шлюбу. Па іх жаданні рэгістрацыя можа быць праведзена ва ўрачыстай абстаноўцы. Рэгістрацыя заключэння шлюбу праз прадстаўніка не дапускаецца.
Шлюб спыняецца ў выніку смерці або абвяшчэння ў судовым парадку памерлым мужа ці жонкі, а пры іх жыцці — у выніку скасавання шлюбу. Пры жыцці мужа і жонкі шлюб можа быць скасаваны судом або органам, які рэгіструе акты грамадзянскага стану (па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, якія не маюць агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчак у дачыненні маёмасці).