§ 13. Асновы грамадзянскага права
Суб’екты грамадзянска-прававых адносін. Удзельнікамі (суб’ектамі) адносін, якія рэгулююцца грамадзянскім правам, выступаюць грамадзяне (фізічныя асобы) і юрыдычныя асобы Рэспублікі Беларусь, а таксама Рэспубліка Беларусь і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі (часта выкарыстоўваецца абагульнены тэрмін — дзяржава).
Юрыдычная асоба — гэта арганізацыя, якая валодае адасобленай маёмасцю, нясе самастойную адказнасць па сваіх абавязацельствах, ад свайго імя набывае і ажыццяўляе маёмасныя і асабістыя немаёмасныя правы, выступае ў судзе. Пры гэтым трэба разумець, што, нават валодаючы такімі прыметамі, не кожная арганізацыя з’яўляецца юрыдычнай асобай, а толькі тая, якую дзяржава прызнала юрыдычнай асобай. Асноўным спосабам такога прызнання выступае дзяржаўная рэгістрацыя юрыдычнай асобы, што пацвярджаецца ўключэннем у Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб (http://egr.gov.by).
Юрыдычная асоба можа стварацца з рознымі мэтамі, у сувязі з чым вылучаюць камерцыйныя і некамерцыйныя арганізацыі. Камерцыйныя арганізацыі асноўнай мэтай дзейнасці маюць атрыманне прыбытку. Стварацца камерцыйныя арганізацыі могуць толькі ў формах, прадугледжаных ГК. Найбольш запатрабаванымі ў практыцы з’яўляюцца такія юрыдычныя асобы, як таварыствы з абмежаванай адказнасцю і акцыянерныя таварыствы, а таксама ўнітарныя прадпрыемствы. Некамерцыйныя арганізацыі ствараюцца для дасягнення канкрэтных дабрачынных, культурных, адукацыйных і іншых мэт, накіраваных на дасягненне грамадскіх даброт. Яны не ставяць на мэце атрыманне прыбытку. Такімі, у прыватнасці, з’яўляюцца палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, рэлігійныя арганізацыі, спажывецкія кааператывы і інш.
Дзяржава ўдзельнічае ў адносінах, якія рэгулююцца грамадзянскім правам, нароўні з грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі, а значыць, не можа праяўляць у такіх адносінах уласцівыя ёй уладныя паўнамоцтвы ў дачыненні да іншых удзельнікаў грамадзянска-прававых адносін. Як суб’ект грамадзянскага права дзяржава выступае, напрыклад, пры выкупе ёю будынкаў, пабудоў, якія знаходзяцца на зямельным участку, што вымаецца для дзяржаўных патрэб. У дзяржаўную уласнасць перадаюцца знойдзеныя ў выглядзе скарбу матэрыяльныя каштоўнасці, прызнаныя гістарычнай, культурнай каштоўнасцю.