§ 11-12. Канстытуцыйнае і выбарчае права

Рэферэндумы ў Рэспубліцы Беларусь. Важным элементам непасрэднай дэмакратыі з’яўляюцца рэферэндумы. Рэферэндум — гэта галасаванне, шляхам якога грамадзяне прымаюць рашэнні па найважнейшых пытаннях дзяржаўнага і грамадскага жыцця.

Рэферэндумы могуць быць некалькіх відаў:

  • • у залежнасці ад тэрыторыі правядзення вылучаюць рэспубліканскія (разглядаюцца пытанні рэспубліканскага значэння) і мясцовыя (разглядаюцца пытанні, якія маюць значэнне для адпаведнай часткі тэрыторыі дзяржавы);
  • • па абавязковасці рашэння вылучаюць імператыўныя (рашэнне носіць абавязковы характар) і кансультацыйныя рэферэндумы;
  • • у залежнасці ад неабходнасці правядзення вылучаюць абавязковыя (калі рашэнне можа быць прынята толькі рэферэндумам) і факультатыўныя (калі рэферэндум з’яўляецца толькі адным з магчымых спосабаў прыняцця рашэння) рэферэндумы;
  • • па прадмеце вылучаюць канстытуцыйныя (па пытаннях змянення і дапаўнення Канстытуцыі) і звычайныя (па ўсіх іншых пытаннях) рэферэндумы.
icon-task

Вызначце розніцу паміж нормамі адносна колькасці галасоў, неабходных для прыняцця рашэння звычайным і канстытуцыйным рэферэндумамі.

У спісы выбаршчыкаў на рэферэндум у краіне Х унесена 1000 чалавек. Яўка склала 80 %. Колькі галасоў «за» будзе дастаткова для прыняцця рашэння, калі гэта звычайны рэферэндум, і колькі галасоў «за» неабходна для прыняцця рашэння, калі гэта канстытуцыйны рэферэндум? 

Рэферэндумы праводзяцца шляхам усеагульнага, свабоднага, роўнага і тайнага галасавання. Лічыцца, што рэферэндум адбыўся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш за палову грамадзян, унесеных у спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у рэферэндуме. Рашэнні, прынятыя рэферэндумам, могуць быць скасаваны або зменены толькі шляхам рэферэндуму (калі іншае не будзе вызначана самім рэферэндумам).

У Рэспубліцы Беларусь рэферэндум праводзіўся тройчы — 14 мая 1995 г., 24 лістапада 1996 г. і 17 кастрычніка 2004 г.